13 Мая, 2026 Среда

З любоўю ад купалаўкі, ці "Бібліязмярканне" атрымалася светлым

  • 15 марта 2018 Культура Беларуская 0

    Нягледзячы на лютае лютаўскае надвор’е, ёсць па-сапраўднаму цёплы сонечны дзень у апошнім зімовым месяцы. І незалежна ад мінуса на тэрмометры абсалютны плюс фіксуецца ў настроі ўсіх закаханых. Увогуле, любоў – неверагоднае пачуццё, складанае, але такое акрыляючае. Без любві да працы нельга ўявіць поспех, без любві да сябе складана быць шчаслівым, без любві родных, здаецца, увогуле жыць немагчыма. Дык што ж такое любоў? На гэтае і шмат іншых «любоўных» пытанняў шукалі адказы падчас «Бібліязмяркання» ў нашай купалаўцы. 

     …Ледзь прыцямнела, а ў цэнтральнай бібліятэцы святло не запальваецца. Можа не працуюць? Не, кнігалюбы адзін за адным заходзяць праз дзверы чытальні… Аказваецца, тым вечарам купалаўка збірала на «Бібліязмярканне» «Любоў – гэта…».

    Калідор бібліятэкі не пазнаць. Жоўценькімі ліхтарыкамі падсвечваюцца ружаватыя сцены, усё літаральна ўсеяна галоўным сімвалам свята – віншавальнымі валянцінкамі, побач – вінтажная лавачка, мяккія цацкі – а ўсё разам прыгожы антураж для таго, каб зрабіць атмасферны здымак. Дарэчы, фотазоны сталі ці не фірменнай фішкай бібліятэкі: не раз давялося бачыць іх навагодні дэкор у ленце instagram, здзівілі і на

    8 Сакавіка. А ў гэты дзень кожны жадаючы папазіраваў на камеру карэспандэнта «ЛВ» і на памяць пра гэта чароўнае свята атрымаў фотаздымкі, якія літаральна праз некалькі дзён з’явіліся на сайце раёнкі.

    Гісторыя Дня закаханых авеяна шматлікімі легендамі, рамантычнымі гісторыямі, і кожная зачароўвае, уражвае сілай пачуццяў. Як гэта свята адзначаюць у розных краінах, для многіх удзельнікаў стала нечаканым адкрыццём. Напрыклад, у Японіі дзень Святога Валянціна – своеасаблівае 8 Сакавіка, толькі віншаванні і падарункі атрым-ліваюць мужчыны.

    Як і належыць, арыгінальную святочную валянцінку, між іншым hand made, уручылі сваім чытачам супрацоўнікі купалаўкі. У ёй вельмі цёплыя словы, шчырыя пажаданні – жыць з любоўю ў сэрцы.

    Няхай пра гэта пачуццё напісана безліч кніг, складзена мноства вершаў, зняты тысячы фільмаў і серыялаў, тэма будзе зноў і зноў даводзіць да мурашак, бударажыць чытачоў, вымушаць пераасэнсоўваць многія жыццёвыя акалічнасці. І зноў у руках зачытаныя «Рамэа і Джульета» Шэкспіра, «Ціхі Дон» Шолахава, а на паўторы ў медыяплэеры – «Унесеныя ветрам» Мітчэл. Пачуеце словы: «Я падумаю пра гэта заўтра», – і адразу ў памяці складаная гісторыя кахання Скарлет О’Хара і Рэта Батлера. Пра гэтыя і многія іншыя літаратурныя творы, фільмы, песні ўспаміналі кнігалюбы ў часы «Бібліязмяркання», зачытвалі самыя хвалюючыя старонкі лірычных твораў, пераглядалі самыя яскравыя сюжэты, якія, здаецца, ведаюць ужо на памяць.

    А яшчэ ў гэты вечар многім пашчасціла трапіць на сеанс да астролага і даведацца, што іх чакае, задаць свае пытанні. З ахвотай і зацікаўленасцю выцягвалі з магічнай вазы паперку з прадказаннем…

    Другі паверх нашай купалаўкі ўвогуле змяніў свой накірунак работы падчас «Бібліязмяркання». На ўваходзе гасцей сустракаў элегантны і вельмі галантны швейцар, прапаноўваў выцягнуць папяровую палавінку сардэчка і знайсці ў іншага яе раўназначнае дапаўненне, каб пасля аб’яднаць і прачытаць верш, канешне, пра каханне.

    Каля «дрэва любві» асаблівая ажыўленасць: пакінуць сваё пажаданне чытачам, бібліятэкарам імкнуўся кожны, тым больш ад чарговай валянцінкі дрэва набывала неверагоднае чырвонае ўбранне.

    Побач разгарнулася сапраўд-нае кніжнае галасаванне: чытачам прапанавалі выбраць любімы твор пра каханне. Прабягалі вачамі па старонках кніг Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Аляксандра Блока, Марыны Цвятаевай, шукалі знаёмыя і блізкія сэрцу радкі.

    У чытальнай зале замест кніг «выдавалі» кубачак гарачага чаю, частавалі цукеркамі, пірагамі – дзверы гасцінна расчыніла «Бібліякафэ». Трохі нязвыкла (звычайна ў купалаўцы пануе цішыня), але ад таго і больш чароўна ўспрымаліся музычныя віншаванні ад  эксперыментальнай вакальнай групы «Берагіня», а ў імправізаванай зале гучалі толькі шчырыя апладысменты. Ад неверагодных эмоцый удзельніц музычнага гурта не падпяваць і не танчыць было немагчыма.

    Добры настрой быў ва ўсіх. Супрацоўнікі купалаўкі на чале з дырэктарам Вольгай Пляшэвіч імкнуліся зрабіць вечар незабыўным. Без перабольшання, у іх гэта атрымалася. А ў пацвярджэнне некалькі слоў з кнігі пажаданняў.

    У кнігу пажаданняў

    «Без перабольшання, гэты дзень запомніцца надоўга. «Бябліязмярканне» нас зачаравала. Неверагоднае свята, хвалюючае. Жыццё такое мітуслівае, а вы падарылі сапраўднае свята душы».

    Жанна Прывольнева, 

    Вераніка Коктыш, 

    Галіна Малевіч.

    «Вечарына ўразіла нас сваёй незвычайнасцю і рамантычнасцю. Дзякуй за такую шчырую і цёплую атмасферу. Гульні, конкурсы былі вельмі цікавымі і займальнымі, а ўрыўкі з лепшых раманаў і кінафільмаў вярнулі ў юнацтва, напомнілі пра першае каханне. Сустрэча з астролагам – незабыўная, няхай і ў гумарыстычнай форме, але ўсё ж верыцца ў шчаслівыя прадказанні».

    Ларыса Глеб, 

    ад імя калектыву Падлескага дзіцячага сада-базавай школы.

    Сумеречный огонёк

    Праздничным мы вечерком

    Посидели за чайком,

    Трогательно и забавно,

    В общем, развлекались славно.

    Радостно сияли лица,

    Все пришли повеселиться.

    Зал в приятном тихом свете –

    Время не ушло на ветер.

    Праздничная атмосфера,

    Парадокс – другая эра!

    Сердечки и иллюминация –

    Удачная комбинация!

    Ганна Шчарбацэвіч.

    Больш фота тут

    «Ляхавіцкі веснік»

    Фота аўтара.

    На здымках: кніга і любоў сабралі чытачоў на «Бібліязмярканне». 

     

    Автор: Маргарыта КУХТАЛяхавіцкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)