29 Марта, 2024 Пятница

Як на Будакашалёўшчыне адраджаюць ткацтва

  • 19 февраля 2018 Культура Беларуская 0

    Так павялося спрадвеку, што вёска для Беларусі больш, чым проста вёска. Беларуская глыбінка была і застаецца той урадлівай глебай, жыватворнай духоўнай крыніцай, дзе бярэ пачатак і захоўваецца традыцыйная беларуская культура.

     І буда-кашалёўская зямля не выключэнне. Вы не сустрэнеце тут старажытных помнікаў мураванага дойлідства, але абавязкова напаткаеце багатую духоўную спадчыну, адметную ўласнай этнічнай унікальнасцю, самабытнасцю, і людзей, якія нясуць праз усё жыццё любоў да роднага слова, роднай песні, мясцовых звычаяў і абрадаў, адраджаюць старажытныя беларускія рамёствы. І не толькі нясуць самі, але і імкнуцца перадаць гэтую багатую духоўную спадчыну маладому пакаленню.

    У выніку плённай працы каманды аднадумцаў на чале са старшынёй Буда-Кашалёўскага раённага Савета дэпутатаў Аленай Алексінай і дырэктарам Гусявіцкага сельскага дома культуры Віталем Карпінскім (творчы псеўданім – майстар Любамір), аўтараў ідэі адра-джэння самабытнага ткацтва, дзякуючы падтрымцы мясцовай улады, Еўрапейскага Саюза, энтузіястаў-землякоў, зацікаўленых у захаванні народнай духоўнай культуры сваёй малой радзімы, яе спрадвечных традыцый, у Новай Гусявіцы з’явіўся Цэнтр ткацтва.

    Ён гасцінна расчыніў свае дзверы для мясцовых жыхароў і шматлікіх гасцей 2 лютага, а незадоўга да гэтага ў Губічах, Рагіні, Уваравічах і Чабатовічах былі адкрыты чатыры яго філіялы. Кожны жадаючы змог дакрануцца да таямнічага працэсу стварэння рушніка, паўдзельнічаць у працэсе мастацкай апрацоўкі драўніны. Віталь Карпінскі прадэманстраваў майстэрню па рэстаўрацыі і вырабу ткацкіх станкоў, дарэчы, першую і адзіную не толькі ў рэгіёне, але і ў краіне, майстэрню па ткацтву і метадычны кабінет.

    Сабраць і акумуляваць усю інфармацыю па ткацтву, каб зберагчы тыя ўзоры народнай мастацкай творчасці, якія яшчэ захоўваюцца ў традыцыйным побыце землякоў, наладзіць з цягам часу вытворчасць унікальнай сувенірнай прадукцыі з ільну і дрэва, зрабіць Будакашалёўшчыну прывабным месцам для турыстаў – вось некаторыя сярод шматлікіх накірункаў дзейнасці ўстановы. А значыць, трэба рыхтавацца да вялікага падарожжа: да істокаў, да будучыні. Наперадзе новыя этнаграфічныя экспедыцыі, новыя адкрыцці, ідэі і, зразумела, праекты.

    Дарэчы, адкрыццё Цэнтра ткацтва – адно з шэрагу мерапрыемстваў рэалізацыі мясцовай ініцыятывы «Адродзім рушнік разам» праекта «Садзейнічанне развіццю на месным узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН. Рэалізацыя ініцыятывы вядзецца на сродкі міжнароднай тэхнічнай дапамогі, якая склала болей за 23 тысячы еўра, і мясцовага сафінансавання. А пачалася яна амаль тры гады назад з амбіцыёзнай ідэі: працягнуць скрозь стагоддзі нітку, якая б злучыла многія пакаленні беларусаў, адрадзіць традыцыйнае ткацтва.

    Па ініцыятыве Віталя Карпінскага, дарэчы, у мінулым падпалкоўніка міліцыі, на Будакашалёўшчыне ў 2016 годзе ў рамках ініцыятывы «Адродзім рушнік разам» быў сатканы першы рушнік 21 стагоддзя на ткацкім станку, зробленым уласнымі рукамі майстра. У яго стварэнні прынялі ўдзел 153 чалавекі. У 2017 годзе ўпершыню ў Новай Гусявіцы адбыўся Фестываль рушнікоў, які сабраў больш за 200 удзельнікаў з 20 творчых калектываў раёна і амаль 400 гасцей. А напярэдадні фэсту з акцыяй «Кросны шлях – 2017» з 19 па 30 верасня ў 12 населеных пунктах кожны жадаючы змог прыняць удзел у калектыўным ткацтве рушніка, тым самым зрабіўшы свой маленькі крок на вялікім шляху адраджэння ткацтва. 

    Автор: Ірына ПАЛУБЕЦАвангард

Комментарии (0)