18 Апреля, 2024 Четверг

У музеі-сядзібе "Пружанскі палацык" адкрылася новая выстава і прайшоў мастацкі пленэр

  • 27 декабря 2017 Культура Беларуская 0

    Здаецца, што раней я не бачыла Палацык у такой восеньскай  ілюмінацыі фарбаў: золата і рубіны лісця, ізумруд і малахіт кастрычніцкага неба, і ён – белы мадэрновы сталактыт… І ўсё гэта дзякуючы мастакам, якія прыехалі ў Пружаны на штогадовы пленэр, – сябрам арт-суполкі “Абуджэнне”: Яўгену Шунейка, Васілю Грыневічу, Анатолю Маразюку і Андрэю Лычкоўскаму. Пра апошняга трэба распавесці падрабязней, бо акурат у мінулую нядзелю ў палацыку адкрылася яго персанальная выстава – “Прысвячэнне Пружаншчыне”.

    Творца нарадзіўся ў 1956 годзе ў вёсцы Яршы Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. Вышейшую мастацкую адукацыю атрымаў у Маскоўскім народным універсітэце мастацтваў імя Крупскай. Потым вучыўся ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.

    Сёння Андрэй Міхайлавіч – вядомы мастак, вопытны выкладчык і адзін  з  самых  актыўных  у  Беларусі пейзажыстаў-перасоўнікаў,  які  на  працягу  многіх  гадоў   арганізоўвае  супольныя  і персанальныя  мастацкія  выставы  ў сталіцы і розных аддаленых кутках Беларусі. Мінск, Баранавічы, Полацк, Пінск, Ліда, Навагрудак, Слонім… – яго  творы  экспанаваліся  ў выставачных  залах многіх музеяў краіны, неаднаразова сустракаў яго і Пружанскі палацык.

     

    Нагадаем, што тры гады таму з выставы, прысвечанай нашаму знакамітаму земляку Станіславу Жукоўскаму, і пачалося творчае супрацоўніцтва сябраў мастацкага аб’яднання ”Абуджэнне” з Пружанскім музеем. Таму невыпадкова, што шмат шчырых слоў і добрых пажаданняў ад мастакоў прагучала ў адрас нашага горада на адкрыцці выставы. 

    – Пружаншчына – гэта чароўны край святла, шчырай чалавечай душы,  які ўсім сваім сэрцам, усёй сваёй прыгажосцю разгортваецца перад мастаком. Як толькі ступаешь на гэтую зямлю, адразу адчуваешь надхненне і нястрымнае жаданне тварыць. Таму нядзіўна, што сюды завітаў вядомы мастак XXI стагоддзя, вольны ад сацыяльных заказаў і наменклатурных павеваў і пераменаў. У яго адзін заказчык – прырода, і перадае яе мастак у асаблівым аўтарскім стылі,  – зазначыў прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Яўген Шунейка. – Андрэй Лычкоўскі адмаўляецца адлюстроўваць толькі бачную рэчаіснасць (як натуралісты) або імгненнае ўражанне (як імпрэсіяністы), а імкнецца да дэкаратыўнай стылізацыі навакольнага свету, яго сутнасных станаў. Невыпадкова ў мастацкім асяродзі  яго параўноўваюць з Ван Гогам. Аднак у адрозненні ад галандца ён карыстаецца вялікім поспехам на радзіме, бо наші беларусы чуйныя да хараства. Лычкоўскі адкрывае нанова нашу краіну, вышейшыя яе каштоўнасці і яскравейшую палітру…

    Сам Андрэй Міхайлавіч Лычкоўскі шчыра дзякаваў усім пружанскім аматарам мастацтва за праяўленую зацікаўленасць да яго прац, дзякаваў і супрацоўнікам музея, якія, на яго думку, сваёй актыўнай дзейнасцю ператвараюць маленькі горад Пружаны ў сапраўдную сталіцу мастацтва Берасцейшчыны. Падкрэсліў, што наш прыгожы горад і старажытны парк дораць неверагоднае натхненне і нестрымнае жаданне тварыць. 

    – Такіх цёплых прыёмаў нам нідзе не давялося адчуваць. Чым далей ад вялікіх гарадоў – тым больш музыкі, песень, святочнага настрою і хараства навокал. Сёння адбываецца сапраўдны шлюб мастакоў з вашай прыгожай пучшанскай зямлёй. Нездарма на наша свята завіталі і такія спраўныя музыкі, – аддзячыў майстар і музыкантам з асамбля народных інструментаў ГДК “Акарына” (мастацкі кіраўнік Дзмітрый Кавалевіч), якія на працягу ўсёй імпрэзы падтрымлівалі святочны настрой.

    Адметным было і тое, што адкрыццё  выставы   суправаджалася  майстар-класам  ад Яўгена Шунейкі,  які маляваў партрэты ўсіх жадаючых. У пружанскіх аматараў мастацтва з’явілася магчымасць на свае вочы ўбачыць, як на бумазе зараджаецца прыгажосць, як рысачка за рысачкай ажывае вобраз, узбагачаюцца адценні і расставляюцца акцэнты, дзякуючы якім на малюнку пачынае праступаць характар і індывідуальнасць асобы.

    Але, вядома, наібольш уражанняў гледачы атрымалі ад экспрэсіўных  карцін галоўнага “віноўніка” ўрачыстасці. Жывыя  і  натуральныя  матывы  беларускай  прыроды  зайгралі на палотнах Андрэя Лычкоўскага  не па-восеньскі яскравымі сонечнымі адценнямі і, здавалася, прынеслі ў залу асаблівае цяпло.

    Цэнтральнае  месца на выставе займае твор “Vincent”. Гэта той галоўны “цвік”, на якім трымаецца філасофія ўсёй творчасці Андрэя Лычкоўскага, дзе разам з “вангогаўскім” пастаральным сюжэтам пануюць свет і таемнасць колераў, рух і спакой ліній, дзе рытм тонкіх і моцных мазкоў пэндзля рушыць праекцыю і ўзмацняе псіхаэмацыйную нагрузку карціны.

    Сапраўдны Лычкоўскі  – гэта ціхія і адначасова ўзрыўныя колеры: шэра-зялёная вясна і ярка-ружовы бэз, цёмна-сіняя рака з небам і сакавіта-зялены луг. І тут жа – моцны акцэнт на архітэктуру. На фоне прыгоды паўстаюць палацык, ваданапорная вежа і нават целы фантасмагарычны праспект – жыццё і штучнасць існуюць побач.

    Спяшайцеся паглядзець на гэту прыгажосць! Выстава будзе экспанавацца  па 22 лістапада.

    На фота ўнізе: падчас пленэра.

     

    Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча

    Автор: Алена ЗялевічРаённыя будні

Комментарии (0)