06 Мая, 2024 Понедельник

На сваёй зямлі

  • 17 июня 2015 Экономика Беларуская 0

    Сняжана без будзільніка прачынаецца каля пяці гадзін. Асцярожна, каб не разбудзіць дачок – Аліну і Алесю, якія на золаку салодка спяць, выходзіць на ганак. Раніца сустракае яе падбадзёрлівай прахалодай і нязменнай прыгажосцю: ружовае неба толькі кранулі сонечныя промні – дзень будзе светлым. Услед і Руслан ужо на нагах. Пакуль Сняжана падключае даільны апарат да адной каровы, пасля да другой, ён паспявае выдаць рагулям пайку камбікорму. Асабліва ўвіхаецца каля дзвюх каровак, якія вось-вось дадуць прыплод.

    Гаспадыня тым часам пералівае сырадой у вёдры, шчыльна закрывае іх і выносіць на спецыяльна пабудаваны стол-эстакаду, адкуль на малакавозе забяруць прадукцыю. Сёння з падвор’я Гіляў паступіць на малаказавод 50 літраў малака. Гэта пакуль дояцца 2 каровы, але хутка гаспадары будуць здаваць удвая больш сырадою, як звычайна, ужо некалькі гадоў.

    Ідэя ўсур’ёз заняцца гаспадаркай належыць Руслану. Ён па прафесіі ветэрынарны фельчар: “падкаваны” тэорыяй, ёсць і практычныя навыкі. Умее збалансаваць рацыён кармлення, сочыць за здароўем сваіх чатырох рагуляў, калі што – сам і лечыць. Па сутнасці, на яго плячах і трымаецца гаспадарка. Звычайна Сняжана прыгатуе снеданне, прыбярэ дачушак да школы і сама ўжо ў дарозе: з Вялікай Лотвы да райбальніцы ў Ляхавічах, дзе яна працуе санітаркай, некалькі кіламетраў. У абед, а пасля і вечарам даіць-карміць кароў будзе гаспадар. З уласнага вопыту ён зрабіў выснову: нават пры выдатнай пашы на ноч трэба класці ў жолаб карове зялёную масу.

    Зрэшты, вясковы статак тут заўсёды пасвіцца па добрым травастоі: СВК “Шлях новы” выдзяляе ўчасткі з разнатраўем, якія падкошваюцца і падкормліваюцца. А ў гаспадарцы Руслана заўсёды накляпаная каса: невялікі пракос свежай травы — і каровы забяспечаны кормам да раніцы. У добрым месцы пабудаваліся Гілі: за агародам – поле. Зручна арандаваць зямлю, і гаспадар сядзібы гэты шанс не ўпусціў.

    Сельвыканкам выдзеліў Руслану Гілю 4 гектары – працуй! Набыў трактар, не новы, праўда, часта даводзіцца рамантаваць, аднак пакуль што і арэ, і сее, і косіць – прычапныя прылады таксама свае. Гілі на двух гектарах вырошчваюць ячмень і пшаніцу, ёсць з паўгектара бульбы, сенажаць, дзе Руслан косіць траву на падкормку і сушыць сена. Але на зіму чатыром каровам гэтага мала. Добра, што заўсёды можна разлічваць на супрацоўніцтва з мясцовым СВК “Шлях новы”. Плануе гаспадар падгадаваць цялят і здаць іх у сельгаскааператыў. Узамен атрымае як мінімум 12 рулонаў спрасаванага сена. Дадаць да гэтага свае канцэнтраты і магчымасць купіць зерне ў сельгаскааператыве, набыць жом — зімаваць можна будзе бязбедна. Хопіць кармоў і іншай жыўнасці, што ёсць на падворку: курам, качкам.

    Увосень Сняжана і Руслан плануюць набыць і пару парасят, а як справа пойдзе – больш. На сямейным савеце падлічылі, што і колькасць кароў можна павялічваць. Гаспадар тэрмінова ўзяўся дабудоўваць “другую чаргу” хлява: як мінімум 3 рагулі неўзабаве тут зоймуць месца, а ў арсенале тэхнікі прыбавіцца яшчэ адзін даільны апарат. Самае галоўнае, што працавітых бацькоў падтрымліваюць дзеці. Старэйшы Арцём, якому ўжо 16 гадоў, у Ганцавіцкім ліцэі атрымлівае прафесію трактарыста. Калі прыязджае дадому – бацьку адчувальная падмога. Дзяўчынкі, хоць яшчэ і малыя, але ўжо нешта стараюцца зрабіць па гаспадарцы, дапамагчы маме і тату. І вельмі любяць сырадой.

    Наогул, як прызнаецца Сняжана, сям’я мала што купляе ў магазіне – усё сваё: малако, вяршкі, тварог, сыракваша, на якой гаспадыня пячэ пульхныя аладкі. На ўра ідзе смажаная курыца ці качка з маладой бульбай, у дастатку свежай агародніны. Нават хлеб у Гіляў свой: купілі хлебапечку — і яна не прастойвае. Але ўсё ж нялёгка даюцца сям’і Гіляў і грошы за прададзенае малако, і шчодры стол з натуральнымі прадуктамі, і ружовыя ранкі, у якіх не заўсёды праглядаецца рамантыка. Гэта праца паўсядзённая і напружаная. Магчымасць адпачыць Руслану, які працуе начным вартаўніком у райветстанцыі, дае яго даўняе хобі – сад. Некалі давялося папрацаваць садаводам, асвоіў тэхналогію прышчэпак фруктовых дрэў. Свой сад закладваў з асаблівай любоўю. Падвоі прывёз з Пружаншчыны, прышчапіў самыя смачныя і лёжкія сарты яблык. Гілевы яблыні пладаносяць штогод. А побач – плантацыя чорных парэчак: частка ўраджаю прадаецца, з часткі Сняжана гатуе варэнне. Усе свае даходы і расходы яны падлічваюць, размяркоўваюць і плануюць.

    Вось-вось падыдзе чарга гэтай шматдзетнай сям’і на атрыманне крэдыту на рэканструкцыю дому. А з грошай, атрыманых за малако, адкладваюць на падрыхтоўку дзяцей да школы. На вуліцы Маладзёжнай у Вялікай Лотве жыве звычайная сям’я – бацькі і трое дзяцей. Праблемы, радасныя падзеі, поспехі, няўдачы як у ва ўсіх. Адзначу адну акалічнасць: дзеці тут выхоўваюцца на прыкладзе бацькоў, якія заўзята працуюць. Напэўна і яны вырастуць такімі ж.

    «Ляхавіцкі веснік»

    Автор: Аліна ЛАПІЧЛяхавіцкі веснік

Комментарии (0)