На гэтым тыдні з рабочым візітам на Століншчыне пабываў намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіл Іванавіч Русы.
Сваю паездку ён пачаў з праверкі выканання даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі па стварэнні неабходных умоў для жыцця насельніцтва аграгарадка Альшаны і развіцці аб’ектаў сацыяльна-культурнай сферы. Нагадаем, што Кіраўнік краіны наведаў Альшаны ў красавіку 2012 года.
Такім чынам, у адпаведнасці з пералікам мерапрыемстваў прапаноўвалася добраўпарадкаваць 45,9 кіламетра вуліц; пабудаваць 47,7 кіламетра водаправодных сетак; зрабіць пазапляцовачныя сеткі газазабеспячэння да кварталаў індывідуальнай жылой забудовы “Сілягі” і “Альшаны-2”працягласцю 2,6 кіламетра з наступнай газіфікацыяй; пабудаваць фізкультурна-аздараўленчы комплекс у аграгарадку.
Фактычна ўжо добраўпарадкавана 36,4 кіламетра вуліц, на што асвоена 25 мільярдаў рублёў; пабудавана 51,7 кіламетра водаправодаў на суму 19,5 мільярда рублёў; пабудаваны і пазапляцовачныя сеткі газазабеспячэння коштам 10,8 мільярда рублёў; уведзены ў дзеянне фізкультурны комплекс коштам 26,5 мільярда рублёў.
Завяршэнне неабходных работ плануецца зрабіць сёлета. Наогул, за 2012—2014 гады на сацыяльна-эканамічнае развіццё Альшан выдаткавана 81,8 мільярда рублёў.
Намеснік прэм’ер-міністра асабіста наведаў аздараўленчы комплекс і выказаў пажаданне, каб будынак не пуставаў, а быў запатрабаваны як у мясцовых жыхароў, так і жыхароў бліжэйшых населеных пунктаў.
Міхаіл Іванавіч пабываў на Гарынскім агракамбінаце. Азнаёміўся з работай мадэрнізаваных цэхаў, пагадзіўся з тым, што для эфектыўнай работы прадпрыемства неабходна завяршыць работы па набыцці ва ўласнасць і добраўпарадкаванні сховішча для агародніны. Русы таксама паглядзеў, як утрымліваецца жывёла на МТФ у СВК “Фядорскі”.
У ходзе свайго візіту намеснік прэм’ер-міністра звяртаў увагу на павышэнне культуры земляробства.
У паездцы Міхаіла Іванавіча суправаджалі намеснік старшыні аблвыканкама Мікалай Васільевіч Токар і старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі.

Комментарии (0)