19 Апреля, 2024 Пятница

Час светлых надзей

  • 16 марта 2018 Культура Беларуская 0

    Учора, у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у Полацку прайшла традыцыйная акцыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі «Я — грамадзянін Беларусі». 

    Сімвалічна, што пачалася ўрачыстасць ля памятнага знака «Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці», дзе паўсотні юнакоў і дзяўчат у адзіным імкненні далі клятву жыць і працаваць на карысць дзяржавы і грамадства, паважаць і захоўваць гісторыю, культуру і традыцыі беларускага народа, любіць Радзіму. А пасля ў неба ўзняліся белакрылыя галубы, як сімвал чысціні і адданасці роднаму краю. А далей 14-гадовых школьнікаў чакала цырымонія ўручэння пашпартоў у сцянах старажытнай Сафіі, якая беражліва захоўвае памяць вякоў.

    Першы і самы галоўны дакумент юным палачанам уручылі старшыня Полацкага раённага выканаўчага камітэта, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Мікалаевіч Шаўчук і намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Пётр Мяфодзьевіч Пяткевіч. Актыўны ўдзел ва ўрачыстасці прыняла таксама начальнік аддзела па грамадзянстве і міграцыі аддзела ўнутраных спраў Полацкага раённага выканаўчага камітэта Іна Маскаленка, якая шчыра павіншавала полацкую моладзь са святам і падарыла кожнаму юнаку і дзяўчыне галоўны закон нашай краіны — Канстытуцыю, а яшчэ — маляўнічае выданне «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь». — Быць грамадзянінам сваёй краіны, Рэспублікі Беларусь, азначае імкненне старанна вучыцца, а затым добрасумленна працаваць, аддаваць сілы на карысць дзяржаве. Нашай роднай зямлі патрэбны энергія любові кожнага жыхара, яго вера ў сваю краіну і клопат пра яе. Беларусь такая, якія і мы з вамі. Я перакананы, што і з вашай дапамогай наша Полаччына стане яшчэ прыгажэйшай, — падкрэсліў Мікалай Шаўчук.

    Паціскаючы руку маладым грамадзянам Беларусі, старшыня Полацкага раённага выканаўчага камітэта жадаў кожнаму асабіста поспехаў і шчасця, шчырых імкненняў і добрых надзей.Ад імя юнакоў і дзяўчат, якія атрымалі свой першы дакумент — пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь — да прысутных звярнулася навучэнка Полацкага кадэцкага вучылішча Арына Кучынская:

    — Гэты ўрачысты дзень мы не забудзем ніколі. Мы атрымалі пашпарты з рук старшыні Полацкага раённага выканаўчага камітэта. Гэта вялікі гонар і важная падзея для кожнага з нас. У сваю чаргу абяцаем прыкласці ўсе намаганні, каб быць годнымі грамадзя­намі Беларусі.

    З наказам любіць радзіму і быць годнымі грамадзянамі ад імя ветэранаў да моладзі звярнуўся ветэран Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лапцеў. А пасля таго, як усе пашпарты былі ўручаны і прагучалі шчырыя віншаванні, прысутных чакаў падарунак, без якога ўрачыстасц­ь у Сафійскім саборы не была б поўнай — загучаў велічны арган. Класіка ў выкананні салісткі канцэртнай залы Сафійскага сабора Ксеніі Пагарэлай дала магчы­масць юнакам і дзяўчатам напоўніцу адчуць значнасць падзеі і асэнсаваць, што значыць быць паўнапраўным грамадзянінам Полаччыны і сваёй краіны.

    Автор: Валянціна ЛіпкоПолацкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)