02 Мая, 2024 Четверг

Першай сямейны капітал аформіла сям’я Еўтухаў

  • 10 апреля 2015 Экономика Беларуская 0

    2 красавіка райвыканкамам было прынята рашэнне аб назначэнні сямейнага капіталу першай шматдзетнай сям’і. Ёю стала сям’я Аляксандра і Марыі Еўтухаў з г. Івацэвічы, у якой 17 лютага сёлетняга года нарадзілася трэцяе дзіцятка – сын Андрэй.

    Усяго ў раёне падалі дакументы на афармленне сямейнага капіталу 15 шматдзетных сем’яў. Станоўчае рашэнне прынята райвыканкамам па 8 сем’ях.

    – Цяжка гадаваць траіх дзяцей?– спытала падчас прагулкі з дзецьмі ў Марыі, вочы якой радасна ззялі ў акружэнні малых і мужа.

    – Радасна, – адказвае мама Марыя Сяргееўна. – Галоўнае, каб дзеці раслі здаровымі. Вядома, бывае, не дасыпаеш, але наш тата малайчына, па выхадных мне дапамагае з дзецьмі, і гуляе з імі, можа і посуд памыць, і ў вёсцы бацькам сваім дапамагчы. Ён у мяне сапраўдны гаспадар, усё можа зрабіць. І калі б час можна было вярнуць назад, я б не хацела нічога памяняць.

    Прыемна чуць, калі маладыя жывуць у радасці, з каханнем і ўзаемапавагай. І каб у маладой сям’і ўсё ладзілася, дапамагаюць бабулі і дзядулі. Бабуля Ніна Канстанцінаўна і дзядуля Пётр Паўлавіч заўсёды гатовы падставіць сваё плячо, дапамагаюць чым могуць, самі пераязджаюць на дачны сезон у вёску Гошчава, каб маладым, якія яшчэ не нажылі свайго жылля, прадастаўляць магчымасць пацешыцца сам-насам.

    Аляксандр і Марыя разам пражылі чатыры гады. А пазнаёміліся маладыя ў Пінску, адкуль Марыя родам.

    – З сябрамі мы ў той дзень паехалі на прыроду на шашлыкі, у кампаніі быў цікавы малады чалавек, на якога я адразу звярнула ўвагу. Ён, аказалася, прыехаў з Івацэвічаў у госці да сваёй стрыечнай сястры. Пасля адпачынку Саша прапанаваў мяне правесці дадому. Я згадзілася.

    Так у маладых людзей завязаліся адносіны. Але першым часам зносіны мелі толькі па тэлефоне. І тое, у Марыі была мабільная сувязь Велкам, у Аляксандра – МТС. Доўга не пагаворыш, дорага. І ў хуткім часе адносіны зышлі амаль на нуль. Узнавіліся толькі тады, калі Аляксандра забралі ў армію. Марыя абяцала чакаць, прыязджала праведаць час ад часу. І калі Аляксандр застаўся служыць яшчэ на два гады па кантракце, пытанне вяселля не адышло ўбок, наадварот, сталі рыхтавацца да яго. Прыехалі да нявесты бацькі Аляксандра, пазнаёміліся, пасля сватання і абмену падарункамі 30 красавіка 2011 года ў Пінску згулялі вяселле. Але маладая сям’я стала жыць у Івацэвічах, на радзіме мужа.

    Аляксандр Пятровіч Еўтух пасля арміі ўладкаваўся на працу механікам у філіял “Аўтабаза” Івацэвіцкага райста, а потым у ААТ “Івацэвічдрэў” слесарам-рамонтнікам, дзе ўжо працуе амаль два гады. Марыя Сяргееўна пасля школы вывучылася ў вучылішчы на прадаўца, потым у каледжы атрымала спецыяльнасць тавараведа, а ўжо з двума дзецьмі заканчвала завочна Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі, дзе вучылася на эканаміста-менеджара. Жывуць маладыя ў кватэры бацькоў, стаяць на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў.

    Старэйшым дзецям Еўтухаў – двайнятам Алёшы і Елізавеце – 19 красавіка споўніцца тры гады, малодшаму Андрэйку праз тыдзень – два месяцы. Двайняты наведваюць дзіцячы садок “Каласок”, які месціцца побач са шматкватэрным домам, у якім пражывае сям’я.

    – Ці доўга збіралі дакументы на афармленне мацярынскага капіталу? – цікаўлюся напрыканцы размовы.

    – Зусім нядоўга. Ды і дакументаў для гэтага трэба няшмат. Пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, пасведчанне аб заключэнні шлюбу, пашпарты бацькоў, даведка аб складзе сям’і, вось і ўсё. На месцы ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама напісалі заяву, а праз колькі дзён нам паведамілі, што рашэнне райвыканкамам прынята станоўчае. Тады пайшлі ў банк адкрываць рахунак. Там, дарэчы, мы былі таксама першыя, і банкаўскія работнікі крыху разгубіліся, бо яшчэ не афармлялі такіх рахункаў і хваляваліся, каб не памыліцца і ўсё правільна аформіць.

    – На што плануеце патраціць у будучым сямейны капітал?

    – Неяк яшчэ і не думалі. Пакуль жывем радаснымі эмоцыямі, прыемна, што дзяржава праяўляе клопат аб шматдзетных сем’ях. Хутчэй за ўсё ў будучым накіруем сямейны капітал на жыллё для сына.

    Валянціна БОБРЫК, фота аўтара.

    Автор: Валянціна БобрыкІвацэвіцкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)