19 Апреля, 2024 Пятница

Давайце паспрабуем вяртаць беларускія словы з мінулага ў сучаснасць

  • 02 марта 2018 Культура Беларуская 0

    Чаму б нам не прыдумаць, як з іх дапамогай уразіць блізкіх, як навучыць захапляцца словам дзяцей? А можа, мы здолеем заразіць калег па працы ідэямі па прасоўванні брэндаў — старых трапных назваў. Хіба мы не зможам здзівіць моладзь, якая так прагне мовы, тымі багаццямі, што нам перайшлі ад дзядоў? І няхай пошук і вяртанне старых слоў для некаторых спачатку будзе цікавай «фішкай». Але хто ведае, раптам мода на старыя словы перарасце ў нешта большае.

    Мы адчуем смак мовы. Зазірнём у мінулае, згадаем сваіх продкаў, пачнём цікавіцца сваімі вытокамі. Падкажыце, што можна зрабіць для вяртання старых слоў. Падзяліцеся досведам, калі вы некаторыя ідэі ажыццявілі. Нам карціць даведацца пра тое, як вы працуеце са словамі. Можа, вы аздобіце імі сваё маўленне — цікава, як гэта ўспрымуць людзі, якія побач. Праведзяце ў школе свята слова ці створыце музей мовы — ваш досвед можа стаць карысным для іншых настаўнікаў. Назавяце сядзібу трапным паўзабытым словам — а ці ведалі аб яго значэнні вашы госці? Ці вы прыдумаеце ў інтэрнэце цікавую гульню — паляванне на беларускія словы?

    І маленькая падказка, дзе можна знайсці старыя беларускія словы. Распытайце бацькоў, завітайце ў вёскі да бабуль, паслухайце, як яны спяваюць, баюць казкі… А яшчэ можна зазірнуць у слоўнікі гаворак, якія ўжо былі выдадзены, дыялекталагічныя атласы. Сёння старыя словы становяцца больш даступнымі. У інтэрнэце на сайце «Беларуская філалогія» (глядзіце на старонцы «Беларускі дыялектны лексікаграфічны фонд») змешчаны адсканаваныя матэрыялы, звязаныя з вывучэннем жывой беларускай мовы. Электронныя варыянты выданняў падрыхтаваны ў аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі ў рамках рэалізацыі праекта «Зводны слоўнік беларускіх народных гаворак».

    Сёння «Звязда» падкажа некаторыя хады, як можна падаваць слова, але мы чакаем і вашых ідэй:

    1. Слова — брэнд. Беларускі народ толькі для дзьмухаўца стварыў 15 назваў. Чаму б не скарыстаць гэта і не прыдумаць, напрыклад, цэлую серыю тавараў, на кожным з якіх будзе красавацца па адным найменні. Слова можна і праілюстраваць — напісаць яго гісторыю альбо падаць карту, на якой пазначыць кропкамі мясціны, дзе падобная назва бытавала. Можна есці хлеб, а можна дабро — менавіта так раней на Сенненшчыне называлі збожжа. Вось вам і назва для новага гатунку хлеба. А чаму б не падарыць словы і іх гісторыю, значэнне дзецям і моладзі (напрыклад, змясціць на вокладках школьных сшыткаў, блакнотаў, нататнікаў).

    2. Слова — веды. Сёння многа дзяцей у школах займаецца даследчай працай. А чым словы не тэма для праекта? Варта толькі параўнаць тыя, што захаваліся ў вашай мясцовасці, з аналагамі з літаратурнай мовы. Альбо апісаць пры дапамозе старых слоў жытло і традыцыі беларусаў. У беларускай мове ёсць назвы нават для асобных дэталяў клямкі.

    3. Слова — свята. Можа, у нас знойдуцца такія людзі, якія са словамі, што захаваліся ў іх мясцовасці, могуць зрабіць найвыдатнейшую прэзентацыю родных багаццяў на нейкай неверагоднай імпрэзе. Людзі заўсёды шукаюць нешта адметнае, а яно — побач. Зазірніце толькі ў слоўнікі, пацікаўцеся традыцыямі. Напрыклад, у Лепельскім раёне ладзіцца свята Цмока. Яго, як і любыя іншыя рэгіянальныя святы, можна зрабіць сапраўды нацыянальна аформленым, колькі выдатных беларускіх слоў тут можна падаць людзям праз казкі, песні, зычэнні!

    Автор: Алена ДзядзюляЗвязда

Комментарии (0)