27 Апреля, 2024 Суббота

А вось і цыбрыкі

  • 02 февраля 2018 Культура Беларуская 0

    Цыбрыкі. Ці чулі вы назву гэтай беларускай стравы? А, можа, старадаўні рэцэпт іх гатавання ведаюць вашы маці і бабулі? Усё можа быць, таму што гэтыя бульбяныя шарыкі з начынкай вядомыя на Полаччыне ўжо больш за стагоддзе.

    Даведацца пра гэтую і іншыя стравы белару­скай кухні, а менавіта пра тыя, якія гатуюць доўгажыхары Полацкага раёна, заклікае першая частка праекта «Полаччына гасцінная». Супрацоўнікі Полацкага раённага Цэнтра культуры прыдумалі яе крэатыўную рэалізацыю: праз блог для моладзі «Смачнае падарожжа Надзейкі» ў Інтэрнэце. Сут­насць у наступным: гарадская дзяўчына Надзея падарожнічае па Полацкім раёне і вучыцца гатаваць беларускія стравы, якія любілі нашы продкі. Дзяўчына праз інтэрв’ю з сельскімі гаспадынямі, прымаючы ўдзел у гатаванні страў, вывучае рэдкія рэцэпты, а потым дзеліцца імі з усімі жа­даючымі юнакамі і дзяўчатамі, якіх зацікавіць гэты гастрана­мічны праект.

    Першыя відэастаронкі новага творчага прадукту рыхтаваліся на бягучым тыдні. Надзейка пазнаёмілася з доўгажыхаркай вёскі Багатырская Раісай Міхайлаўнай Ракіцкай, якая з задавальненнем расказала і паказала ёй працэс гатавання бульбяных цыбрыкаў з грыбной начынкай (якую яна назвала ласкава «душа») і напою «Раўгеня», які гатуецца з жытняй мукі, мёду і дражджэй. Гэтыя стравы калісьці гатавалі бабуля і маці гаспадыні.

    Надзейка атрымала сапраўдную асалоду ад зносін з гаспадыняй, ад гатавання стравы на печы і апетытнага водару падсмажаных цыбрыкаў, які распаўсюдзіўся па вялікай сельскай хаце. Дзяўчына спявала аутэнтычныя песні разам з суседкамі гаспадыні — фальклорным калектывам Багатырскага СДК «Голас Спадчыны». Пра ўсе гэтыя ўражанні і пра смак новай стравы, якую яна адкрыла для сябе, дзяўчына раскажа падпісчыкам свайго блога і ў сацыя­льных сетках.Далейшы шлях Надзейкі вясной будзе ляжаць у вёску Кушлікі, дзе яна даведаецца пра рэцэпт крупяных бліноў, летам яна навучыцца гатаваць дамашні сыр з казінага малака, увосень яе чакае знаёмства з традыцыямі памінальнай кухні полацкага рэгіёну, а ў снежні надыйдзе час гатавання дамашняй каўбасы. Адпаведна з планамі, за год плануецца запісаць некалькі цікавых смачных падарожжаў Надзейкі.

    Свой новы блог дапытлівая дзяўчына (Надзея Зайцава, метадыст Полацкага раённага Цэнтра культуры) вядзе на роднай беларускай мове. Гэта акалічнасць, безумоўна, таксама паспрыяе далучэнню мола­дзі да сваіх каранёў, праяўленню цікавасці да Спадчыны. Жадаеце падарожнічаць разам з На­дзейкай? Калі ласка, станавіцеся падпісчыкам блога, пішыце каментарыі, вучыцеся гатаваць новыя беларуская стравы і частуйце сваіх гасцей, напрыклад, смачнымі, залацістага колеру, цыбрыкамі.

    Автор: Аліна БальшаковаПолацкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)