20 Апреля, 2024 Суббота

"Пружанскі палацык" раскрывае таямніцы фондаў…

  • 23 января 2018 Культура Беларуская 0

    «Новыя набыткі музея»

    Так называецца своеасаблівая справаздачная выстава, якую сёння ладзіць музей-сядзіба “Пружанскі палацык”. Увазе наведвальнікаў прапанавана больш за сотню цікавых прадметаў з розных калекцый — вынік працы па зборы, вывучэнні і ўзбагачэнні музейных фондаў за 2014-2017 гады.

    Пружанскі музей — гэта не толькі прыгожыя карціны і мэбля. Навуковыя супрацоўнікі вядуць рэгулярныя пошукі розных рарытэтаў, якія жыхары Пружаншчыны аддаюць музею ў дар. Добрай крыніцай новых паступленняў апошнім часам з’яўляецца і Брэсцкая мытня, якая перадала ўжо не адзін дзясятак каштоўнасцей. У сярэднім фонд палацыка папаўняецца амаль на 500 прадметаў штогод…

    Што ж можна ўбачыць на новай выставе?

    Першым, як і належыць, на ўваходзе вас сустрэне масіўны дзвярны званочак у выглядзе каня. Дзынь-дзынь — і ён “перанясе” вас у мінулае…

    Пачэснае месца займае шыкоўны “дэсертны буфет” з мармуровай стальніцай сярэдзіны ХІХ ст., застаўлены далікатнымі фаянсавымі талеркамі пачатку ХІХ ст. і прыгожым настольным люстэркам у залачонай раме. Над усёй гэтай кампазіцыяй узвышаецца насценны гадзіннік канца ХІХ стагоддзя з рэльефным аздабленнем, з якім ва ўнісон “спявае” будзільнік сярэдзіны ХІХ стагоддзя.

    Побач — дзве тумбы з прадметамі побыту і іншымі арыгінальнымі рэчамі. Чаго тут толькі няма?! Медная ступа, вялікая чыгунная мясарубка, старадаўнія нажніцы для стрыжкі авечак, чыгунны цыркуль і нямецкі чыгуначны ліхтар 1920-30 гг., які працаваў на карбідзе і асвятляў цемру ацэтыленам (!), а таксама неверагодны драўляны канёк з каваным лязом, які ў першай палове ХХ ст. узімку вымалёўваў на лёдзе ўзоры. Усё гэта сёння можна ўбачыць хіба толькі ў кіно!

    Абавязкова прыцягнуць вашу ўвагу і фігурныя шкляныя чарнільніцы, маленькія бутэлечкі, прыгожая каробачка ад галандскага печыва “Verkade” пачатку ХХ ст., якое, мяркуючы па абгортцы, было неверагодна смачным.

    Медны армейскі кацялок часоў Першай сусветнай вайны, кантэйнер ад нямецкага артылерыйскага снарада з апошняй вайны, друкарская машынка “Olympia” (з заходняй зоны акупацыі Германіі) перанясуць вас у часы не такія далёкія і не такія шчаслівыя… Аднак сапраўднае амерыканскае банджа (музычны струнны інструмент), пераліўныя мінералы ад “гаспадыні меднай гары”, прыгожыя вышытыя кашулі, сурвэткі і іншыя аўтэнтычныя рэчы вернуць вам добры настрой.

    Адметна, што навінкі сваіх фондаў пружанскі музей экспануе не ў першы раз, і заўсёды падобныя выставы нясуць нашаму грамадству дакладныя веды пра культуру і гісторыю, даюць стымул разважаць пра час, абуджаюць у гледачоў эмацыянальнае ўспрыманне мінулага. Цікаўныя наведвальнікі “ад мала да вяліка” даведваюцца, што ўяўляюць сабой зборы музея і, магчыма, пры жаданні змогуць іх папоўніць.

    Выстава працягне сваю работу да канца студзеня 2018 года, але раю не адкладваць візіт у музей на потым, калі надвор’е перастане спрыяць вашай дапытлівасці!

    Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).

    Автор: Алена ЗялевічРаённыя будні

Комментарии (0)