20 Апреля, 2024 Суббота

Агінскі збліжае народы Беларусі і Літвы

  • 06 апреля 2018 Культура Беларуская 0

    Круглы стол на тэму «Спадчына роду Агінскіх ва ўмацаванні міжкультурных сувязей Беларусі і Літвы» прайшоў нядаўна ў Мінску ў Доме дружбы народаў. Актыўны ўдзел у рабоце форуму прынялі прадстаўнікі мясцовага дабрачыннага фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага».

    Вёў пасяджэнне ўраджэнец Маладзечна дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, адказны сакратар фонду Павел Сапоцька.

    Удзельнікі круглага стала абмеркавалі пытанні папулярызацыі творчасці роду Агінскіх, падвялі вынікі праектаў па ўвекавечанні спадчыны гэтай дынастыі.

    Так, музыказнавец Святлана Немагай прадставіла новае выданне — навуковае даследаванне твора Агінскага «Лісты аб музыцы» і ўсяго так званага «фларэнтыйскага перыяду» яго жыцця. Мастацкі кіраўнік «Беларускай капэлы» заслужаны артыст Віктар Скарабагатаў адзначыў папулярнасць твораў аўтара паланэза «Развітанне з Радзімай» сярод айчынных выканаўцаў. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражава расказала, як вядзецца рэстаўрацыя музея-сядзібы Агінскага ў Залессі. Яна паведаміла, што ўжо сёлета будуць добраўпарадкаваныя водныя аб’екты на тэрыторыі гістарычнай мясціны і парк. У прыватнасці, наведвальнікі ўбачаць адрэстаўраваную альтанку Амеліі. Было чым пахваліцца і літоўскім гасцям.

    — На працягу апошніх гадоў прыхільнікі творчасці роду Агінскіх з нашай краіны, Літвы і Польшчы правялі шмат сумесных мерапрыемстваў, — падкрэсліў Павел Сапоцька. – Сярод іх выстаўкі, канцэрты, навуковыя канферэнцыі… Сустрэчы адбываліся ў Мінску, Маладзечне, Залессі, Вільнюсе, Рэтавасе… На высокім узроўні прайшло святкаванне 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. Удзельнікі праектаў пераканаліся, што матэрыяльныя і культурныя каштоўнасці, звязаныя са знакамітым родам, збліжаюць народы розных краін і выступаюць магутным рэсурсам для культурнай дыпламатыі.

    Па словах Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Андруса Палукаса, літоўскі бок і надалей гатовы развіваць супрацоўніцтва для ўвекавечання спадчыны роду Агінскіх. Гэта паспрыяе ўмацаванню культурных сувязей паміж Літвой і Беларуссю.

    — Яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў таму ў нашай краіне амаль нічога не ведалі пра аўтара паланэза «Развітанне з Радзімай». Аднак дзякуючы неабыякавым людзям, пазіцыі дзяржавы і міжнароднаму супрацоўніцтву з жыццём і дзейнасцю славутага земляка цяпер знаёмыя амаль усе жыхары рэспублікі. Яшчэ большай папулярызацыі спадчыны роду Агінскіх маглі б паспрыяць спецыяльны інтэрнэт-рэсурс і дыск з архіўнымі дакументамі і кнігамі, — адзначыў былы старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны.  

    Дырэктар Рэтаваскага музея гісторыі і культуры Агінскіх Вітас Руткаўскас дадаў, што цікавасць да спадчыны знакамітага роду і ў Літве, і ў Беларусі не змяншаецца. Людзі вывучаюць агульнае мінулае абедзвюх краін, адраджаюць традыцыі (у тым ліку музычныя), удзельнічаюць у сумесных праектах.

    Вынікам форуму стала падпісанне рэзалюцыі аб перспектывах беларуска-літоўскага супрацоўніцтва ў сферы вывучэння і распаўсюджання гісторыка-культурнай спадчыны Агінскіх. У планах – міжнародныя мастацкія выстаўкі, канцэрты, пленэры, адкрыццё музейных экспазіцый…

    Віншуем!

    Дырэктарам Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька быў прызначаны якраз напярэдадні беларуска-літоўскага круглага стала. Рэдакцыя «Маладзечанскай газеты» віншуе земляка з адказнай пасадай і зычыць яму поспехаў.

    — У музеі сабрана багатая матэрыяльна-духоўная і гісторыка-культурная спадчына Беларусі. Наша задача — максімальна папулярызаваць яе. Для гэтага будуць рэалізоўвацца культурна-асветніцкія і выдавецкія праекты, удасканальвацца фондавая дзейнасць, праводзіцца навукова-практычныя канферэнцыі, умацоўвацца міжнародныя сувязі. Запрашаю жыхароў Маладзечаншчыны як мага часцей наведваць Нацыянальны гістарычны музей, — сказаў Павел Сапоцька.

    Фота: Алег БЯГАНСКІ.

    Автор: Алег БЯГАНСКІМаладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)