17 Августа, 2018 Пятница

"Птушка творчасці" ў Віцебску

  • 05 февраля 2018 Культура Беларуская 0

    23 студзеня аматары дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сустрэліся ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці на выставе дубровенскіх майстроў “Творчасці ня­злоўленая птушка”.

    —Гэтай выставай мы адзначаем 20-ую гадавіну існавання народнага клуба майстроў “Дубрава” раённага Дома рамёстваў. Але трэба сказаць, што гэта не адзіны юбілей у нашым калектыве, — расказала Вольга Аляксеева, кіраўнік клуба. — Сёлета споўніцца пяць год нашаму пленэру “Дубровенскія краявіды”, на які ў нас вялікія надзеі і планы.

    Таксама кожныя тры гады клубу неабходна па­цвярджаць сваё званне. Вольга Сяргееўна адзначыла, што на яе памяці гэта ўжо чацвёртае пацвяр­джэнне кваліфікацыі, і яна была ўпэўнена ў поспеху.

    —Удзельнікі нашага клуба актыўныя людзі і ў твор­часці, і ў жыцці. Яны развіваюць розныя творчыя напрамкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прымаюць удзел у конкурсах і розных мерапрыемствах, — расказала Вольга Аляксеева.

    Сёння майстры народнага клуба “Дубрава” берагуць, адраджаюць і працягваюць традыцыі ганчароў, кавалёў, ткачоў і іншых майстроў Дубровеншчыны мінулых гадоў. Так, экспазіцыя свістулек і ганчар­ства была прадстаўлена работамі Людмілы Чарвінскай, якая адрадзіла знакамітую свістульку Ганны Марачовай. Дарэчы, свістулька — гэта спадарожнік народнага ганчар­ства чорнага дымлення, якім на сённяшні дзень у клубе займаецца майстар Вікторыя Чакан, а мелкая пластыка прадстаўлена работамі Настассі Рудзь і Вольгі Аляксеевай.   У тэхніцы аплікацыі саломкай працуюсь Галіна Шаўчэнка, саламяныя скульптуры былі прадстаўлены работамі вядучага майстра Зоі Сімуцінай, якая акрамя гэтага займаецца вышыўкай і ткацтвам паясоў. Дубровенскія майстры прадставілі на суд гледачоў і гасцей выставы сцэнічныя касцюмы, аб’яднаныя агульнай назвай “Блакітная рапсодыя”. Па распрацаваным Вольгай Аляксеевай эскізам Святлана Дземянкова пашыла цудоўныя сукенкі, а Наталля Чарткова аздобіла іх дэкорам аплікацыі з саломкі.

    У дэфіле касцюмаў удзельнічалі Лізавета Шышко, Дыяна Марэцкая і Валерыя Моўчан, вучаніцы 9 “Б” класа сярэдняй школы №1 г.Дуброўна. Калектыў клуба вельмі ўдзячны і віншуе дзяўчынак з дэбютам.

    Карункі на экспазіцыі прадстаўлялі майстры Наталля Дзеравяшка, Алеся Чамурака, Таццяна Амбросава. Вышыўкай у клубе займаюцца Надзея Кускова, Таццяна Дробат (традыцыйныя ручнікі), Любоў Окалава, Алёна Рэзкая, Галіна Цітова, якія вышываюць цэлыя карціны-пано. Напрамак традыцыйнай коўдры, пакрывал і палавічак у тэхніцы лапікавага шыцця ў клубе прадстаўляюць Святлана Дземянкова, Ірына Старавойтава, Клаўдзія Гарэ­лікава. Майстры клуба Аксана Анікеева, Наталля Дзеравяшка, Наталля Камароўская, Алёна Гілясева прадставілі “Дыван сяброўства” — брэнд Міжнароднага фестывалю “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”. Вырабы па дрэву прадставілі Аляксандр Марозаў, Павел Цэдрык і Мікалай Арэшкаў, роспіс па шкле выканала Аксана Раўковіч. А таксама на выставе прысутнічалі работы мастакоў, аб’яднаных пад назвай маляўнічага пленэра “Дубровенскія краявіды”.

    —Наша сённяшняя выстава адбылася не толькі дзякуючы сумеснай працы ўсіх удзельнікаў клуба “Дубрава”, але і пры актыўным удзе­ле і падтрымцы мноства людзей, — адзначыла Вольга Сяргееўна. — Ад імя клуба я выказваю словы падзякі У.Г.Бабічаву, які стаў нашым ідэй­ным натхняльнікам, а таксама фальклорнаму калектыву Дома рамёстваў “Грамніцы” і народнаму ансамблю народнай песні “Калінаўскія маладзіцы”. Мы вельмі ўдзячны паэту, неабыякаваму да творчасці і лёсу нашага горада — Ірыне Малчанавай. Менавіта яе рыфмаваныя радкі гучалі пад час усяго нашага выступу.

    Мы ж, у сваю чаргу, віншуем клуб “Дубрава” з па­спяховым пацвярджэннем звання народнага і жадаем далейшых творчых поспехаў!

    Автор: Яна ГурскаяДняпроўская праўда

Комментарии (0)