19 Апреля, 2024 Пятница

Толькі афіцыйная паслуга мае гарантыю

  • 15 апреля 2015 Экономика Беларуская 0

    А яшчэ спецыялісты не выключаюць, што ў хуткім часе пакоі ў муніцыпальных інтэрнатах могуць трапіць у разрад камерцыйнага жылля

    Менавіта ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі яшчэ застаюцца датацыі дзяржавы. Новым кіраўніцтвам міністэрства сёлета распачата прынцыповая рэформа ўсёй жыллёва-камунальнай сферы. Яе мэта — падзел функцый заказчыка і падрадчыка, якія выконвае сёння ЖРЭА, а таксама адсейванне неўласцівых сістэме ЖКГ функцый. Змены павінны прывесці да знікнення ўсіх недарэчнасцяў і асноўных праблем у структуры абслугоўвання жыллёвага фонду і зрабіць празрыстай сістэму налічэння аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі. Аднак пакуль што складаных сітуацый яшчэ шмат. Таму тэлефон нашай «прамой лініі» з міністрам жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Аляксандрам Церахавым не адпачываў ніводнай хвіліны. Кіраўнік галіны правёў не проста лікбез для чытачоў «Звязды», але і паспрабаваў рэальна дапамагчы некаторым з іх у вырашэнні жыццёвых цяжкасцяў.

    Ільготная вада — не для жывёлы

    Надзея Васільеўна, аграгарадок Лёўкаўшчына, Чавускі раён, Магілёўская вобласць:

    — Я тэлефаную ад імя ўсіх жыхароў нашага мястэчка. У нас такое пытанне. Мы карыстаемся цэнтральным водазабеспячэннем і каналізацыяй. Да таго часу, пакуль нам не паставілі лічыльнікі, у нас была норма на жывёлу — курэй, свіней і гэтак далей. Пасля таго, як паставілі прыборы ўліку, — норма толькі на людзей, якія жывуць у доме. Але ж мы карыстаемся вадой, якая ідзе праз лічыльнік, і для жывёлы, і для іншых гаспадарчых патрэб. Ці можна нам атрымаць нейкую дадатковую норму на гаспадарчыя патрэбы, бо мы за перарасход плацім вялікія грошы?

    — У свой час міністэрствам былі распрацаваны нормы спажывання вады ў сельскай мясцовасці, якія ўлічвалі спажыванне вады не толькі чалавекам, але і жывёлай ды соткай зямлі. Гэта было зроблена для таго, каб нейкім чынам выставіць вам рахунак за ваду. Была такая своеасаблівая сістэма ўліку. Паступова мы прыйшлі да індывідуальнага ўліку вады і дыферэнцыяванай сістэмы аплаты…

    — Мы ўсё гэта ведаем. Наша пытанне іншае: чаму няма дадатковай нормы на жывёлу?

    — Цяпер гэта ўжо не норма спажывання. Па дыферэнцаванай сістэме норма ў 140 літраў на чалавека ў суткі аплачваецца насельніцтвам па льготным тарыфе. Гэта своеасаблівая адрасная субсідыя ад дзяржавы. Звышспажыванне вады, якая выкарыстоўваецца для вядзення гаспадаркі, таксама прыносіць чалавеку дадатковы прыбытак — ён мае сваё мяса і гародніну. Вы ж потым на рынку парсючка ці зяленіва гарадскім жыхарам па льготнай цане не будзеце прапаноўваць? Таму незразумела, чаму дзяржава павінна субсідаваць ваш дадатковы даход. А за спажыванне вады звыш акрэсленай нормы насельніцтва плаціць выключна па тарыфах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат на паслугі. Думаю, што такая сістэма прымусіць нашых людзей больш эканомна выкарыстоўваць ваду, каб зберагчы не толькі дзяржаўныя рэсурсы, але і сваю капейку.

    Ігар Азарэвіч, г. Мінск:

    — Якая норма дзейнічае ў дачыненні да шматдзетных сем’яў пры дыферэнцаваным падыходзе, калі, напрыклад, у кватэры прапісаны трое з пяці членаў сям’і — бацька і двое дзяцей, а жонка і яшчэ адно дзіця — у іншым месцы? Ці мае сям’я ў такім выпадку права на льготную аплату? 

    — Налічэнне платы шматдзетнай сям’і за паслугі водазабеспячэння, водаадвядзення (каналізацыі), газа- і электразабеспячэння ажыццяўляецца па тарыфах, якія субсідзіруюцца, без прымянення дыферэнцаванай платы за гэтыя паслугі ў залежнасці ад аб’ёму спажывання. У такой сітуацыі пры налічэнні платы за водазабеспячэнне і водаадвядзенне (каналізацыю) гэтая норма ўжываецца ў дачыненні да ўсіх жылых дамоў (жылых памяшканняў), у якіх ва ўстаноўленым парадку зарэгістраваны па месцы жыхарства (па месцы знаходжання) названыя катэгорыі грамадзян, згодна з інфармацыяй, пададзенай аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам.

    А вось пры налічэнні платы за паслугі газа- і электразабеспячэння гэтая норма прымяняецца толькі ў дачыненні да аднаго жылога памяшкання па выбары шматдзетнай сям’і на падставе пісьмовай заявы.

    Ганна Чурвіна, Гомельская вобласць:

    — Добры дзень, паважаны міністр. Мяне турбуе законнасць і правамернасць дзеянняў Рагачоўскага гарвадаканала. Справа ў тым, што ў Рагачоўскім раёне (п. Янкаў Лог Кісцянёўскага сельсавета) знаходзіцца наш бацькоўскі дом. Тэрыторыя з’яўляецца забруджанай радыенуклідамі, таму ў пачатку 90-х там быў пракладзены вадаправод і ўстаноўлены на вуліцы калонкі. Жыхары спраўна ўносілі плату за карыстанне вадой. Цяпер шмат каго з аднавяскоўцаў ужо не стала, але летам многія дамы выкарыстоўваюцца як дачы. Пачынаючы з восені 2014 года, калонкі гарвадаканал пачаў дэмантаваць, прапаноўваючы правесці ваду ў двары. Кошт гэтай паслугі немалы. А калодзежы, іх у пасёлку ўсяго 2 (вельмі глыбока грунтовыя воды), знаходзяцца ў кепскім стане. І калі мы адзін з іх стараліся падтрымліваць у парадку, за зіму знік трос і ланцуг. Я прыязджаю туды прыкладна на 1-2 тыдні. Які сэнс мне падводзіць ваду ў двор? Ці не прасцей было б заключыць дагавор з усімі «дачнікамі» і аплачваць паслугі за карыстанне вадой за ўвесь каляндарны год? Няўжо знішчыць калонкі і пакінуць людзей без вады значна прасцей? 

    — Для выключэння няўлічанага спажывання вады і зніжэння сабекошту паслуг водазабеспячэння, службамі КЖРЭУП «Рагачоў» праводзіцца паэтапны дэмантаж вулічных водаразборных калонак у раёне. Пры гэтым дэмантажу падлягаюць толькі тыя вулічныя калонкі, дзе адсутнічаюць дагаворы на паслугі водазабеспячэння. У сувязі з гэтым прапануем вам звярнуцца з заявай у гэтае прадпрыемства для заключэння дагавора на паслугу водазабеспячэння з вулічнай водаразборнай калонкі, пасля заключэння дагавора на калонку будзе ўстаноўлена запорная прылада і вам будзе выдадзены ключ для карыстання.

    На зламаным лічыльніку не заробіш

    Марыя Гойтан, г. Баранавічы, Брэсцкая вобласць:

    — У кастрычніку мінулага года пры аплаце камунальных плацяжоў я заўважыла, што ў мяне сапсаваўся лічыльнік гарачай вады. Адразу выклікала спецыяліста, які гэты лічыльнік памяняў. Але потым нам зрабілі пераразлік па аплаце вады з красавіка па кастрычнік і выставілі да аплаты дадаткова 70 тысяч рублёў. Гэта патлумачылі тым, што лічыльнік мог зламацца менавіта ў красавіку, калі апошні раз яго правяраў спецыяліст. Але ж ўсе гэтыя месяцы я спраўна плаціла за 3 кубы спажывання. А цяпер з мяне патрабуюць аплату па сярэднім, як для тых, у каго лічыльніка няма.

    — У вашым выпадку трэба разбірацца асабіста. Лічыльнік сапраўды можа ламацца. У выпадку сапсавання прылады па сярэднім падлічваюць для таго, каб цалкам выключыць мэтазгоднасць наўмыснага спынення лічыльніка спажыўцамі вады. Адпаведная пастанова Савета Міністраў дзейнічае менавіта для злосных неплацельшчыкаў. А ўсім астатнім спажыўцам я параіў бы пры спыненні лічыльніка неадкладна звяртацца ў адпаведныя службы, каб потым не ўзнікала падобных спрэчных пытанняў.

    Аляксандр Кісялёў, г. Чачэрск, Гомельская вобласць:

    — Прашу растлумачыць: на платнай ці бясплатнай аснове праводзіцца праверка лічыльнікаў вымярэння вады? За гэтую паслугу ў нашым горадзе ў дамах па завулку Дзяржынскі жыхары заплацілі па 250 тысяч рублёў, а ў жыхароў вуліцы Сялянская ўсё было бясплатна.

    — Згодна з дзейнымі нарматыўнымі дакументамі, метралагічная планавая паверка індывідуальных прыбораў уліку вады праводзіцца на бязвыплатнай аснове, з улікам устаноўкі прыбора ўліку з падменнага фонду арганізацыі ЖКГ. Пры гэтым, у выпадку жадання абанента захаваць існуючы прыбор уліку, абанент дадаткова аплачвае выдаткі па ўсталяванні і выкліку арганізацыі ЖКГ. Таксама варта адзначыць, што ў выпадку выяўлення няспраўнасцяў прыбора ўліку рамонт праводзіцца за кошт сродкаў абанента.

    Кар. «Звязды»:

    — Нават укараненне індывідуальнага ўліку расходу вады (цяпла) не надта прымусіла людзей больш эканомна ставіцца да спажывання. Якімі лічбамі вы можаце пераканаць спажыўцоў у неабходнасці нават самай маленькай эканоміі?

    — Актуальным напрамкам пры разліках за камунальныя паслугі з’яўляецца вызначэнне фактычнага спажывання рэсурсаў, што немагчыма без прыборнага ўліку, г.зн. асноўным прынцыпам з’яўляецца «колькі спажыў — за столькі заплаціў». У 2011 годзе ў краіне ўведзены дыферэнцаваны механізм унясення платы за паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення (каналізацыі), які заключаецца ў тым, што разлікі па тарыфах, якія субсідзіруюцца, ажыццяўляюцца ў межах 140 літраў на аднаго чалавека ў суткі. Пры гэтым спажыванне вады ў рэспубліцы ў 2012 годзе скарацілася на 3 млн куб. м у параўнанні з 2011 годам, што параўнальна з гадавым спажываннем вады такім горадам, як Бабруйск.

    Дарэчы, аналіз водаспажывання за 2014 год паказаў, што з агульнай колькасці ўліковых спажыўцоў больш за 75% спажываюць ваду ў межах нормаў (140 літраў за суткі на чалавека).

    Выгада ў эканоміі вады (цяпла) відавочная. З яе дапамогай можна дамагчыся рэальнага зніжэння сум у жыроўцы. Так, напрыклад, плата за 1 куб. м гарачай вады па тарыфах, што забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат, складае каля 12 тысяч рублёў, а па тарыфах, якія субсідзіруюцца, — каля 4 тысяч рублёў. Прамая залежнасць налічанай платы ад спажывання вады (цяпла) прымушае задумацца аб эканоміі і, напрыклад, не пакідаць надоўга адкрытыя краны або адчыняць форткі, калі можна адрэгуляваць тэмпературу паветра ў пакоі.

    Дэцэнтралізацыя людзей не пакрыўдзіць

    Ніна Крывель, аграгарадок Крупіца, Мінскі раён:

    — Добры дзень, спадар міністр! У нас ёсць праблема. Днямі наша сям’я, а таксама суседзі па вуліцы (Міхайлавы, Ярматавы, Крыловіч, Туміловіч, Ядзевіч, Сарокіна і іншыя) атрымалі паведамленне, згодна з якім у наступным сезоне нас адключаць ад цэнтральнага ацяплення ў сувязі з эканоміяй сродкаў. Цяпер, атрымліваецца, мы павінны самастойна ацяпляць свае прыватныя дамы. Аднак калі па цотным баку вуліцы Садовай газ існуе, то ў нас ён не падведзены. І ў найбліжэйшай будучыні падключаць нас не будуць. Таму ставіць газавыя калонкі для ацяплення не маем магчымасці. І што цяпер — замярзаць наступнай зімой?

    — Чым тлумачаць такія дзеянні — напэўна, дэцэнтралізацыяй сістэмы ацяплення?

    — Так, менавіта гэтым.

    — Насамрэч гэты падыход правільны. Калі кацельня абслугоўвае малую колькасць прыватных дамоў, нам больш выгадна правесці газ і паставіць вам індывідуальныя катлы. Але пакінуць вас без ацяплення ніхто не мае права, не прадаставіўшы альтэрнатыўнай крыніцы энергіі. У вас жа ёсць дагавор па цеплазабеспячэнні, і ён не можа быць скасаваны ў аднабаковым парадку. Не хвалюйцеся, мы пракантралюем, каб вас не пакрыўдзілі. Шчыра кажучы, вам з катлом будзе нават зручней. Глядзіце: калі захацелі павялічыць тэмпературу ў хаце, тады самі дадалі «агню» — і стала цяплей. А ў міжсезонне і цёплую зіму будзеце мець магчымасць эканоміць і падтрымліваць камфортную тэмпературу самастойна.

    Патэлефанавала яшчэ адна жыхарка Крупіцы:

    — Скажыце, а будучыня Мінскага раёна будзе звязана з прыродным газам?

    — Акцэнт у малой энергетыцы мы робім на развіццё мясцовых відаў паліва. Мы лічым, што сёння дастаткова альтэрнатыўных відаў паліва, якімі мы можам замяніць той жа газ, які купляем за валюту. У нас ёсць салома, адходы драўніны, можна ставіць пелетныя катлы. Гэта для нас будзе найбольш выгадна.

    І міністры лямпачкі мяняюць

    Ірына Уладзіміраўна, аграгарадок Наваселле, Мінскі раён:

    — Аляксандр Аляксандравіч, каля нашых шматкватэрных дамоў коцікі развяліся. Тры гады я прашу адпаведныя службы іх злавіць, але няма ніякіх вынікаў.

    — І за тэхабслугоўванне дома вы па жыроўцы плаціце?

    — Зразумела, усё як належыць.

    — Вы павінны звярнуцца ў прадпрыемства ЖКГ «Жыллёвік Міншчыны», і яго спецыялісты абавязаны ажыццявіць адлоў бяздомных жывёл. Я так разумею, што вы туды толькі тэлефанавалі. Магчыма, на тым канцы провада да вашай просьбы паставіліся не зусім сур’ёзна. Мы, у сваю чаргу, накіруем адпаведнае даручэнне ў «Жыллёвік Міншчыны».

    — А яшчэ, спадар міністр, у нас на першым паверсе пад’езда пастаянна святло не гарыць, бо лямпачку не мяняюць.

    — Спадарыня Ірына, а ў вас мясцовая ўлада ўвогуле ёсць?

    Няўжо вы лічыце, што лямпачку ўкручваць вам прыедуць спецыялісты з Мінска? Мы вас пачулі і адрэагуем.

    Наталля Федарцова, г. Жлобін, Гомельская вобласць:

    — Мы жывём у шматкватэрным драўляным бараку. З выгод у доме толькі электрычнасць. Ацяпляем дровамі, прыбіральня на вуліцы. Пры гэтым мы аплачваем камунальныя паслугі нароўні з тымі, хто жыве ў дамах з усімі выгодамі. Напрыклад, падняліся напрыканцы года тарыфы на тэхабслугоўванне.

    — Калі ў вас няма прыдомавай тэрыторыі, замацаванай за вашым домам, то тарыф павінен быць зніжаны. Калі ў вас няма месцаў агульнага карыстання, — таксама. Ёсць у вас пад’езд?

    — Няма.

    — Значыць у вас павінен быць зніжаны тарыф на адсутны від жыллёва-камунальнай паслугі. Ёсць такая пастанова Савета Міністраў.

    — Чаму тады нам гэтыя тарыфы паднялі?

    — Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, акрамя электраэнергіі, газу і цяпла, рэгулююцца абласнымі выканаўчымі камітэтамі. Таму гэта не загад міністра, а рашэнне старшыні выканаўчага камітэта вашай вобласці. Аднак ваду вы спажываеце аднолькава, незалежна ад таго, жывяце вы ў добрым або дрэнным доме. Вада каштуе столькі, колькі каштуе. Электраэнергія — аналагічна. А па тэхабслугоўванні вашы прэтэнзіі абсалютна справядлівыя. Мы зоймемся вырашэннем вашага пытання.

    Уладзімір Невядомскі, г. Драгічын, Брэсцкая вобласць:

    — У нас побач стаяць два 18-кватэрныя дамы — 2- і 3-павярховыя. Некалькі гадоў таму скарацілі дворнікаў, таму двор і лесвічныя пляцоўкі ніхто не прыбірае. Аднак у «жыроўках» аплата за прыборку прысутнічае. Сума невялікая, але яна ёсць. Чаму так адбываецца?

    — Мерапрыемствы па санітарным утрыманні пад’ездаў шматкватэрных жылых дамоў і іх прыдомавых тэрыторый пакуль уваходзяць у пералік работ, што выконваюцца пры тэхнічным абслугоўванні жылых дамоў. У гэтым выпадку, улічваючы, што тэхнічнае абслугоўванне з’яўляецца асноўнай жыллёва-камунальнай паслугай, спажывец мае права прад’явіць патрабаванні ў сувязі з аказаннем жыллёва-камунальнай паслугі з недахопамі ў парадку, вызначаным Законам Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг», у тым ліку і па пераразліку памеру платы.

    Аляксей Аляксандравіч, г. Баранавічы, Брэсцкая вобласць:

    — У нашым доме ўстанавілі дзверы з дамафонам. Але мне не патрэбен дамафон, які прапануецца разам з магнітным чыпам за даволі вялікія грошы. Я прасіў фірму, якая ставіла дзверы, альбо даць мне толькі чып, альбо паведаміць адпаведны код, каб я мог заходзіць у пад’езд. Аднак чып без дагавора мне не даюць. Чаму?

    — Тэхнічнае абслугоўванне запорна-перагаворнай прылады з’яўляецца дадатковай жыллёва-камунальнай паслугай і можа быць аказана грамадзяніну — плацельшчыку жыллёва-камунальных паслуг (уласніку ці наймальніку кватэры) і аплачана ім толькі пасля заключэння адпаведнага дагавора на аказанне гэтай паслугі. Прымус да заключэння дагавора на аказанне дадатковых паслуг з’яўляецца парушэннем дзейнага заканадаўства. У сувязі з гэтым, калі спажывец нязгодны з устаноўкай перамоўнай прылады, ён мае права не аплачваць такую паслугу. У сваю чаргу арганізацыя, якая ажыццяўляе тэхнічнае абслугоўванне дамафона, абавязана забяспечыць бесперашкодны доступ у пад’езд (шляхам прапановы магнітнага чыпа ад дзвярэй або паведамленнем кода доступу).

    Генадзь Абрамовіч, г. Смалявічы, Мінская вобласць

    — У нашай кватэры сушыльнікі для ручнікоў ледзь цёплыя. Нават тады, калі з крана цячэ амаль што кіпень. Як можна вырашыць гэту праблему?

    — Тэмпература нагрэву паверхні сушыльнікаў у жылых дамах, абсталяваных сістэмай рэцыркуляцыі, павінна нязначна адрознівацца ад тэмпературы гарачай вады ў жылым доме (не менш за 500С). Эксплуатуючай арганізацыі будзе даручана разабрацца, высветліць і ліквідаваць прычыну недагрэву змеевікоў у гэтым выпадку.

    Як рэформа адаб’ецца на зарплаце работнікаў ЖКГ?

    Сяргей Валянцінавіч, г. Мінск:

    — Добры дзень! Я працую майстрам у сістэме ЖКГ ужо 17 гадоў. Набліжаюцца змены ў нашай працы. І мяне цікавіць, калі рабочых нашых службаў перавядуць на аклады (бо атрымаць нармальны заробак на здзелцы немагчыма)?

    — Калі мы гаворым пра тэхнічнае абслугоўванне жыллёвага фонду, то з 2 сакавіка 2015 года ў Першамайскім і Партызанскім раёнах пачаўся эксперымент па рэфармаванні ЖКГ. І, згодна з рэформай, людзі, якія абслугоўваюць жыллёвы фонд, будуць пераведзены на пагадзінную аплату. У такога работніка будзе вызначаны аб’ём работ, за які ён атрымлівае стабільную фіксаваную заработную плату. Пры гэтым, я лічу, што мы павінны даць такому чалавеку дастойны заробак — чыстымі не менш за 6 мільёнаў. Але пры гэтым будзе існаваць сістэма штрафаў для стымулявання. Калі ты не аказаў цалкам камунальную паслугу (прыйшла скарга з твайго дома), тады 5% ад зарплаты здымуць як штраф. І зарплата майстра павінна быць трошку вышэйшай, чым у комплекснага рабочага. Хаця б на мільён. Гэта будзе стымуляваць да развіцця і атрымання адпаведнай адукацыі.

    — Згодзен.

    Кар. «Звязды»:

    — А ўвогуле, якім чынам плануецца павышаць заробкі работнікам ЖКГ? Перад галіной сёння стаіць задача па прыцягненні маладых спецыялістаў. Рублём зрабіць гэта прасцей. Наўрад ці за кошт скарачэнняў штату можна дабіцца рэальнага эфекту, бо адзін не зробіць тое, што рабілі дзесяць…

    — Павышэнне аплаты працы работнікаў арганізацый ЖКГ ажыццяўляецца пры захаванні апераджальнага тэмпу росту прадукцыйнасці працы над тэмпам росту заработнай платы. Напрыклад, рост прадукцыйнасці працы можа быць забяспечаны за кошт перагляду і вызначэння абгрунтаваных нормаў працы, а таксама змены арганізацыйна-тэхналагічных умоў выканання работ, як, напрыклад, у выпадку ўкаранення практыкі абслугоўвання жылога фонду рабочым па комплексным абслугоўванні. Выкананне слясарна-сантэхнічных, электрамантажных, цяслярных і іншых работ адным спецыялістам на замацаваным за ім участку дазваляе скараціць выдаткі і забяспечыць высокакваліфікаванае абслугоўванне. Дапаможа таксама і механізацыя ды аўтаматызацыя работ, якія выконваюцца ўручную.

    Кар. «Звязды»:

    — Якім чынам будзе павышацца якасць абслугоўвання насельніцтва (у кантэксце рэформы і не толькі)?

    — Асноўная мэта пачатай рэформы — падзел функцый заказчыка і падрадчыка. Зараз функцыі заказчыка і падрадчыка выконвае адна арганізацыя — ЖРЭА. Менавіта яна павінна прадстаўляць інтарэсы насельніцтва, а таксама кіраваць ЖЭСамі, якія фактычна з’яўляюцца выканаўцамі паслуг ЖКГ. Адсюль і выцякае, што ў выпадку, калі ЖЭС не выканаў працу або выканаў яе няякасна, ЖРЭА не можа прымяніць штрафныя грашовыя санкцыі, паколькі менавіта ЖРЭА адказвае за тое, як ЖЭС выплаціць заработную плату сваім работнікам.

    Падчас рэформы плануецца стварыць службу заказчыка, ад якой не залежала б служба выканаўцы і якая займалася б толькі работамі, звязанымі непасрэдна з абслугоўваннем жыллёвага фонду. Як вынік — павышэнне якасці паслуг, празрыстасці налічэння аплаты і іншыя аспекты, якія дазволяць, з аднаго боку, забяспечыць далейшае развіццё і ўдасканаленне сістэмы, а з другога — ліквідаваць негатыўныя моманты яе функцыянавання.

    Кар. «Звязды»:

    — Ці паўплывае на гэта нейкім чынам зніжэнне сабекошту паслуг?

    — Планаванне выдаткаў на аказанне жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву на 2015 год і іх фінансаванне праведзена па планава-разліковых цэнах, разлічаных зыходзячы з аптымальных коштаў на жыллёва-камунальныя паслугі, якія склаліся ў 2014 годзе, а таксама з улікам неабходнасці выканання заданняў па зніжэнні выдаткаў, эканоміі паліўна-энергетычных і іншых рэсурсаў.

    У мэтах зніжэння затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг пастаянна вядзецца праца, якая прадугледжвае жорсткае нармаванне выдаткавання працоўных, паліўна-энергетычных, матэрыяльных рэсурсаў і абумоўленых тэхналагічным працэсам страт, рэгулярны перагляд (распрацоўку) галіновых нормаў і нарматываў працы і колькасці працуючых, мерапрыемствы па павышэнні эфектыўнасці выдаткавання энергарэсурсаў (напрыклад, дааснашчэнне жылых дамоў рэгулятарамі водпуску цяпла і прыборамі групавога ўліку і ўстаноўкі малаэнергаёмістага абсталявання; замена і капітальны рамонт (мадэрнізацыя) ліфтаў); памяншэнне выдаткаў невытворчага характару або іх выключэнне (выключэнне з сабекошту жыллёва-камунальных паслуг працэнтаў банка за карыстанне крэдытам, выключэнне з сабекошту тэхнічнага абслугоўвання выдаткаў на ўтрыманне вахцёраў, кансьержаў і да т.п.); аптымізацыя інжынерных сістэм і схем водазабеспячэння, водаадвядзення, цеплазабеспячэння; комплекс мер па зніжэнні выдаткаў, звязаных з эксплуатацыяй ліфтаў, у тым ліку за кошт аптымізацыі сістэмы дыспетчарызацыі; укараненне абслугоўвання жыллёвага фонду высокакваліфікаванымі шматпрофільнымі спецыялістамі па комплексным абслугоўванні і эксплуатацыі жылых дамоў і іншыя.

    Кар. «Звязды»:

    — Як плануецца павышаць давер насельніцтва да сістэмы ЖКГ?

    — Ступень даверу грамадзян вызначаецца па некалькіх паказчыках. Я не магу сказаць, што давер да сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі сёння нізкі. Пра гэта сведчыць, у тым ліку, тэндэнцыя пераходу таварыстваў уласнікаў і арганізацый забудоўшчыкаў на тэхнічнае абслугоўванне. На дадзены момант, з 9 тысяч такіх арганізацый на тэхнічным абслугоўванні арганізацый сістэмы ЖКГ знаходзіцца каля 5 тысяч. Калі аналізаваць у суадносінах па плошчы, то больш за 80% ад агульнай плошчы жылых памяшканняў таварыстваў уласнікаў і арганізацый забудоўшчыкаў знаходзіцца на тэхнічным абслугоўванні арганізацый сістэмы. За апошні год на абслугоўванне перайшлі яшчэ 68 такіх арганізацый.

    Надзея Філіпаўна, г. Мінск:

    — Добры дзень! У мяне хутчэй не пытанне, а просьба. Нават пажаданне. Я працую ў ЖЭСе, і гэта часам даволі складана. Хацелася б, каб вы нашу службу больш падтрымлівалі. Любы можа нас прынізіць ці нават абразіць. А калі нехта звяртаецца ў СМІ ці санітарную службу, то потым наша кіраўніцтва не разбіраецца, хто насамрэч вінаваты, і адразу карае работнікаў ЖЭСа. Нам бы хацелася аб’ектыўнасці ў такіх выпадках. Многія звароты людзі робяць проста так.

    — Вы ж разумееце, што і мы не выключэнне. Мы таксама разглядаем такія звароты. Аднак рэформа, якую мы задумалі, накіравана на тое, каб падняць імідж і статус работніка жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пачнём з умоў для якаснай працы. Неабходна зняць з ЖЭСаў неўласцівыя ім функцыі: колькі ж можна работнікам ЖКГ разносіць павесткі, змагацца з п’янствам жыхароў, выяўляць асацыяльных элементаў і гэтак далей…

    — Усё так. Мы часам працуем, як нейкая сацыяльная служба. А заробак пры гэтым мізэрны.

    — Гэтага не павінна быць. Менавіта таму эксперымент па рэфармаванні сістэмы ЖКГ на базе Першамайскага і Партызанскага раёнаў Мінска ў тым ліку абароніць і вас як выканаўцаў, як такую ж галіну эканомікі, што і астатнія. Пры гэтым вы, выконваючы сваю працу якасна, павінны атрымліваць нармальныя грошы.

    Алена, г. Мінск:

    — Днямі выклікала сантэхніка з ЖЭСа, каб ён памяняў мне кран. Калі скончыў працу, ён прапанаваў заплаціць непасрэдна яму. Маўляў, калі праводзіць усё па дакументах, то будзе дорага. Я заплаціла, а потым спужалася, што калі кран зноў пацячэ, ніякай гарантыі не будзе.

    — Можна лічыць, што вы самастойна правялі гэтыя работы. І ўся адказнасць за замену крана ляжыць толькі на вас. Зразумела, што так атрымліваецца танней, бо фактычна гэта скрадзена ў дзяржавы. Сантэхнік скраў у прадпрыемства час, які ён выдаткаваў на работу, і саму гэту паслугу, аплату за яе. Таму лепей заплаціць болей, але афіцыйна.

    Пеня павінна стымуляваць своечасовую аплату

    Максім, г. Мінск:

    — Ці плануе міністэрства павышаць пеню за пратэрміноўку аплаты камунальных паслуг?

    — Сёння гэтае пытанне не разглядаецца.

    — Я цікаўлюся таму, што часта забываюся заплаціць і потым дадаткова атрымліваю штраф. І баюся, каб памер пені не стаў занадта вялікім. А вы як лічыце, які павінен быць яе памер?

    — Штрафы павінны быць больш-менш істотнымі, каб стымуляваць насельніцтва своечасова ўносіць аплату. Сёння памер пені складае ўсяго 0,3% за кожны дзень пратэрміноўкі. Пеня павінна несці не толькі выхаваўчую, а і эканамічную функцыю. Калі прадпрыемства не атрымала своечасова аплату, то з’яўляецца выпадаючы прыбытак. Кіраўніцтва ў гэтай сітуацыі павінна пайсці ў банк і ўзяць крэдыт пад той працэнт, які сёння прапануецца. Да таго ж неабходна забяспечыць дадатковыя аперацыйныя паслугі — адцягнуць аднаго са спецыялістаў, напісаць заяву ў банк. Для мяне як кіраўніка прадпрыемства гэта дадатковыя нязручнасці, якія ствараюць залішнія выдаткі. Трэба разумець, што ў нас таксама працуюць людзі, у якіх ёсць сям’я і якія таксама атрымліваюць заработную плату. Нельга забываць аб аплаце паслуг ЖКГ. За інтэрнэт ці тэлефон мы ж не забываемся плаціць.

    — А ці не будуць павялічвацца тарыфы на паслугі ЖКГ?

    — У нас дакладна вызначаны ўмовы росту тарыфаў на камунальныя паслугі. Як правіла, гэта адбываецца адзін раз на год з 1 студзеня і не болей чым на 5 долараў у эквіваленце. Але калі заработная плата па краіне рэзка ўзрасце, што пакажуць статыстычныя звесткі, мы маем права праіндэксаваць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі прапарцыянальна тэмпу росту намінальнай заработнай платы. З’явіцца справаздачнасць Белстата, стане яснай сітуацыя з узроўнем заробкаў, тады і будзем рэагаваць.

    1 сакавіка ўрад ужо праіндэксаваў тарыфы на газ, ацяпленне і электрычнасць. У бліжэйшы час новых павышэнняў тарыфаў на паслугі ЖКГ не прадугледжваецца.

    Калі энергазберажэнне мае сэнс

    Марыя Ліпай, г. Мінск:

    — Добры дзень! Мож муж «звар’яцеў» на энергазберагальных лямпачках. Аднак яны таксама перагараюць, а ў іх небяспечная ртуць, і выкідваць у звычайную сметніцу такія лямпачкі нельга. Ужо сабралася больш за 10 штук. Мы іх складваем у скрыню.

    — Вы іх можаце здаць у крамы, дзе купляеце. У кожным магазіне, які мае гандлёвую плошчу звыш 500 кв. метраў, павінны быць арганізаваны пункты прыёму энергазберагальных лямпачак. Гэта прадугледжвае пастанова ўрада, якая выйшла напрыканцы мінулага года. Батарэйкі і лямпачкі вы павінны здаваць туды як сацыяльна адказныя грамадзяне. Я сам раблю менавіта так. Батарэйкі я складваю дома ў слоік і па меры патрэбнасці заношу ў гандлёвы цэнтр.

    — Ці магчыма арганізаваць нейкі вываз такіх адходаў на той жа аснове, што і звычайны вываз смецця? Проста будзе прыязджаць нейкая спецыяльная машына, скажам, раз на месяц. Можа быць, у ЖЭСе будзе стаяць такая скрыня…

    — А няўжо вам больш зручна ісці ў ЖЭС, а не ў бліжэйшы гіпермаркет, куды вы звычайна ходзіце за пакупкамі? Мы пакуль што ў пачатку гэтага шляху. Таму будзем выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы для стымулявання насельніцтва для асобнага збору гэтых рэчаў.

    Пётр Шылаў, г. Мінск:

    — Ці плануецца ў Мінску або іншых гарадах краіны ўсталяванне на дахах шматпавярховых дамоў спецыяльных энергетычных комплексаў па выпрацоўцы электраэнергіі за кошт дзеяння сонечных батарэй?

    — Не плануецца.

    Кар. «Звязды»:

    — Што ўяўляе сабою дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў сферы ЖКГ? Як і дзе гэта рэалізуецца? У чым перавагі?

    — Сёння вялікая ўвага надаецца пытанням рэалізацыі праектаў на прынцыпах дзяржаўна-прыватнага партнёрства, практычна ва ўсіх сферах. Сістэма ЖКГ не застаецца ўбаку. Намі падрыхтаваны прапановы, якія павінны быць ацэнены патэнцыйнымі інвестарамі, і думаю, гэтыя прапановы не застануцца без увагі, паколькі пэўныя напрамкі маюць перспектыву развіцця ў будучыні. Напрыклад, будаўніцтва завода для спальвання смецця. Асноўная перавага такога партнёрства, у тым ліку і ў сферы ЖКГ, — прыцягненне пазабюджэтных сродкаў у развіццё інфраструктуры і забеспячэнне грамадскіх паслуг.

    Капрамонт — справа далікатная

    Аляксандр Ігнатаў, г. Мінск:

    — Добры дзень! Я жыву ў старым панэльным доме, дзе батарэі ацяплення ўбудаваны ў сцяну. Неўзабаве ў нас павінны правесці капітальны рамонт. А ці будуць падчас капрамонту гэтыя батарэі вынесены ў пакой, каб мы больш не грэлі навакольнае асяроддзе?

    — Напярэдадні пачатку рамонтных работ праводзіцца тэхначнае абследаванне, пасля чаго ЖЭС разам з праекціроўшчыкам прымае рашэнне аб неабходнасці вынасу. Бываюць сёння выпадкі, калі падобныя сістэмы ацяплення ў дамах 60-х гадоў адчуваюць сябе вельмі добра і выконваюць свае функцыі. Аднак калі ёсць праблемы з цеплазабеспячэннем, у тым ліку і зніжаная цеплааддача, тады сістэма ацяплення выносіцца са сцяны.

    Кар. «Звязды»:

    — А ці можна ўсталёўваць прыборы ўліку цеплавой энергіі ў старых дамах?

    — Калі гаворка ідзе пра групавыя прыборы ўліку цеплавой энергіі, то яны ўстаноўлены практычна ва ўсіх шматкватэрных жылых дамах, незалежна ад года іх пабудовы, дзе маецца тэхнічная магчымасць іх устаноўкі. А вось абсталяванне кватэр індывідуальнымі прыборамі ўліку цеплавой энергіі тэхнічна магчымае пры гарызантальнай разводцы сістэмы ацяплення. Як правіла, жылыя дамы масавых серый будаўніцтва, пабудаваныя да 2000-х гадоў, маюць вертыкальную разводку. У асноўным індывідуальнымі прыборамі ўліку абсталююцца кватэры ў новабудоўлях і індывідуальныя жылыя дамы.

    Святлана Кардаж, г. Гродна:

    — Ці магчыма праз сістэму ЖКГ жыхарам шматкватэрных дамоў ажыццяўляць індывідуальнае ўцяпленне фасадаў сваіх кватэр?

    — Рашэнне пра ўключэнне асобных работ у план бягучага рамонту, у прыватнасці, уцяпленне асобнай кватэры, прымаецца на падставе тэхнічнага заключэння праектнай арганізацыі па выніках абследавання агароджвальных канструкцый на адпаведнасць іх цеплатэхнічных характарыстык нарматыўным патрабаванням. Разам з тым пры неабходнасці па жаданні ўласнікаў кватэр такія работы могуць быць выкананы арганізацыяй, якая ажыццяўляе эксплуатацыю жыллёвага фонду, па-за планам за кошт уласніка. Сярэдні кошт правядзення ўцяплення па Мінску — каля 600-650 тысяч рублёў за 1 кв. м сцяны.

    Кар. «Звязды»:

    — Ёсць яшчэ адно пытанне па капрамонце. Цяпер ужо пры капітальным рамонце не мяняюць вокнаў, трубы новыя ставяць толькі па стаяку…

    — Пры капрамонце мы абавязаны зрабіць толькі тое, што чалавек не можа зрабіць сам. Мы мяняем толькі тое, што адносіцца да сумеснай маёмасці. Агульны стаяк каналізацыі ці водазабеспячэння — гэта наша зона адказнасці, да першага крана, так бы мовіць. За тое, што ў кватэры, адказвае ўласнік. Таму і плата такая мізэрная за капрамонт. Калі б мы сёння казалі пра поўны комплекс работ, то мы б павінны былі выставіць па 5 тысяч рублёў за квадратны метр. Капрамонт па сваёй сутнасці з’яўляецца аднаўленнем страчаных якасцяў будаўнічых канструкцый, каб пражыванне ў доме было бяспечным.

    Кар. «Звязды»:

    — А калі ў людзей няма грошай на тое, каб падвесці тыя ж трубы?

    — Мы далучым да стаяка тое, што ў вас ёсць. Калі вам спатрэбіцца да ўнітаза 30 сантыметраў нейкай падводкі, то гэта будзе каштаваць толькі 100-150 тысяч. Пры гэтым павінна быць аснова, да якой можна падключыцца. Гэта абавязаны забяспечыць мы.

    Кар. «Звязды»:

    — Як вырашыць праблему са шклопакетамі? Вентыляцыйная сістэма старых дамоў не разлічана на вокны, якія так шчыльна зачыняюцца. Пачынае павышацца вільготнасць у кватэры…

    — Трэба проста ставіць правільныя вокны. Якасныя шклопакеты з адпаведным клапанам забяспечваюць нармальны паветраабмен.

    Хачу назад у інтэрнат!

    Спадар Аліеў, г. Гомель:

    — Некалі я жыў з сям’ёй у інтэрнаце. Потым атрымаў арэнднае жыллё. Усё выдатна — добры дом, чыстая, прыгожая кватэра. Аднак, нягледзячы на тое, што гэта кватэра дзяржаўная, яна ўсё роўна камерцыйная. За яе трэба плаціць немалыя грошы: у нашым выпадку атрымліваецца 1,7 млн рублёў (1,3 млн — арэндная плата і 400 тысяч — камунальныя плацяжы) у месяц. Для нашай сям’і гэта дорага. Я ўжо неаднаразова звяртаўся і ў гарвыканкам, і ў адміністрацыю свайго раёна, каб мне дазволілі зноў вярнуцца ў інтэрнат. Там, вядома, цесна для нашай сям’і, але значна танней атрымліваецца. Паспяшаўся я, мабыць, згаджацца на арэнднае жыллё…

    — Для мяне, шчыра кажучы, гэта навіна. Людзі стаяць у чарзе, каб атрымаць арэнднае жыллё, а вы хочаце адмовіцца. Можа быць, варта яшчэ раз паспрабаваць знайсці працу з большым заробкам?

    Кар. «Звязды»:

    — Складаная сітуацыя… А ці ёсць увогуле шанц на тое, што гэту сям’ю вернуць у інтэрнат?

    — Шанц ёсць, але гэта будзе вельмі цяжка, бо месца, якое яны раней займалі, напэўна, даўно пераразмеркавана некаму іншаму. А ўвогуле гэтаму мужчыну трэба разумець, што інтэрнаты будуць амаль бясплатнымі толькі да часу. Сёння плата за пакой у інтэрнаце не спаганяецца. Грошы бяруць толькі за камунальныя паслугі. А гэта не зусім правільна.

    Кар. «Звязды»:

    — Дарэчы, літаральна за паўгадзіны да пачатку «прамой лініі» нам патэлефанаваў чытач газеты, у якога былі пытанні наконт кошту прыватызацыі кватэры ў шматкватэрным доме. Атрымлівалася, што сумы прыватызацыі ў суседніх дамах істотна адрозніваліся. Нам здаецца, што пытанне слушнае…

    — Згодна з указам кіраўніка дзяржавы, у тым выпадку, калі на адной вуліцы ў адным гарадку стаяць два тыпавыя дамы і аднолькавыя кватэры ў іх ацанілі па-рознаму (скажам, адну ў 450 мільёнаў, а другую — у 250), павінна прымацца рашэнне аб прыватызацыі па аднолькавай цане. Улада мае права ацаніць дарагую кватэру, дзе розніца складае больш за 30%, па аб’екце-аналагу з меншым коштам. У выпадку адсутнасці на канкрэтным участку населенага пункта жылых дамоў, аналагічных тым, што разглядаюцца, арганізацыі неабходна звяртацца ў бліжэйшыя раённыя, гарадскія арганізацыі гэтай вобласці для вызначэння падобных жылых дамоў, паколькі заканадаўства не абмяжоўвае тэрытарыяльную прыналежнасць такіх дамоў толькі вуліцай, раёнам ці горадам. Адпаведныя падрабязныя тлумачэнні аб парадку прыватызацыі і ацэнцы аб’ектаў жыллёвага фонду размешчаны на сайце Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. На жаль, мясцовыя ўлады часам баяцца прымяняць гэту норму.

    Автор: Уладзіслаў КУЛЕЦКІ, Сяргей КУРКАЧЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)