25 Апреля, 2024 Четверг

"Цары" ідуць, шчасце ў дом нясуць

  • 30 января 2018 Культура Беларуская 0

    За ўнікальнай аўтэнтычнай традыцыяй, якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцейБеларусі, Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, назіралі і мясцовыя жыхары, і госці з розных куткоў Беларусі і нават блізкага замежжа. За калядным абрадам пільна сачылі і дзясяткі фота- і відэакамер розных сродкаў масавай інфармацыі.

    Ужо каля 16 гадзін у цэнтральным парку населенага пункта разгарнуўся вялікі кірмаш. Для аматараў нацыянальнай беларускай кухні смачныя стравы прадставілі клубнае аб’яднанне «Лоц-вінскія ўдалухі»  (здымак 1), работнікі Жыліхаўскага і Бучацінскага СДК. Даспадобы прыйшлася  выстава-продаж ААТ «Семежава», дзе можна было сагрэцца гарачым чаем ці паспытаць духмянага шашлыка. Разнастайныя прысмакі для гасцей свята прапаноўвалі дамашні падворак пераможцаў рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта «Уладар вёскі» сям’і Літвіных, а таксама гаспадыня Наталля Сафронава са сваёй выпечкай. Прыгожую прадукцыю можна было набыць на выставе-продажы майстроў раённага Цэнтра ткацтва, народнага клуба «Скарбонка», раённага цэнтра традыцыйнай культуры. Ну а які ж Шчадрэц ды без варажбы! Даведацца пра сваю будучыню гасцям свята прапаноўвалі «варажбіткі» з Руднянскага клуба-бібліятэкі і Цімкавіцкага СДК. Шмат удзельнікаў каляднага кірмашу паспыталі шчасця ў бяспройгрышнай латарэі, арганізаванай Ляшнянскім клубам-бібліятэкай.

    Тым часам ля Семежаўскага Цэнтра культуры і вольнага часу ішла забаўляльная праграма (здымак 3). Пад гукі цудоўных песень у выкананні групы «Сяброўкі» раённага Цэнтра культуры, вакальных калектываў Навасёлкаўскага СДК (здымак 2) і Ляшнянскага клуба-бібліятэкі госці з задавальненнем пускаліся ў скокі.

    Бліжэй да пяці гадзін вечара ў цэнтр каляднага дзейства роўным строем увайшлі калектывы «Цароў» — малодшы (здымак 4) і старэйшы. Галоўныя героі ўнікальнага свята, апранутыя ў белыя штаны і кашулі, чырвоныя семежаўскія паясы з геаметрычным арнаментам, крыж-накрыж завязаныя на грудзях, і высокія шапкі з рознакаляровымі папяровымі стужкамі, у суправаджэнні каларытных персанажаў Механошы, Дзеда і Бабы на вачах гледачоў разыгралі драму «Цар Максімільян». Пасля прадстаўлення хлопцы накіраваліся па азначаных маршрутах, дзе іх ужо зачакаліся семежаўцы. У суправаджэнні шматлікіх гасцей і мясцовых жыхароў калядны гурт наведваў хату за хатай, дэманструючы даўні прыгожы абрад. Але, бясспрэчна, усе назіральнікі, якія крочылі за «Царамі», чакалі прыцемкаў. І вось, калі Шчодры вечар набраў сілу і ўжо пачало змяркацца,  хлопцы запалілі факелы, і калядны строй рушыў скрозь цемру, каб прынесці шчасце ў чарговы дом…

    Упершыню сведкамі каляднага дзейства сталі госці са сталіцы, якія з задавальненнем падзяліліся ўражаннямі:

    —  Разам з мужам на ўласным аўто прыехалі ўбачыць гэтае цудоўнае відовішча. «Цары» — адзіны калядны абрад, які занесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, — падзялілася  Кацярына Прасняк. — У інтэрнэце ёсць шмат інфармацыі, але вельмі захацелася пагля-дзець на яго ўжывую. Прыемна было назіраць за хлопцамі — удзельнікамі абраду. Яны настолькі захоп-леныя дзействам, што яно атрымліваецца эмацыянальным і вельмі шчырым. Спа-дзяёмся, што прыедзем сюды і ў наступным годзе.

    — Пра абрад даўно даведалася з інтэрнэта.  Але, на жаль, не даводзілася прыехаць раней. Атрымалася вось толькі цяпер, калі выйшла на пенсію. Вельмі цікавы, незвычайны і цёплы аўтэнтычны абрад. Прыехала я ў скла-дзе групы, якую прапанавала арганізацыя «Культура роднага краю», — адзначыла мінчанка Галіна Біцяй. — Некалі я і сама прымала ўдзел у калядаваннях. Але тут дзейства сапраўды вельмі відовішчнае. Словы абраду нават вывучылі на памяць. Спадабаўся і калядны кірмаш у цэнтры населенага пункта. Дадому паедзем з вельмі добрымі ўражаннямі.

    Автор: Сяргей ЛАЗОЎСКІСлава працы
    Теги: 

Комментарии (0)