29 Марта, 2024 Пятница

Прыгажосць з воўны

  • 14 марта 2018 Культура Беларуская 0

    Усе ведаюць, што з ваўняных нітак можна звязаць шапку, шалік ці рукавіцы. Але з гэтага матэрыялу, аказваецца, як з пластыліну, можна зрабіць брошку, завушніцы, цацку, футляр для мабільніка.

    Галоўнае – жаданне і навыкі

    Яшчэ дваццаць гадоў таму пра валенне з воўны мала хто ведаў. Сёння гэта надзвычай папулярны від рукадзелля, якім з задавальненнем займаюцца як дарослыя, так і дзеці. Чым прыцягвае воўна тых, хто любіць ствараць прыгажосць сваімі рукамі? Якія трэба ведаць сакрэты пры рабоце з ёю? Пра гэта і многае іншае мы пагаварылі з кіраўніком аб’яднання па інтарэсах «Ваўняная лямпачка» цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік» Марыны Баслык, якая шосты год вучыць юных маладзечанцаў гэтаму майстэрству. І яны паспяхова асвойваюць яго, аб чым сведчаць цэлая галерэя вырабаў, а таксама перамогі ў рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах.

    Перш чым захапіцца валеннем з воўны, Марына Эдмундаўна вывучала жывапіс і малюнак у мастацкай школе, закончыла Мінскі архітэктурна-будаўнічы каледж, а затым універсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «Мастацкія рамёствы» з правам выкладання, выкладала малюнак, жывапіс і кампазіцыю ў гімназіі-каледжы мастацтваў. Цяжка знайсці від рукадзелля, які б яна не асвоіла. Працавала з саломкай і глінай, спасцігала сакрэты выцінанкі, стварала дзівосныя габелены, захаплялася бацікам… Мама Людміла Балаш, якая раней працавала эканамістам у Маскве, расказала дачцэ пра знаёмую, якая на курсах валення з воўны навучылася рабіць прыгожыя шалікі, рукавічкі… Тады ў Беларусі гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва быў новым, Марына ім зацікавілася, паступова асвоіла. На сёння, гаворыць, ён самы любімы. Бадай ніводны матэрыял не дае столькі магчымасцей для фантазіі: з воўны можна рабіць цацкі, карціны, упрыгажэнні, сумачкі і футляры, рукавіцы, тапкі, шапкі і нават камізэлькі, пінжакі… Вырабы з яе не толькі прыгожыя, але і вельмі прыемныя навобмацак, адзенне надзвычай цёплае Ад гэтых рэчаў сапраўды ідзе цяпло і святло. Нездарма майстрыха назвала сваё аб’яднанне па інтарэсах «Ваўняная лямпачка». Без перабольшвання, кожны выраб – маленькая лямпачка-радасць для стваральніка і для таго, хто бярэ яго ў рукі.  

    У Марыны Эдмундаўны звыш ста выхаванцаў з першага па старэйшыя класы гімназій №3, №6, №7, гімназіі-каледжа мастацтваў, СШ №2, іншых навучальных устаноў горада. Пераважна гэта дзяўчынкі, але бывае, што і хлопчыкі цікавяцца валеннем. Адметна, што праграму выкладання педагог распрацавала сама. Матэрыялы дзеці купляюць у спецыялізаваных магазінах для рукадзелля. Воўна каштуе нятанна, але яна лёгкая, для невялікіх вырабаў яе патрабуецца няшмат. Асноўны інструмент – спецыяльная іголка для валення, яшчэ трэба падушачка-падкладка з тоўстага паралону, на якой зручна фармаваць воўну. Літаральна з першых заняткаў дзяўчынкі ствараюць прыгожыя рэчы. Спачатку асвойваюць сухое валенне, а для больш складаных, аб’ёмных вырабаў выкарыстоўваюць мокрае (для яго не патрэбна іголка). Безумоўна, як і любы іншы від рукадзелля, валенне патрабуе ўседлівасці, вялікага цярпення, мастацкіх здольнасцей, адчування формы, колеру. І ўсё ж яму, лічыць педагог, можа навучыцца практычна кожны. У яе выхаванак няма праблем, што падарыць сябрам і блізкім, яны заўсёды могуць зрабіць мілы, не падобны на іншыя прэзент.

    Падарункі да свята

    «Да 8 Сакавіка мы будзем валяць кветкі, да Вялікадня абавязкова што-небудзь новае прыдумаем», — дзеліцца планамі кіраўнік. Марына Эдмундаўна называе самых здольных сваіх вучаніц, якія былі прызёрамі рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў «Калядная зорка», «Ваўняная птушка», «Вянок славы» і іншых. Гэта Таццяна Лобач, Арына Баранава з гімназіі №3, Аляксандра Півавар, Валерыя Маскалік, Ульяна Кісель з гімназіі №7, Ганна Ягорава з гімназіі №6, Надзея Радзько з СШ №2.

    У дзяўчынак і іх педагога шмат планаў на гэту вясну. Нядаўна яны падрыхтавалі лепшыя работы на два расійскія конкурсы: «Катавасія» (з назвы зразумела, што ён прысвечаны катам) і «Масты сяброўства» (на яго прымаюцца работы з нацыянальным каларытам). Цікава, што на адборачны тур спачатку адпраўляюцца фота работ, а затым самі вырабы. На жаль, па правілах яны не вяртаюцца. Між тым удзел у конкурсах дае магчымасць ацаніць свае вырабы ў маштабах краіны і нават шырэй, пазнаёміцца з творчасцю іншых.

    Пакуль мы размаўлялі з кіраўніком аб’яднання, дзяўчынкі чаравалі над сваімі вырабамі. На нашых вачах нараджаліся і рознакаляровыя пацеркі, і лялька з доўгімі жоўтымі валасамі, і бірулька ў выглядзе панды. Адна з выхаванак па здымку на тэлефоне стварала «партрэт» сваёй дамашняй марской свінкі. І, трэба сказаць, у яе атрымлівалася. Калі ж нешта не ўдавалася, дзяўчынкі звярталіся да Марыны Эдмундаўны, і яна ім падказвала, дапамагала. Выдатна, што ў нашым горадзе працуюць такія захопленыя педагогі, якія адкрываюць дзецям дзівосны свет творчасці. Гэтыя навыкі будуць з імі ўсё жыццё, а для некаторых, магчыма, стануць першым крокам у прафесію.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.Маладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)