24 Апреля, 2024 Среда

З разлікам на якасць

  • 15 июня 2015 Экономика Беларуская 0

    У гэтым годзе з двух укосаў неабходна нарыхтаваць 245 тыс. тон сенажу і 22 тыс. тон сена. На дадзены момант ужо назапашана каля 80 тыс. тон сенажу і 4 тыс. тон сена. Дарэчы, кармы якасныя. Кантроль за працэсам вядуць дзве раённыя брыгады, ім таксама прыйшлі на дапамогу спецыялісты з абласной ветэрынарнай лабараторыі.

    — Мы сочым за захаваннем усіх тэхналагічных патрабаванняў, — адзначае першы намеснік старшыні Капыльскага райвыканкама начальнік упраўлення райсельгасхарчу Анатоль Ладыга. — Гэта залог поспеху падчас зімоўкі. Стараемся, каб тэмпературны рэжым зялёнай масы не перавышаў 37 градусаў (тады захаваюцца ўсе пажыўныя рэчывы), вільготнасць была на ўзроўні 45, а з прымяненнем кансервантаў — да 50-55%, даўжыня рэзкі — ад 3 да 5 см, а работы павінны быць праведзены ў аптымальныя тэрміны. Для гэтага сёлета на Капыльшчыне практыкуецца аб’яднанне намаганняў некаторых сельгаспрадпрыемстваў. Так, на нарыхтоўцы працуюць разам  КСУП «Грозава-агра» і ААТ «П-з Дусаеўшчына», КСУП «Доктаравічы» і рай-аграсэрвіс, ААТ «Прагрэс 2010» і «Душава».

    Як заўважыў Анатоль Міхайлавіч, у раёне маецца 208 сянажна-сіласных траншэй, агульны аб’ём якіх складае 360-370 тыс. тон. Плануецца пабудаваць яшчэ каля 40 (гэта дазволіць поўнасцю закрыць патрэбнасць у травяністых кармах). Зараз работы арганізаваны на 15 аб’ектах, якія днямі будуць уведзены ў эксплуатацыю. У цэлым будаўніцтва адной траншэі на 1,5 тыс. тон гаспадарчым спосабам з асфальтаваннем абыходзіцца прыкладна ў 300 млн рублёў, што значна танней, чым купляць канструкцыі на заводах жалезабетонных вырабаў. Да таго ж, для навядзення парадку на зямлі праводзіцца захаванне старых пабудоў, падчас чаго здымаюцца пліты, сценавыя панэлі, з якіх робяцца бакавыя каркасы для траншэй, а пляцоўкі потым асфальтуюцца сіламі ДРБУ № 124. Дапамогу ў захаванні пустуючых будынкаў аказваюць будаўнічыя арганізацыі: ПМК-194, ПМС, РБУ, асабліва сярод іх вылучаецца ПМК-11, дзе вельмі адказна адносяцца да даручанай справы.

    У раёне ёсць 11 прэс-абмотчыкаў, якія дазваляюць нарыхтоўваць кармы ў палімерную плёнку, і выкарыстоўваюцца яны пераважна на малаконтурных палетках. Такая нарыхтоўка будзе праводзіцца ў асноўным з траў другім укосам. Акрамя таго, перад кожнай сельгасарганізацыяй пастаўлена задача нарыхтаваць добры сянаж з правяленай люцэрны ці канюшыны на пераходны перыяд у ліпені, калі звычайна выгараюць пашы. Гэта дазволіць палепшыць рацыён жывёлы і не дапусціць падзення вытворчасці малака.

    У сельгасфіліяле «Руднае», дзе мы пабывалі з Анатолем Ладыгам, корманарыхтоўка, па меркаванні спецыяліста, вялася добра. На дапамогу прый-шло звяно райаграсэрвісу. Якраз закладвалася чацвёртая траншэя, значыць, на той момант у гаспадарцы мелася ўжо звыш пяці тысяч тон сенажу. За якасцю сачылі в. а. намесніка галоўнага ветурача  па дыягностыцы Капыльскай райветстанцыі Вольга Шыманская і галоўны ветэрынарны ўрач СГФ «Руднае» Мікалай Матус. Як паведаміла Вольга Васільеўна, тэмпература затрамбаванай масы складала 36-37 градусаў, а вільготнасць — 48,5%. Гэта сведчыла, што самы час закрываць траншэю плёнкай.

    Дарэчы, у СГФ «Руднае» паралельна з корманарыхтоўкай вядуцца і работы па добраўпарадкаванні: абкошванне тэрыторыі фермаў, захаванне старых пабудоў, рэкультывацыя земляў для прыцягнення іх у севазварот. 

    Фота аўтара

    Автор: Сяргей КОЗЕЛСлава працы

Комментарии (0)