18 Мая, 2024 Суббота

З кожным днём запасаў усё больш і больш

  • 15 июня 2015 Экономика Беларуская 0

    Зараз у ліку лідараў раённага спаборніцтва па нарыхтоўцы кармоў калектыў адкрытага акцыянернага таварыства «Урэцкі».

    У дзень наведання сельгасарганізацыі карэспандэнтамі раёнкі работа на палетках каля Замошша кіпела на ўсю моц. Працягваецца яна і цяпер: дружнай талакою шчыруюць аграрыі над закладкай другой сянажнай траншэі. Восем адзінак тэхнікі (усяго на кармах задзейнічана 15) давозяць да яе зялёную масу. Два працаўнікі трамбуюць Амкадорам і МТЗ-3522, паляводы з другой паляводчай брыгады папраўляюць агрэхі, дзе цяжкая тэхніка не можа захапіць сыравіну. Тут жа кантралюе тэхналагічны працэс галоўны ветэрынарны ўрач ААТ Антаніна Віктараўна Сімановіч. Па яе словах, пакуль прыродныя ўмовы вельмі спрыяльныя для якаснай закладкі, і ўсе зробленыя спробы на вільготнасць і тэмпературу адпавядаюць норме.

    Няма нараканняў і на захаванне тэхналогіі трамбоўкі, якой заняты маладыя старанныя механізатары Уладзімір Гарчанін і Дзмітрый Мядзведнікаў. Апошні з іх недзе месяц як атрымаў новы трактар МТЗ-3522, пра гэта паведаміў галоўны аграном гаспадаркі Аляксей Сяргеевіч Бугаёў. «У першай траншэі, што ў вёсцы Дарасіно, закладзена 1 500 тон, другая хутка напаўняецца – будзе 1 600 т, ёсць бурт сіласу з свірэпіцы – 500 тон. Сёлета запланавана нарыхтаваць 18,9 тысячы тон сенажу, 700 тон сена – вялікі запас корму. Таму дадаткова будзе пабудавана 7 новых траншэй, дзве з якіх ужо гатовы да закладкі», – прадоўжыў А.С. Бугаёў. Акрамя траншэй, прасуецца правяленая маса ў рулоны: палеткі з імі каля вёскі Замошша – проста любата! А стварае гэту прыгажосць механізатар Сяргей Гарчанін, пераможца раённага спаборніцтва па нарыхтоўцы кармоў 2014 года. Другі год шчыруе ён на трактары з прэсам, атрымліваецца ў яго на выдатна. Захоўвае працаўнік і ўсе тэхналагічныя патрабаванні – корм патрэбен якасны.

    Словам, шчыруюць механізатары і вадзіцелі адкрытага акцыянернага таварыства заўзята, з маладым запалам. І гэта сапраўды так: іх сярэдні ўзрост – 35 гадоў, паведаміла намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Ірына Іванаўна Міронава. Вызначыць самых лепшых у нарыхтоўцы кармоў, як аказалася, – задача няпростая. «Усе малайцы. За старанную працу і высокія рэзультаты кіраўніцтва гаспадаркі штогод па ўмовах спаборніцтваў заахвочвае пераможцаў грашовымі прэміямі. Многія былі адзначаны не толькі ў сельгасарганізацыі, але і на раённым узроўні. Будуць падведзены вынікі за трамбоўку першай траншэі, – зазначыла І.І. Міронава. – Пакуль жа ад адміністрацыі выказваем шчырую падзяку ўсім працаўнікам, у іх ліку механізатарам Міхаілу Стасюку, Уладзіміру Кату, Івану Жуку, Ігару Шаўчуку, вадзіцелю Мікалаю Цярэшкіну, брыгадзіру паляводчай брыгады №2 Мікалаю Трухану, заатэхніку па кармах, маладому спецыялісту Ганне Макаравай, іншым».

    Дададзім, першы старт корманарыхтоўчай кампаніі ўдалы, няхай шанцуе працаўнікам і надалей!

    Автор: Алена ЧАРНЫШОВАГолас Любаншчыны

Комментарии (0)