27 Апреля, 2024 Суббота

Чым далей у лес…

  • 15 мая 2015 Экономика Русский 0

    Выязная калегія Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь прайшла на базе Рэчыцкага доследнага лясгаса.

    Падобныя мерапрыемствы ў сістэме лясной гаспадаркі звычайна праводзяцца па схеме, калі адразу некалькі лесагаспадарчых устаноў вобласці прымаюць кіраўнікоў лясгасаў нейкага іншага абласнога лесагаспадарчага аб’яднання рэспублікі. Гэтым разам у Рэчыцу з’ехаліся прадстаўнікі Віцебшчыны. Кіраваў выязным пасяджэннем намеснік міністра лясной гаспадаркі Беларусі Леанід Дзям’янік. Удзельнікі калегіі азнаёміліся з арганізацыяй працы на вытворчай базе лясгаса, на ўчастку пагрузкі вагонаў, вытворчасці тэхналагічнай трэскі. Вялікую цікавасць ва ўсіх выклікала абсталяванне пажарна-хімічнай станцыі лясгаса, пра якую “Дняпровец” не так даўно расказваў. Затым аўтобус з удзельнікамі рушыў непасрэдна ў лясы. У квартале № 103 Рэчыцкага лясніцтва былі агледжаныя пасадкі лістоўніцы ў сумесі з бярозай карэльскай, створаныя ў 2007 годзе. Зараз тут ужо практычна сфарміравалася насаджэнне каштоўных парод дрэваў. На прамежкавым складзе лесапрадукцыі ў квартале № 20 Баршчоўскага лясніцтва кіраўнічаму корпусу віцебскіх лясгасаў прадэманстравалі працу перасовачнага рубільнага комплексу “Хазамат”. Таксама ўвазе ўдзельнікаў калегіі было прапанаванае наведванне адміністрацыйнага будынка і вытворчай базы Баршчоўскага лясніцтва. А ў квартале № 54 Белабалоцкага лясніцтва дастаткова палкія спрэчкі адмыслоўцаў выклікаў эксперыментальны аб’ект– палосна-паступовая высечка галоўнага карыстання, калі асноўны дрэвастой, які дасягнуў гранічнага ўзросту спеласці, быў высечаны ў некалькі прыёмаў, адначасова зберагаючы падрост дуба ў ніжнім ярусе. Такім чынам і тэрыторыя ўвесь час знаходзілася пад лесам, не агалялася, як падчас суцэльных высечак, і зараз атрымалася стварыць маладое насаджэннне дуба практычна без стратаў на пасадку і догляд за кволымі саджанцамі. Усе аб’екты прадстаўляў дырэктар лясгаса Віталь Судакоў.

    Генеральны дырэктар Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргей Даніловіч у інтэрв’ю нашай газеце адзначыў, што нягледзячы на розныя кліматычныя і лесагадоўчыя ўмовы існавання лясгасаў Гомельшчыны і Віцебшчыны, розны пародны склад лясоў, віцяблянам было чаму павучыцца ў Рэчыцы. Асаблівай увагі заслугоўвае арганізацыя работы па пагрузцы драўніны ў чыгуначныя вагоны і рэалізацыя яе ў нарыхтаваным выглядзе, а таксама вытворчасць ды выкарыстанне тэхналагічнай і, у прыватнасці, паліўнай трэскі, асабліва ў святле неабходнасці паэтапнага пераходу паліўна-энергетычнага комплексу краіны на выкарыстанне мясцовых аднаўляльных відаў паліва.

    Намеснік міністра лясной гаспадаркі Леанід Дзям’янік, падводзячы вынікі калегіі, сказаў, што Рэчыцкі лясгас традыцыйна з’яўляецца адной з самых моцных лесагаспадарчых арганізацый Беларусі, адзіным недахопам тут ён назваў тое, што ў свой час у адпаведнасці з павевамі ў галіне лясгас быў пазбаўлены ўласных перапрацоўчых магутнасцяў, але ж і дагэтуль ён працягвае займаць годнае месца сярод прадпрыемстваў галіны, мае стабільнае фінансавае становішча. Таксама высока ацаніў Леанід Юр’евіч падрыхтоўку і арганізацыю галіновай калегіі.

    Фота аўтара

    Автор: Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎДняпровец

Комментарии (0)