26 Августа, 2019 Понедельник

Захапленні ў вандроўцы па Буда-Кашалёва

  • 10 апреля 2018 Культура Беларуская 0

    Любіць радзіму патрэбна не толькі на словах. Справы кожнага чалавека, які нарадзіўся і вырас на нашай зямлі, імкненні зрабіць нешта такое, што будзе прыемным для землякоў, і ўпрыгожыць наваколле лепш за ўсякія эпітэты раскажуць пра шанаванне Бацькаўшчыны, захаванне памяці продкаў, старажытных абрадаў і традыцый. Самабытнасць беларускай культуры непаўторная, і мы павінны яе сберагчы для дзяцей і ўнукаў.

    У кожнай вёсачкі нашай прыгожай шматнацыянальнай радзімы можна сустрэць вельмі таленавітых людзей, якія ўвасабляюць у жыццё цікавыя ідэі. Падчас выязднога абласнога семінару, прысвечанага Году малой радзімы, рэдактарам і прадстаўнікам рэгіянальнай прэсы Гомельшчыны пашчасціла пабываць у цікавых мясцінах, паслухаць людзей, сэрцам адданых роднаму краю. 

    Знаёмства з населеным пунктам Буда-Кашалёва пачалося з мастацкай галерэі імя Я. Майсеенка. На гэты час тут размясціліся дзве выставы, прысвечаныя 80-годдзю Гомельшчыны. Сярод экспанатаў шмат фатаграфій людзей, якія сваёй штодзённай працай унеслі ўклад у развіццё рэгіёну. Простыя твары, усмешкі на вуснах і моц у поглядах… Яны ведалі, што робяць усё магчымае, каб справа, за якую ўзяліся, прыносіла дабрабыт краіне і кожнаму яе жыхару.

    Ужо на пад’ездзе да Чабатовічскага цэнтру народнай творчасці стала зразумела, што мы апынуліся каля незвычайнага месца. Масіўныя разбяныя вароты адкрылі дарогу да старадаўняга побыту беларусаў. Тут можна пабачыць ярмо, куды запрагалі быкоў, лейцы з лугавых траў, якія становяцца мацнейшымі, калі размакаюць у вадзе, шмат ступак, маслабоек, збаноў, кошыкаў, мерных ёмістасцей, усялякіх прылад працы… Для гэтых экспанатаў давялося прыстасоўваць надворныя прыбудовы. А ў хаце натопленая печка, у ёй хлеб пячэцца, у кожным пакоі абразы, вышыванкі, саматканыя рушнікі, палавікі, мэбля, скрыні і нават струнныя інструменты, зробленыя рукамі мясцовых майстраў. Ад натуральнай драўлянай абіўкі, сушаных траў, асаблівага сялянскага каларыту неяк прыемна сціскаецца сэрца. Жадаючыя з цікавасцю ўдзельнічалі ў майстар-класе па стварэнню лялек-абярэгаў з тканіны.

    Зрабілі ў Чабатовічскім цэнтры і месца для роспісу маладых з аркай і ступкамі, якія ў дзень вяселля ўпрыгожваюць тканінай і кветкамі, арэлямі і карэтай для фотасесіі. Ёсць задумка добраўпарадкаваць тэрыторыю каля выкапанага вадаёма: паставіць там яшчэ адну разную альтанку, зрабіць лаўкі, уладкаваць месца для мангала… Эх, шкада, што мы ў гэтыя мясціны патрапілі ў апошні дзень сакавіка, калі зіма вырашыла нагадаць пра сябе халодным ветрам і мокрым снегам. 

    Экспанаты для музейных пакояў, якія пачалі ствараць у Буда-Кашалёўскім раёне ў 2007 годзе, сабіраліся ў мясцовых жыхароў і ў паўразбураных дамах. У некаторых хатах і па сённяшні дзень захоўваюцца скрыні з вышыванкамі, якія насілі родныя некалькі дзесяцігоддзяў назад. Толькі ўявіце сабе сціплую бабульку гадоў васьмідзесяці, якая перыядычна дастае са скрыні ручнікі, сукенкі, развешвае іх, каб высушыць,  а потым зноў складае. Разумееце, чаму так пяшчотна адносіцца да скарбу? Бо ўсе тыя рэчы па сённяшні дзень нагадваюць ёй родную маці. Усім бы нам так захоўваць памяць пра сваіх продкаў.

    Наступнае месца, дзе давялося зноў жа захапляцца, — Гусявіцкі цэнтр ткацтва. Яго адкрыццё стала магчымым дзякуючы ўвасабленню мясцовай ініцыятывы «Адродзім ручнік разам» праекту «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН. Рэалізацыя ініцыятывы вядзецца на сродкі міжнароднай тэхнічнай дапамогі і мясцовага сумеснага фінансавання. Кіруе аднаўленнем традыцыі ткацтва былы супрацоўнік унутраных спраў, які з дзяцінства памятае, як бабуля стварала сваімі рукамі палотны тканіны. Зараз гэты чалавек дасканала ведае ўсё пра ткацкія станкі, з двума памочнікамі займаецца іх зборкай, пераабсталяваннем, вырабамі з драўніны прыгожых сувеніраў, ткацтвам ручнікоў, посцілак, стварэннем беларускіх паясоў і шмат чаго іншага. Дзеці з захапленнем наведваюць цэнтр, ходзяць не па раскладу, а калі вольны час дазваляе. І тым не менш пакоі не пустуюць. Самай меньшай выхаванцы — шэсць гадоў. Ледзьве не са слязамі прасілася дзяўчынка ў гурток, каб навучыцца ткаць. Зараз паступова асвойвае тэхналогію. Там ёсць чаму павучыцца, паверце. Многія з гасцей паспрабавалі самі патрымаць у руках чаўнок і саткаць некалькі шэрагаў палавіка.

    Зацікаўленасць працаўнікоў цэнтра ў далейшым развіцці пачатай справы адчуваецца ў кожным слове пра новыя задумкі. Скарыстаўшыся магчымасцю, яны набылі поўны камплект сучаснага абсталявання па дрэваапрацоўцы, машынку для вышывання аплікацый, вырашаюць пытанні аптовай закупкі танных нітак добрай якасці. Гэта гаворыць пра дальнабачнасць людзей: калі фінансаванне праекту закончыцца, цэнтр зможа працягваць работу самастойна.

    Было чым захапляцца і ў КСУП “Губічы”. У сельгаспрадпрыемства свая гісторыя. Асноўны касцяк працаўнікоў складаюць былыя перасяленцы трох вёсак з Брагіншчыны. Вядома ж, больш чым за 30 гадоў яны ўжо перажаніліся, асвоіліся і лічаць Буда-Кашалёўскі раён сваёй радзімай. Сельгаспрадпрыемства па сённяшні дзень не толькі трымае высокую планку ў вытворчых паказчыках, а і клапоціцца пра вяскоўцаў. Маладым спецыялістам у населеным пункце прадастаўляюцца добраўпарадкаваныя кватэры з мэбляй, набытай за кошт гаспадаркі, на работу і назад жывёлаводаў возіць аўтобус, абед для працаўнікоў бясплатны. Жыхары Губічскага сельсавета не толькі падтрымліваюць ідэю самаабкладання, а яшчэ і самі прыдумваюць, куды накіраваць сродкі, сабраныя з кожнага падвор’я: пафарбаваць рознакаляровымі малюнкамі калодзежы, адрамантаваць агароджу на грамадзянскіх могілках, набыць новую малую архітэктурную форму і г.д.

    Уваравічскі цэнтр дзіця-чай творчасці таксама прадэманстраваў шмат нап-рамкаў дзейнасці дарослых і дзяцей, прадастаўленых на выставах.

    Прыемных уражанняў ад наведвання Буда-Кашалёўскага раёна засталося вельмі многа. Словы шчырай падзякі за магчымасць дакрануцца да каранёў беларускага народа гучалі ў адрас арганізатараў мерапрыемства — кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, старшыняў Буда-Кашалёўскага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў.

    АД АЎТАРА: Зразумела, што і на Лоеўшчыне ёсць што паказаць гасцям. Мы таксама захоўваем традыцыі нашых продкаў, збіраем экспанаты ў музейныя пакоі. Аднак не ўсіх майстроў ведаем, не заўсёды імкнемся пазнаць творчыя сакрэты, каб перадаць іх нашчадкам. Давайце разам выпраўляць гэтае становішча! Тэлефануйце нам у рэдакцыю, пішыце лісты і паведамленні на электронную пошту з адрасамі таленавітых людзей. Мы абавязкова наведаем іх і раскажам пра іх майстэрства нашым чытачам. Уклад кожнага ў развіццё сваёй малой радзімы як раз і заключаецца ў неабыякавасці і магчымасці зрабіць нешта для іншых.

    Автор: Людміла КраўцоваЛоеўскі край
    Теги: 

Комментарии (0)