16 Апреля, 2024 Вторник

Вечная падарожніца: незвычайны лёс Магдалены Радзівіл

  • 12 июня 2018 Культура Беларуская 0

    Асоба, якая стаяла каля вытокаў беларускага нацыянальнага адраджэння, адна з першых голасна назвала сябе беларускай, пры гэтым на доўгія гады засталася наогул без грамадзянства. Але ў гэтым годзе прах яе нарэшце вярнуўся на радзіму і быў перапахаваны ў мінскім касцёле Святога Роха. Усё гэта апісанне жыцця дзівоснай жанчыны — Магдалены Радзівіл. Аб яе лёсе расказаў аўтар прысвечаных ёй кніг «Белы лебедзь у промні славы» і «Vаlе!», даследчык Віктар Хурсік.

    Нялюбая дачка і жонка

    Магдалена была апошняй прадстаўніцай роду Завішаў — вельмі магутнага і славутага ў перыяд з ХVІ да ХІХ стагоддзя. На Міншчыне Завішы з'яўляюцца ў сярэдзіне ХVІ стагоддзя. Адзін з іх — Крыштаф Завіша, які жыў з 1666 па 1721 год, нават адначасова з'яўляўся і старостам, і ваяводам Мінска.

    Бацька Магдалены Іван нарадзіўся ў 1822 годзе і атрымаў бліскучую адукацыю на тэрыторыі Літвы, пасля чаго пераехаў у Мінск. Аднак тут яго напаткалі непрыемнасці. Пасля паўстання 1831 года расійскі ўрад прыняў пастанову аб пацвярджэнні шляхецтва жыхарамі Паўночна-Заходняга краю. Бацька Івана, Тадэвуш, лічыўся графам, і ў Мінску гэты тытул без цяжкасцяў пацвердзілі. А вось у Пецярбургу ўзніклі праблемы. Сітуацыю доўга разглядалі і ў выніку прылічылі сям'ю да простых памешчыкаў. Значнасць тытула адыходзіла на другі план, а вось несправядлівасць да роду не магла пакінуць нашчадкаў абыякавымі. Іван доўга не мог знайсці пункты прыкладання сіл. Пэўны час працаваў у дэпутацкім сходзе, а потым паехаў у Вільню, дзе пачаў удасканальваць свае веды. Неаднойчы ездзіў у Варшаву, дзе і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай — фрэйлінай двара яго імператарскай міласці Марыяй Квілецкай. Яго багацце і яе прыгажосць усе палічылі добрым саюзам, але шчасця ў сямейным жыцці ім гэта не прынесла. У грашах Марыя не кеміла, але муж нічога не шкадаваў на яе жаночыя капрызы. Сам ён захапляўся археалогіяй: праводзіў асабістыя даследаванні, удзельнічаў у шматлікіх міжнародных кангрэсах, нават атрымаў ганаровы ордэн з рук караля Партугаліі. У Варшаўскім доме ў яго быў свой музей археалагічных знаходак.

    У сям'і нарадзілася пяцёра дзяцей: двое памерлі пры родах. Тры дачкі засталіся ў жывых, але адна з іх, Элізабэт, хварэла на нейкае псіхафізічнае захворванне, яе нікому не паказвалі, таму звестак аб ёй амаль не засталося.

    Старэйшай сястрой Магдалены была Марыя, якая нарадзілася ў 1860 годзе. Сама ж Магдалена — 8 ліпеня 1861 года. Сёстры былі рознымі: старэйшая — прыгажуня, малодшая — даўганосая, хваравітая. Маці не хавала сваёй прыхільнасці да старэйшай дачкі, таму на ўсе выезды ў свет брала менавіта яе. Бацька ж быў вымушаны часта з'язджаць, бо ў яго былі тры маёнткі, за якімі трэба было назіраць. Дзяўчатак даглядалі выхавальнікі, асаблівы ўплыў на Магдалену мела яе нянька, якая часта расказвала пра Беларусь.

    Пра гэты перыяд жыцця захаваліся рукапісныя ўспаміны Магдалены — 23 старонкі тэксту на французскай мове, напісаныя ў 1917 годзе. Зараз яны захоўваюцца ў Кракаве. Як адзначае ў іх Магдалена, з маленства яе з сястрой рыхтавалі да шлюбу як галоўнай мэты дзявочага жыцця. Але прынц па Магдалену не прыехаў. Сватацца прыйшоў чалавек прыблізна бацькавых гадоў, які быў раней жанаты. Адзінае, што было ў ім казачнага, — гэта багацце. Магдалена Завіша выйшла замуж за Людвіка Красінскага, у іх нарадзілася дачка Людвіка. У пісьмах да бацькі Магдалена піша пра кволае здароўе свайго мужа, у іх выразна адчуваецца яе месца ў доме — амаль служанкі, а не раўнапраўнай пані. У 34 гады яна застаецца ўдавой, галоўнае, аб чым яна марыць, — выхаваць дачку па-іншаму, таму, у адрозненне ад сваёй маці, Магдалена ўдзяляла дзяўчынцы шмат часу. У 1901 годзе Людвіка выходзіць замуж за Адама Чартарыйскага. Гэтай сям'і належаў варшаўскі гатэль «Ламбэр», які ў 1863 годзе быў цэнтрам паўстанскага руху.

    Каханне па-за канонамі

    Магдалена адчула, што ў яе ёсць час пажыць для сябе. Таму ў 1904 годзе яна адправілася на параходзе ў Англію і па дарозе пазнаёмілася з маладым хлопцам — Мікалаем Радзівілам. У іх было шмат агульных тэм, таму яны пачалі сустракацца кожны дзень. Магдалена была незвычайнай жанчынай: добра разбіралася ў строях, касметыцы, у сваім узросце заставалася вельмі прывабнай. Яны дамовіліся сустрэцца ў Беларусі, але Мікалай быў ваеннаабавязаным, і ў 1905 годзе яго прызвалі ў войска. Іх сустрэча не адбылася, хоць яны ўвесь час падтрымлівалі сувязь па перапісцы. У гісторыі руска-японскай вайны подзвіг Мікалая Радзівіла, за які ён атрымаў ордэн, займае асаблівае месца. Ён, пераапрануўшыся ў кітайца, праплыў Порт-Артур проста пад носам у японскай эскадры — пра гэта пісалі і англійскія, і польскія, і рускія газеты.

    Пасля вяртання з вайны яны з Магдаленай едуць у Лондан, у месца свайго знаёмства, дзе заключаюць шлюб. Трэба сказаць, што яднанне Мікалая і Магдалены, розніца ва ўзросце ў якіх была 19 гадоў, засноўвалася не толькі на каханні, але і на адзіных поглядах на беларускую справу. Яны пасяляюцца ў маёнтку Жорнаўка. Магдалена ўсе гаспадарчыя справы перадае Мікалаю, і ён з імі выдатна спраўляецца. Жорнаўку можна было назваць лясным маёнткам, да яго прылягала 27 тысяч гектараў лесу. Ён пераспяваў, гніў, трэба было тэрмінова нешта з ім вырашаць. І Мікалай прапанаваў пабудаваць чыгунку працягласцю больш за 50 км. Справа была нялёгкая: патрэбны былі сувязі ў Пецярбургу. Але ўсё атрымалася, што станоўчым чынам адбілася на заробках.

    Да свецкіх умоўнасцяў яны былі даволі абыякавыя. Магдалена, напрыклад, не паехала ў Варшаву падчас візіту туды Мікалая ІІ, хоць яе маці і сястра былі прадстаўлены імператару. Муж сястры нават атрымаў званне камергера. Гэтаксама праігнаравала і запрашэнне на баль ад генерал-губернатара Варшавы. Затое ў 1906 годзе разам з мужам яны адправіліся ў Пецярбург, дзе ў іх было шмат знаёмых у найвышэйшых колах. Там Магдалена цесна сышлася з Эпімахам-Шапілам, вакол якога ўжо ўтварылася суполка аднадумцаў. Яны вырашылі свой унёсак прадставіць у форме асветніцтва: расказваць пра беларускую мову і велічную гісторыю ВКЛ. Дамовіліся перадаваць на гэта грошы наяўнымі — улікам займаўся Мікалай.

    У 1906 годзе ў Вільні запрацаваў станок вядомага друкара пана Кухты. Гэта быў малады хлопец, які прайшоў стажыроўку вярстальшчыка ў адной з Пецярбургскіх друкарняў. Ён вяртаецца ў Вільню і набывае друкарню за 25 тысяч рублёў. Сціпламу хлопцу знайсці такія грошы было немагчыма. Ці то Магдалена дала іх на пакупку, ці то яе заказы былі гарантыяй заробкаў — невядома, але без яе ўдзелу дакладна не абышлося.

    Без права на адраджэнне

    У 1912 годзе Мікалай і Магдалена Радзівіл былі вельмі вядомыя ў Мінскай губерні. У гэты час якраз склала свае паўнамоцтвы трэцяя расійская Дума і адбываліся выбары ў чацвёртую. Выбарчы закон дазваляў галасаваць і выбірацца толькі мужчынам, акрамя таго, для гэтага трэба было прайсці маёмасны цэнз. Таму Магдалена свой маёнтак Кухцічы, коштам 1,2 млн рублёў, перапісвае на свайго мужа. У верасні ён прымае падарунак, а ўжо ў кастрычніку адпраўляецца на Балканскую вайну.

    Магдалена застаецца адказнай за ўсе фінансавыя справы. Яна адчувае, што яе ашукваюць з розных бакоў, спрабуючы атрымаць грошы на палітычную, а не на асветніцкую дзейнасць. Таму яна часова спыняе фінансаванне часткі праектаў. У 1913 годзе Мікалай вярнуўся, і гэта быў іх апошні шчаслівы год...

    На гэты час прыходзіцца купля Магдаленай дома ў Мінску па вуліцы Захар'еўскай, 33 — побач з Чырвоным касцёлам. Разам з Мікалаем яны там ладзілі вечарыны. Таксама Магдалена пачынае задумвацца аб адраджэнні касцёла Тамаша Аквінскага, каб служба ў ім вялася на беларускай мове. Ён разам з кляштарам дамініканцаў быў закладзены далёкай раднёй Магдалены, пані Сафіяй Завішай — жонкай вялікага літоўскага падскарбія. Калі ён памёр у 1604 годзе, Сафія стала фундатаркай касцёла, які змяшчаўся за цяперашнім Палацам Рэспублікі з боку вуліцы Інтэрнацыянальнай. Пасля паўстання 1831 года служба ў ім была спынена і ён пачаў выкарыстоўвацца расійскімі вайскоўцамі як памяшканне пад стайню, склады, казарму. А ў 1907 годзе наверсе ўсталявалі пажарную каланчу.

    Магдалена звяртаецца ў гарадскую ўправу, каб даведацца, колькі трэба за гэта заплаціць. Гарадская ўправа назвала суму каля 300 тысяч рублёў. Магдалена згадзілася, аднак управа падняла кошт да 500 тысяч. Пані Радзівіл доўга разважала, але вырашыла ісці да апошняга, аднак у Пецярбургу праект адхілілі без тлумачэння прычын. Гэта было ў канцы 1914 года. Якраз тады, калі яе малады муж па-геройску загінуў у Германіі. Цела прывезлі на Беларусь, ад станцыі Негарэлае сяляне неслі труну на руках да Кухціч 18 вёрстаў. Яго пахавалі менавіта там як гаспадара маёнтка.

    Урокі невядомай мовы

    Тым часам справа нацыянальнага адраджэння працягвалася. Былі арганізаваны падпольныя школы. Іх закрылі як польскія, бо лічылі, раз навучанне не па-руску, то толькі па-польску. Тое самае адбылося, калі Магдалена прывезла ў вёску Лапічы, побач з Жорнаўкай, катэхізіс, надрукаваны на беларускай мове лацінкай. Усхапіліся ўсе: і палякі, і рускія — абодва бакі былі катэгарычна супраць. Пры немцах у 1917 годзе Магдалена заснавала беларускія школкі. Яны праіснавалі да 1918-га, пра што Паўліна Мядзёлка і сястра Канстанцыі Буйло, якія там выкладалі, пакінулі свае ўспаміны.

    У 1918 годзе пані Радзівіл пакідае свае маёнткі, не ведаючы, што больш ніколі сюды не вернецца, і ад'язджае ў Варшаву. Але польскі свет яе не ўспрымае, ні пра кога тады так дрэнна не пісалі сродкі масавай інфармацыі, як пра Магдалену Радзівіл. Калі Мінск займаюць палякі, яна хоча вярнуцца, але назад яе не выпускаюць. Пры гэтым і ў Варшаве заставацца небяспечна: аднойчы яе моцна збілі, таму яна вымушана была тэрмінова ехаць на лячэнне ў Кёнігсберг. І ў Польшчу таксама больш не вярнулася.

    Сітуацыя ўскладнялася тым, што ў яе не было пашпарта, бо Расійская Імперыя ўжо перастала існаваць. Яна ездзіць па замежжы і жыве ў хрысціянскіх прытулках да 1926 года. У гэты час яе знаходзіць сястра Мікалая — Габрыеля, якая працуе ў Лізе Нацый. Так у Магдалены з'яўляецца літоўскі пашпарт. Пры гэтым усе каштоўнасці застаюцца ў Варшаве. Іх атрымалася вывезці падманным шляхам, пасля чаго большую частку калекцыі яна перадае літоўскаму боку. Там яна таксама адчувае сябе не надта ўтульна, але ў 1930 годзе прэзідэнт краіны Антанас Сметана ўручае ёй ордэн Гедзіміна, найвышэйшую ўрадавую ўзнагароду. Дарэчы, сямейны касцёл Дзіцяткі Езуса ў Варшаве яна таксама пакінула літоўцам — з парадай, каб набажэнствы там вяліся на літоўскай мове.

    Некаторы час Магдалена жыве ў Германіі, але, калі пачынае падымацца фашызм, адчувае новыя веянні і перабіраецца ў Швейцарыю ў горад Фрыбург. У прытулку Святой Элізабеты яна і памерла 6 студзеня 1945 года...

    Автор: Дар'я КаскоЗвязда
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)