04 Мая, 2024 Суббота

Маладзечанскі дзіцячы сад упрыгожылі выцінанкай

  • 21 декабря 2017 Культура Беларуская 0

    Углядаючыся ў сюжэты выцінанак, выкананых з бялюткай паперы, трапляеш у сапраўднае зімовае казачнае царства. Адна сцяжынка вядзе ў дзіўны лес, іншая – да ўрачыстых палацаў з купаламі, а некаторыя – да мудрагелістых вежаў… Па шкляных прасторах «вандруюць» не толькі выхаванцы дзіцячага сада і іх бацькі. Спыняюцца ў захапленні і прахожыя. Традыцыя ўпрыгожваць сад выцінанкай з’явілася ў дашкольнай установе больш за пяць гадоў таму дзякуючы памочніку выхавальніка Зоі Целяшчук. Яна тут працуе 30 гадоў. Дарэчы, яе шлях на работу няблізкі: Зоя Іванаўна жыве ў Адамавічах, да сада дабіраецца пешшу. Але жанчыне так падабаецца работа, што ніколі нават думкі не ўзнікала змяніць яе.

    … Выцінанкай Зоя захапляецца з юнацтва. За гэты час не адны манікюрныя нажніцы зламала — менавіта імі яна выразае папяровыя сюжэты. Спачатку вучылася па спецыяльных кнігах і часопісах. Апошнім часам «на выручку» прыходзіць інтэрнэт, дзе нярэдка бярэ цікавыя творчыя ідэі. Найбольш цяжка, на погляд майстрыхі, зрабіць далікатную ўзорыстую сняжынку, падобную на сапраўдную. Але і гэта яе ўмелыя рукі могуць.

    Да навагодняга аздаблення дзіцячага сада яна пачынае рыхтавацца яшчэ ў лістападзе. Сёлета на ўпрыгажэнне пайшло 250 лістоў офіснай паперы ды яшчэ рулон для ксеракса. Дашкольная ўстанова аформлена ў адзіным сюжэтным стылі. Нібыта кружыць снегапад і ў летуценным карагодзе сняжынак адбываюцца цуды… Шкада толькі, што зімовае ўбранне для вокнаў недаўгавечнае – усяго на адзін сезон. Папера хутка жаўцее.

    Зоя захапіла выцінанкай многіх сваіх калег. Надзейнай памочніцай у афармленні памяшканняў стала для яе Вольга Іванкевіч, якая таксама працуе памочнікам выхавальніка ўжо 30 гадоў. Жанчына з захапленнем расказвае, як больш за гадзіну выразала папяровы замак. І паказвае на цудоўнае ўпрыгажэнне, замацаванае на акне.

    З кагорты самых творчых і Святлана Новік. Памочнік выхавальніка таксама з амаль 30-гадовым стажам займаецца не толькі выцінанкай. З камянёў, цэменту і пяску яна вырабляе незвычайныя скульптуры, якія потым размалёўвае рознымі фарбамі. Каменныя шэдэўры Святланы – жывёлы, насякомыя, птушкі, расліны — упрыгожваюць тэрыторыю дашкольнай установы. Такім чынам, дзеці могуць вандраваць па царстве прыроды і вывучаць яе таямніцы. Святлана Віктараўна і многія іншыя работнікі сада ходзяць на работу… з камянямі за пазухай (у прамым сэнсе). А як жа інакш! Так пакрысе і з’яўляюцца незвычайныя скульптуры. Адна з памочнікаў выхавальніка прывезла камень аж са Смаргоні. У выніку з яго атрымалася дзіўная чарапаха. Як кажуць, вучыцеся бачыць незвычайнае ў звычайным…

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Ірына РАБУШКАМаладзечанская газета

Комментарии (0)