25 Апреля, 2024 Четверг

“Бераст-Фэст” у Вялікай Бераставіцы

  • 11 июля 2018 Культура Беларуская 0

    У  нядзелю, 8 ліпеня, гарадскі пасёлак Вялікая Бераставіца стаў месцам правя­дзення маштабнага свята, якое аб’яднала гісторыю і сучаснасць раённага цэнтра. Упершыню тут прайшоў “Бераст-Фэст”, які абяцае стаць традыцыйным.  

    Пачалося свята з прыгожай тэатралізаванай воднай дзеі пад назвай “Бераст і Тавіца, ці Гісторыя аднаго кахання” на беразе маляўнічага возера. У аснову сюжэта тэатралізаванага прадстаўлення былі пакла­дзены старадаўнія купальскія традыцыі і рамантычная гіс­торыя кахання хлопца і дзяў­чыны Бераста і Тавіцы, навеяная назвай нашага мястэчка. Гісторыя гэта настолькі прыйшлася па душы бераставічанам, настолькі прыжылася, што яе ўжо смела можна назваць мясцовай легендай.  Лірычныя песні ў выкананні народнага ансамбля “Бера­ставіцкія музыкі” і яго салістаў, танцы мясцовых прыгажунь-дзяўчат, абрад кідання купальскіх вянкоў  у ваду і “жывыя” дэкарацыі  маляўнічага бераставіцкага пейзажу – театралізаваная  дзея  ля возера па-сапраўднаму зачаравала гледачоў. Неверагодна кранальна і з вялікай любоўю да нашай малой радзімы прагучаў верш паэтэсы Галіны Жывіцы пра Бераставіччыну ў выкананні аўтара. Таксама на свяце адбылася прэм’ера песні  аб Бераставіцы Дзмітрыя Мацейкі на словы Кастуся Станкевіча – “Гімн малой радзіме”.  

    Адным з галоўных момантаў праграмы бераставіцкага брэндавага свята стала ўрачыстае адкрыццё Дома рамёстваў, якога з нецярпеннем чакалі бераставічане. Права перарэзаць традыцыйную чырвоную стужку было прадастаўлена старшыні Бераставіцкага райвыканкама Антону Кулісевічу і ганароваму госцю свята, начальніку ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алене Клімовіч. А ўрачыстае адкрыццё “Бераст-Фэсту” прайшло на сцэне летняга амфітэатра ў скверы імя 500-годдзя Вялікай Бераставіцы. У сярэдневяковых традыцыях удзельнікі тэатралізаванага прадстаўлення «Вялікая Бераставіца – праз вякі!» нагадалі пра важныя вехі ў гісторыі Вялікай Бераставіцы і яе ваколіц – ад першага пісьмовага ўпамінання ў 1506 годзе, калі мясцовыя землі былі падараваны Аляксандру Хадкевічу, дзяржаўнаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага, да надання мястэчку  ў 1754 годзе магдэбургскага права, ці права на самакіраванне. Старшыня Бераставіцкага райвыканкама Антон Кулісевіч, якому, дарэчы, была ўручана сімвалічная каралеўская грамата аб заснаванні фэсту, абвясціў свята адкрытым.Завяршылася тэатралізаванае адкрыццё фэсту дэманстрацыяй прыгожага велічнага герба Вялікай Бераставіцы, выкананага ў тэхніцы аплікацыі саломкай, а таксама частаваннем гасцей прысмакамі. 

    “Бераставіца кірмашовая”

    Яшчэ да пачатку ўрачыстага адкрыцця “Бераст-Фэсту” вуліца Леніна ад школы да ўвахода ў сквер імя 500-годдзя Вялікай Бераставіцы пераўтварылася ў сапраўдны горад майстроў. Каля 50 рамеснікаў, народных майстроў з Гродзеншчыны і другіх вугалкоў Беларусі прыехалі ў Бераставіцу, каб прад­ставіць свае вырабы на  выставе-кірмашы і падзяліцца некаторымі сакрэтамі майстэрства.Ганчарныя, саламяныя, вырабы з лазы, дрэва і металу, вышыванкі, цацкі, упрыгожванні – у рамесленых радах вочы разбягаліся ад разнастайнасці і прыгажосці прадстаўленых вырабаў. Акрамя таго, людзі, якіх Бог не абдзяліў талентам і залатымі рукамі, ахвотна праводзілі майстар-класы і вучылі жадаючых свайму майстэрству.На выставе-кірмашы можна было набыць самыя разнастайныя вырабы, як кажуць, на любы густ, паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі. І многія бераставічане адходзілі з рамесленых радоў не з пустымі рукамі, а з эксклюзіўнымі вырабамі народных умельцаў. 

    “Бераставіца шляхецкая і сярэдневяковая”

    Сапраўдны рыцарскі палатачны лагер разгарнуўся на гэтай пляцоўцы. Сваю праграму для бераставічан падрыхтаваў мінскі клуб гістарычнай рэканструкцыі “Гівойт”.— Наш клуб “Гівойт” існуе ўжо амаль 10 гадоў, — расказаў прадстаўнік клуба Аляксей. — У гістарычнай рэканструкцыі мы аднаўляем эпоху сярэднявечча часоў Вялікага княства Літоўскага сярэдзіны XV стагоддзя. Многія рэчы, якія мы дэманструем, зроблены ўласнымі рукамі ў нашай майстэрні. Гістарычная рэканструкцыя тым і адрозніваецца ад музея, што тут да ўсяго можна дакрануцца, прымерыць рыцарскія даспехі, паспрабаваць  падняць меч, нацягнуць лук і арбалет, выпусціць стралу. Для бераставічан клуб “Гівойт” таксама пад­рыхтаваў шмат сярэдневяковых паядынкаў і спаборніцтваў, ва ўсіх жадаючых была магчымасць прымераць рыцарскія латы, паспрабаваць свае сілы ў лучным і арбалетным ціры, прыняць удзел у сярэдневяковых забавах і нават сфатаграфавацца з сапраўдным сярэдневяковым катам.

    «Бераставіца крынічная»

    У шэрагу святочных мера­прыемстваў, падрыхтаваных арганізатарамі «Бераст-Фэсту», цікавасць выклікала і тэматычная пляцоўка «Бераставіца крынічная», на якой працавалі супрацоўнікі раённага аддзела  па надзвычайных сітуацыях. У спякотны летні дзень  магчымасцю  атрымаць асалоду ад прахалоды вады скарысталіся многія жыхары і госці Вялікай Бераставіцы. Яны з задавальненнем каталіся на лодках, з цікавасцю  назіралі  за магчымасцямі тэхнікі, якая служыць бераставіцкім выратавальнікам, і нават самі спрабавалі  свае сілы ў ратаванні  з вады.

    “Бераставіца дзіцячая: вясёлая і гульнёвая”

    Тут дзеці і іх бацькі пазнаёміліся з любімымі героямі мультфільма «Маша і Мядзведзь». Назіраючы за яркім тэатралізаваным прадстаўленнем персанажаў, нават дарослыя акунуліся ў дзяцінства.Кульмінацыяй выступу стала запрашэнне добрага чараўніка ў краіну мыльных бурбалак і чароўных парасонаў: хітрыя фокусы і пералівы далікатных рознакаляровых шароў так зачаравалі гледачоў, што яны яшчэ доўга не адпускалі са сцэны артыстаў. На пляцоўцы на працягу дня працавалі шматлікія атракцыёны, дзеці частавалiся салодкай ватай. Фестываль падарыў маленькім бераставiчанам кавалачак самай сапраўднай казкі.

    “Бераставіца – сяляначкаі працаўніца”

    Пляцоўка, што раскінулася на тэрыторыі Бераставіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, заманьвала бераставічан шматлікімі выставамі, гульнёва-забаўляльнай праграмай і майстар-класамі ад народных умельцаў нашага краю. Увазе гледачоў была прад­стаўлена насычаная музычная праграма, падчас якой на пачуцці прысутных сваім чароўным выкананнем песенных матываў уздзейнічалі калектывы аматарскай творчасці філіялаў па культурна-дасугавай дзейнасці аграгарадкоў раёна. На аздобленым шчырымі ўсмешкамі людзей падворку, кожны жадаючы мог абсалютна бясплатна паласавацца незлічонай безліччу салодкіх прысмакаў: свежымі духмянымі блінамі, пончыкамі, хрумсткімі трубачкамі. Адправіцца насустрач “смачным прыгодам” прапанавалі таксама гасцінныя гаспадыня і гаспадар вялікага падворку, запрашаючы ўсіх прысутных пачаставацца смачнымі брэндавымі стравамі “Юшкай па-бераставіцку” і “Бераставіцкай грэчкай са скваркамі”.

    “Бераставіца музычная і гасцінная”

    Размешчаную ля касцёла пляцоўку прад­стаўлялі выканаўцы Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў – выкладчыкі і вучні. На працягу дня народныя калектывы школы мастацтваў “Канцона” і “Вераск”, узорны ансамбль “Tutti”, асобныя салісты-вакалісты і інструменталісты дэманстравалі свой талент, сваю апантанасць музыкай і сваю любоў да малой радзімы. Праз песні і музычныя творы яны данеслі ўсю сваю шчырасць пачуццяў да роднага мястэчка і сваіх землякоў. Яркія канцэртныя нумары, яскравае выканальніцкае майстэрства дарослых і юных удзельнікаў канцэрта – тым, хто пабываў на музычнай пляцоўцы, сумаваць не давялося. Побач размясцілася выстава пленэрных работ навучэнцаў і выпускнікоў мастацкага аддзялення Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў «Хараство краявідаў Бераставіччыны», што стала сапраўдным упрыгожваннем  свята.

    Музычная афарбоўка свята

    Увесь дзень на летняй сцэне амфітэатра падчас святкавання “Бераст-Фэсту” працягвалася канцэртная праграма. Распачалася яна цыганскім шоу “Кустурыца” з Мінска. Гэты калектыў музыкантаў добра вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. За час свайго існавання ён стаў лаўрэатам і пераможцам міжнародных конкурсаў цыганскага мастацтва, фіналістам «Еўрабачання-2015». Цяпер адчуць дзіўны свет цыганскай рамантыкі, прыгажосці і свабоды, убачыць галавакружны карагод стракатых нарадаў, запальныя танцы змаглі і бераставічане. Перад гледачамі выступілі таксама вядомы ансамбль песні “Белыя Росы” з Гродна, мясцовыя артысты – “Tutti”, “Стакроткі”, “Верацейцы”, “Бераставіцкія музыкі”, тэатр моды “Спадчына” з Ваўкавыска.Яркім момантам на святочным бераставіцкім музычным небасхіле стала выступленне заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Іны Афанасьевай. Гледачы з задавальненнем слухалі і падпявалі даўно ўпадабаныя хіты ў выкананні вядомай спявачкі. У Бераставіцы Іна Афанасьева выступае ўжо не ўпершыню. І кожны раз пры гэтым дэманструе сваё асаблівае стаўленне не толькі да дарослых гледачоў, але і да дзяцей.Завяршыўся музычны дзень выступленнем сталічных музыкантаў. Вечарам на сцэне амфітэатра выступілі вакальная група “Чысты голас” і кавер-бэнд “Pink Kode”.

    Автор: Ірына Міклаш, Вольга Заенчкоўская, Святлана Ганчарова, Юлія Прэдка, Сяргей ХілютаБераставіцкая газета

Комментарии (0)