10 Мая, 2024 Пятница

Залатая жыла Брэстчыны

  • 15 апреля 2015 Экономика Беларуская 0

    Пытанні гэтыя для началь­нікаў, галоўных заатэхнікаў райсельгас­харчаў, галоўных ветэрынарных урачоў, ды­рэк­тараў райплемстанцый, спецыялістаў абл­сельгасхарчу і падведамасных арганізацый і асабліва для кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў Маларыцкага і Кобрынскага раёнаў, якія былі запрошаны на калегію, не новыя. Больш таго, для некага яны ўжо набілі аскоміну. І адкрыццяў ніякіх новых падчас іх абмеркавання не была зроблена. Хіба толькі ўдакладненне намесніка старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргея Буткевіча пра тое, што ніякай вучобы ў гэтым кірунку праводзіцца больш не будзе. Будуць толькі справаздачы, а дакладней, прэзентацыя таго, што зроблена ў гаспадарках па ўкараненні сучасных тэхналогій вырошчвання рамонтнага маладняку буйной рагатай жывёлы і вытворчасці малака.

    Менавіта з прэзентацыі распачалася выязная калегія на малочнатаварнай ферме “Вялікарыта” СВК “Рыта”, дзе шмат зроблена ў гэтым накірунку, а з малаком экстра-класа пакуль не атрымліваецца. А прэзен­тавалі сваю работу кіраўнік гаспадаркі Іван Пастушак і галоўны заатэхнік Дзмітрый Гузіч. Яны не толькі распавядалі прысутным пра тое, што на ферме ўкаранёна і дзейнічае, але і адказвалі на шматлікія пытанні, якімі іх “засыпалі” намеснік старшыні аблвыканкама Мікалай Токар і намеснік старшыні аблсельгасхарчу Сяргей Буткевіч. І пра надой малака ад каровы ў розныя перыяды лактацыі, і пра арганізацыю кантролю за прыгатаваннем кормасумесяў, і пра тое, як вымяраецца іх вільготнасць, і пра выпойванне нованароджаных цялят малодзівам, і як яно размарожваецца, а яшчэ пра выяўленне кароў, якія прыходзяць у ахвоту, бо прыкладна ў 40% выпадкаў каровы становяцца ялавымі менавіта з-за пропуску гэтага моманту, і іншыя. Адказы старшыні і галоўнага спецыяліста не выклікалі асаблівых нараканняў. І надой малака ў 18 літраў у першы перыяд пасля расцёлу для кароў, якія ўтрымліваюцца на ферме, нармальны, зазначыў намеснік старшыні аблвыканкама Мікалай Токар. Хоць мог бы дасягаць і 25 літраў. Але для гэтага неабходна працаваць са статкам. Гэта значыць, строга выконваць патрабаванні па складанні рацыёнаў, прыгатаванні кармоў. А яшчэ набыць неабходнае абсталяванне, якое каштуе ў дзясяткі разоў танней, чым будаўніцтва сучаснай малочнатаварнай фермы. Бо без таго ж кормараздатчыка ці аўтаматычнага размарожвальніка малодзіва (яны ёсць толькі на палове ферм раёна) атрымаць аддачу будзе няпроста.

    Не атрымліваецца пакуль з малаком экстра-класа і ў СВК “Чарняны” (тут у адрозненне ад “Рыты” парадак у жывёлагадоўлі наво­дзяць уласнымі сіламі), хоць, мяркуючы па справаздачы кіраўніка гаспадаркі Міхаіла Перкаўца і спецыялістаў галіны, усе яны разумеюць пастаўленую перад імі задачу і строга выконваюць усе патрабаванні для таго, каб з маленькага цялятка выгадаваць здаровую карову і атрымаць ад яе не толькі вялікае малако, але ў першую чаргу якаснае. А якасць, зазначыў Сяргей Буткевіч, акрамя ўсяго залежыць не толькі ад чысціні каровы, але і ад работы аператараў, якія абавязкова павінны працаваць у пальчатках, карыстацца толькі аднаразовымі вільготнымі сурвэткамі, а яшчэ ад чысці­ні малочнага абсталявання. Спецыяліст адрасаваў гэтыя патрабаванні не столькі чарнянцам, колькі ўсім работнікам жывёлагадоўчай галіны вобласці. Бо такія недарэчнасці, па яго словах, можна знайсці ў кожнай гаспадарцы.

    Як, напрыклад, на ферме «Боркі» ААТ «Астромічы» Кобрынскага раёна, дзе каровы знаходзяцца на прывязным ўтрыманні. Шчыра кажучы, я асабіста даўно не бачыла такой бруднай жывёлы. Ды і само памяшканне з пачарнелай столлю выглядала не лепш. Зусім іншы малюнак убачылі на новай сучаснай ферме «Плянта». Гэта, відаць, адсюль ідзе малако экстра-класа, якога летась гаспадарка рэалізавала больш за 40%. Гэтую лічбу ўдзельнікам калегіі агучыў дырэктар ААТ Уладзімір Псышчаніца. Ён жа распавёў пра далейшыя планы развіцця гаспадаркі ў цэлым і жывёлагадоўчай галіны ў прыватнасці.

    На пленарным пасяджэнні калегіі, якое правёў намеснік старшыні аблвыканкама Мі­­калай Токар, былі пра­аналізаваны вынікі работы малочнай жывёлагадоўлі ў першым квартале, іх агучыў Сяргей Буткевіч. Намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама адзначыў, што з пачатку года ні ў адным раёне не дасягнулі таго ўзроўню вытворчасці, каб можна было гаварыць пра стабілізацыю ў жывёлагадоўчай галіне. Таму ўсе рэгіёны павінны нарошчваць вытворчасць малака. А рэальны тэмп прыросту павінен быць не менш за 10 працэнтаў. Сяргей Буткевіч назваў раёны, дзе дапушчаны найбольшы спад вытворчасці малака, дзе яго найгоршая якасць, прааналізаваны дапушчаныя памылкі. А яшчэ на калегіі былі пастаўлены задачы на пашавы перыяд.

    Што тычыцца вынікаў работы жывёлагадоўчай галіны Маларыцкага раёна, адзначалася на калегіі, то яны з улікам укладзеных у яе сродкаў, павінны быць лепшымі. І перш за ўсё ў плане павышэння якасці малака. Бо яно – залатая жыла для Брэстчыны.

    На здымку: удзельнікі калегіі на малочнатаварнай ферме “Чарняны”.

    Фота аўтара.

    Автор: Надзея ЯцураГолас часу

Комментарии (0)