20 Апреля, 2024 Суббота

Мінск расклалі па ёлачках

  • 27 ноября 2018 Культура Русский 0

    Новы год да нас імчыцца сямімільнымі крокамі, а значыць, час да яго рыхтавацца. Сёлета дызайнеры ДП «Мінскрэклама» распрацавалі ўнікальную канцэпцыю святочнага ўбранства сталіцы. Карэспандэнт «Рэспублікі» пабывала на прадпрыемстве і ўбачыла, чым будуць здзіўляць на Новы год у Мінску.

    На стале ў Таццяны Каліцінай, намесніка дырэктара «Мінскрэкламы», ляжыць шмат прапаноў па ўпрыгажэнні горада. Самыя цікавыя з іх складзеныя ў акуратны стос з краю — менавіта іх пасля гарачых спрэчак і абмеркаванняў выбралі як эталон.

    — У гэтым годзе, спадзяёмся, здзівіць атрымаецца нават самых спрактыкаваных знатакоў прыгожага, — жартуе Таццяна. — Мы распрацавалі графіку, брэндзіраванне, эскізы і каляровыя рашэнні, падрыхтавалі каркасы ёлак і цацкі. Але які Новы год без святла? «Мінгарсвятло» дадасць ва ўсе канструкцыі яркі акцэнт.

    Мы першымі паглядзелі на дэталі сярэбранай прыгажуні, якую ў бліжэйшыя дні ўстановяць на Нямізе. Гэта будзе 16-метровы каркас з серабрыстай мішуры, пранізаны сотнямі святлодыёдных лямпачак і ўпрыгожаны крыштальнымі сняжынкамі.

    У гэтым годзе вуліцы горада ўпрыгожаць 26 асноўных навагодніх ёлак. Але апроч іх, упэўнена субяседніца, кожны ўласнік паставіць зялёную прыгажуню, у прыватнасці, каля ТЗЦ, крамы. Дарэчы, усе яны са штучнай хвоі — гэта вельмі практычна, таму што могуць выжыць у любых умовах. Калісьці каркас галоўнай ёлкі краіны прыбіралі ў галінкі жывых елак — каб атрымалася прыгожая канструкцыя, прыйшлося загубіць 1,5 тысячы невялікіх дрэўцаў. 

    — Фармат Новага года-2019 кардынальна змяніўся. Мы вырашылі забрэндзіраваць кожную ёлку ў залежнасці ад яе месцазнаходжання. Напрыклад, каля Нацыянальнай бібліятэкі цацкі будуць у форме алфавіта кірыліцы, а верхавіна — упрыгожаны святлодыёдамі кораб у выглядзе першай літары алфавіта «Аз». Ёлка на «Чыжоўка-Арэне» нагадае наведвальнікам аб значных спартыўных мерапрыемствах, якія праводзяцца там. На плоскіх цацках з дапамогай друку выдзелім лагатыпы Каляднага турніру аматараў хакея і гарадскіх спаборніцтваў «Залатая шайба». Ёлку каля плошчы Дзяржаўнага сцяга забрэндзіруем у колеры нацыянальнай сімволікі — чырвоны, зялёны, белы. А ў якасці арнаменту размесцім сняжынкі. Зялёную прыгажуню насупраць Мінгарвыканкама прыбяром у цацкі з прынтам герба сталіцы, нанесеным ультрафіялетавай пячаццю. Дзякуючы гэтаму ўпрыгажэнні набудуць дынамічнасць, даўгавечнасць, глыбіню фарбаў.


    А вось яркая ёлка ля «Мінск-Арэны» ўжо некалькі дзён радавала ўдзельнікаў і гасцей «Еўрабачання-2018». Але неўзабаве цацкі з сімволікай музычнага конкурсу зменяць на святлодынамічныя: яны складаюцца з драбнюткіх паетак і ствараюць эфект свячэння.

    Традыцыйна ўсіх цікавіць, як жа ўпрыгожаць ёлкі каля Палаца Рэспублікі і Палаца спорту. Мы першымі паглядзелі на дэталі сярэбранай прыгажуні, якую ў бліжэйшыя дні ўстановяць на Нямізе.

    — Канцэпцыю гэтай ёлкі нам падрыхтаваў неабыякавы мінчанін, — расказвае Таццяна Каліціна і прапануе палюбавацца загатоўкамі, якія захоўваюцца на складзе. — Як бачыце, гэта будзе 16-метровы каркас з серабрыстай мішуры, пранізаны сотнямі святлодыёдных лямпачак і ўпрыгожаны крыштальнымі сняжынкамі. Малады чалавек прапанаваў зверху размясціць зорнае неба, але ва ўмовах вуліцы гэта зрабіць немагчыма, таму «столь» будзе падобная на спадаючы светлавы вэлюм. Каля Палаца спорту, акрамя банераў і пано з віншаваннямі, з'явяцца таксама і расцяжкі, прысвечаныя II Еўрапейскім гульням.

    Галоўная ёлка краіны сёлета таксама здзівіць. На іглістыя галінкі, упрыгожаныя залатымі і сярэбранымі шарамі, нацягнута больш за 100 тросаў, на якіх «Мінгарсвятло» размесціць пікселі. Яны накрыюць ёлку своеасаблівай сеткай і змогуць адлюстроўваць амаль любую карцінку па зададзенай праграме.


    — Яшчэ адным дзіўным атрыбутам стане пано на БДПУ імя Танка. Гэта своеасаблівы габелен, ручная работа. Пано складаецца з 8 тысяч сцяжкоў — дызайнеры іх раскладваюць па колерах, і атрымліваецца карціна з галінкамі, шышкамі і шарыкамі. 

    Колеры настрою гэтага года халодныя: блакітны, сіні, сярэбраны, белы. Елкі на галоўных вуліцах і плошчах упрыгожаць да 15 снежня, а да 25 снежня запаляць прыгажунь па ўсім горадзе.

    glushko@sb.by

    Фота Уладзіміра ШЛАПАКА

    Автор: ГЛУШКО ХристинаРэспубліка
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)