19 Апреля, 2024 Пятница

У вёсцы Валаўск Ельскага раёна адсвяткавалі Саракі

  • 24 марта 2018 Культура Беларуская 0

    Стамiлiся чакаць вясну? Паскарайце яе прыход. Бярыце прыклад з валаўчан, якія ўсёй вёскай разам з гасцямi адсвяткавалі Саракi. А пасля Саракоў і сонца гарачэйшае, і вясна ўжо не за гарамі. 

    Унікальнае свята з аўтэнтычнымі песнямі і абрадамі адзначаюць 22 сакавіка. Вам вельмі пашанцуе, калі станеце ўдзельнікамі беларускай традыцыі, карані якой у далёкім мінулым. Сутнасць свята ў тым, што людзі імкнуцца наблізіць вясну. Напярэдадні пякуць з цеста абрадавых жаўрукоў, якіх потым падкідаюць у неба, каб яны паклікалі вясну. Людзі водзяць карагоды, спяваюць песні-вяснянкі і заклічкі, ладзяць гульні. Для добрага ўраджаю цягаюць кола па полі. Адметны настрой ства­раюць казлоўскія бабулі, песні якіх маюць магічнае гучанне, ад іх на душы робіцца цяплей. 

    Свята захавалася дзякуючы су­працоўнікам Валаўскага цэнтра народных традыцый, якія карпатліва адраджаюць абрад. Актыўна дапамагаюць ім артысты народнага фальклорнага калектыву «Валошкі», бабулі з вёскі Казлы і дзеці з мясцовай школы. 

    Ну а зараз усё разам паклічам вясну: 

    Дай ужо ж вясна, дай ужо ж красна, 

    А з стрэх вада капле, а з стрэх вада капле. 

    А ўжо ж табе, хлопчыначка, вандрованька пахне. 

    Вандруй, вандруй, хлопчыначка, да ў чыстае поле. 

    А за ім жа дзяўчыначка, дай сцежачку поле, 

    Сцежачку поле, вярніся, саколе.

     

    Автор: Аляксей ГЕРАСІМЕНКАГомельская праўда
    Теги: 

Комментарии (0)