07 Мая, 2024 Вторник

Щерчевский бизнес турецкого предпринимателя

  • 05 мая 2015 Экономика Беларуская 0

    — Беларусь — дзіўны край, дзе можа быць адначасова і холадна, і горача,— гаворыць Саід Дзюльгер, грамадзянін Турцыі, які распачаў сваю справу на Пружаншчыне. — Зразумела, што халодным я называю надвор’е, якое нават летам не падобна на клімат Міжземнамор’я. А цёпла ад беларускай гасціннасці і шырокіх магчымасцей весці бізнэс у вашай краіне.

    Два гады таму жыхар г.Анталія адкрыў у Шчарчове сваё прадпрыемства. Працяглы час яго сям’я займаецца бізнэсам у сферы дрэваапрацоўкі, ёй належыць адна з буйнейшых кампаній Турцыі, якая мае свае структурныя падраздзяленні ў многіх краінах Еўропы. А з 2012 года ў гэты спіс увайшло і ТАА «Белшпондрэў», якое запрацавала ў Пружанскім раёне.

    Саід працяглы час жыў і вучыўся ў розных краінах СНД, дзе на добрым узроўні авалодаў рускай мовай. Асвойваць прасторы «рускага свету» хлопца адправіла сям’я ў якасці «піянера-першаадкрывальніка». У Турцыі лічыцца, што прастора СНД — найбольш перспектыўная для вядзення бізнэсу. Спачатку асвойвалі ўкраінскі сектар рынку, а потым Саід пазнаёміўся з беларускай, з якой вырашыў пабудаваць сям’ю. А разам з ёй і новае прадпрыемства.

    — Пяць гадоў таму я ўпершыню пабываў у Беларусі, і яна мне запомнілася самай спакойнай краінай, што вельмі важна для доўгатэрміновых планаў.

    У чым ён і пераканаў сваіх сваякоў, якія аказалі падтрымку ў планах маладога Дзюльгера. Пасля вывучэння прапаноў у інтэрнэце пачынаючы замежны інвестар вырашыў асесці ў Шчарчове.

    — На Пружаншчыне ёсць падыходзячыя збудаванні, выдатнае геаграфічнае становішча, развітая лагістычная інфраструктура,— зазначае турэцкі бізнэсмен.— І гэта не толькі маё меркаванне: наколькі я ведаю, акрамя расійскіх інвестараў, Пружаншчынай цікавяцца і многія буйныя еўрапейскія кампаніі.

    У былым ваенным гарадку ў Шчарчове Дзюльгеру мясцовыя ўлады прапанавалі вельмі аптымальны варыянт памяшкання, дзе ён і пачаў будаваць новае прадпрыемства. Прыярытэтным відам дзейнасці таварыства стаў выпуск шпону. За два гады давялося пераадолець нямала выпрабаванняў, асабліва шмат праблем даставіла і зараз дастаўляе кадравае пытанне. На мясцовым рынку працы знайсці добрых работнікаў вельмі складана. Не спецыялістаў, а менавіта тых, хто добрасумленна ставіцца да сваіх абавязкаў.

    — Мы бярэм толькі тых, хто жадае працаваць, астатняму навучым у працэсе,— тлумачыць дырэктар ТАА «Белшпондрэў».

    Сёння ў цэху працуюць 20 чалавек, частку работнікаў таварыства ўласным транспартам дастаўляе з Пружан. Сярэдні заробак перавышае чатыры мільёны рублёў.

    За мінулы час ніводнага разу Саід не пашкадаваў аб тым, што зрабіў такі выбар. І сёння яго прадпрыемства выдатна дапаўняе агульныя магчымасці: на радзіму арганізаваны рэгулярныя пастаўкі шпону, з якога далей вырабляецца іншая прадукцыя, экспартныя аб’ёмы пастаянна павялічваюцца. Калі раней вытворчасць працавала сезонна, спыняючыся на зіму, то з бягучага года канвеер не плануецца спыняць і ў халады. Прадпрымальнік мяркуе паставіць новую сушылку для шпону, для стварэння безадходнай вытворчасці — драбілку, якая будзе рыхтаваць з адходаў паліва для ўласнага катла. А ў будучым — устаноўка новага абсталявання для выпуску фанеры з асваеннем ужо заходнееўрапейскіх рынкаў.

    Рэалізацыя такіх планаў — гэта, безумоўна, стварэнне новых працоўных месцаў, добрых заробкаў для мясцовых жыхароў. А таксама наданне Пружанскаму раёну іміджу спрыяльнасці для вядзення бізнэсу ў вачах іншых патэнцыяльных інвестараў.

    Алег СІДАРЭНКА, фота Сяргея Талашкевіча.

    Автор: Олег СидоренкоРаённыя будні

Комментарии (0)