10 Декабря, 2024 Вторник

У Беларусі з’явяцца сучасныя дамы на вадзе для круглагадовага пражывання

  • 25 июня 2015 Экономика Беларуская 0

    Такое плывучае жыллё будуць збіраць пад Мінскам. Спецыяльная канструкцыя іх, акрамя самога дома, уключае модульныя пантоны. З іх дапамогай такі «хаусбот» можна размясціць каля прычала або перамяшчаць па рэках і азёрах.

    На бе­ла­рус­кай ва­дзе пры­жы­вуц­ца толь­кі ма­лень­кія дам­кі.

    Наш варыянт дома на пантонах мае даволі кампактныя памеры, дзе само жылое памяшканне займае плошчу 26 квадратных метраў — гэта непасрэдна пакой з кухняй і санвузлом. У ім прадугледжаны ўсе камунікацыі, уключаючы электрычнасць, асвятленне, водаправод і каналізацыю. Пры гэтым інжынерныя сістэмы праектуюцца пад кожны праект індывідуальна. Прыкладны кошт дома складае каля 16 тысяч долараў.

    Не баіцца палярных маразоў

    Плывучы дом можна выкарыстоўваць як летам, так і зімой. Стваральнікі арыгінальнай канструкцыі запэўніваюць: пантоны метровым дыяметрам і таўшчынёй сценкі ў 25 мм не баяцца сур’ёзных халадоў і вытрымліваюць аж да 60 градусаў марозу. Каркас такой пабудовы драўляны, а фасады выкананы з матавага фарбаванага металу. Унутраныя памяшканні пакрываюць хваёвым дрэвам і керамічнай пліткай.

    Экзотыка падарожжа

    Дамы на вадзе арыентаваны на тых, хто мае ўчастак з выхадам да вадаёма. Яшчэ адзін напрамак — плывучыя гасцініцы. Беларускія маленькія «хаусботы» можна будзе выкарыстоўваць для арганізацыі падарожжаў па беларускіх рэках, у тым ліку Нёмане, Прыпяці, Дняпры і Заходняй Дзвіне. Сегмент падобнага мабільнага жылля досыць вузкі — нават з улікам яго нізкага сабекошту. «Для айчынных вытворцаў гэта ў пэўнай ступені дэманстрацыя магчымасцяў выкарыстання модульнага жылля», — тлумачыць развіццё новага напрамку дырэктар па развіцці бізнесу кампаніі «ДубльДомБай» Вячаслаў Бабіенка.

    Увогуле, «хаусбот» дапоўніць лінейку модульных дамоў, вытворчасць якіх кампанія пачала ў сакавіку і паказала мінчанам на спецыялізаванай выставе. «Дубльдамы» збіраюць на фабрыцы за два тыдні, пасля чаго дастаўляюць па частках на ўчастак і ўстанаўліваюць на працягу сутак.

    Ін­дый­скія ке­ту­ва­лы ча­сам на­гад­ва­юць ба­я­выя ка­раб­лі.

    Вынаходніцтва з Еўропы

    У пачатку сваёй гісторыі плывучае жыллё ўяўляла з сябе звычайныя дамы, пастаўленыя замест падмурка на плывучую платформу. У большасці выпадкаў гэта была канструкцыя, усталяваная на пантон, якая складалася з аднаго або некалькіх матэрыялаў (дрэва, жалеза), прызначаная для пражывання чалавека, абароны яго ад неспрыяльных прыродных з’яў і нізкіх тэмператур. Прычыны, з якіх людзі выбіралі для сябе жыллё на вадзе, былі рознымі. У некаторых выпадках гэта высокія падаткі на зямельныя ўчасткі, у асобных — недахоп зямлі на тэрыторыі адносна буйных населеных пунктаў. Цэлыя пасёлкі з такіх дамоў-лодак з даўніх часоў захаваліся ў краінах Еўропы.

    У Германіі, у гамбургскім порце, на вадзе размяшчаецца цэлая камуна плывучых дамоў, у якой ёсць нават уласная царква. На Ландвер-канале ў Фрыдрыхсхайн-Кройцберг (Берлін) таксама ёсць свой раён плывучых дамоў.

    У Нідэрландах, ля берагоў каналаў Амстэрдама, размяшчаюцца адны з самых прыгожых і дарагіх плывучых дамоў у Еўропе, сярод якіх ёсць нават гасцініцы. Сёння ўтрыманне плывучых дамоў у Амстэрдаме абыходзіцца вельмі дорага ў сувязі з абмежаванай колькасцю прычалаў. Такія высокія цэны зніжаюць верагоднасць з’яўлення новага суседа для прыкладна 2400 сем’яў, якія жывуць на водах Галандскай сталіцы.

    У Вялікабрытаніі сустракаюцца плывучыя хаты абедзвюх галоўных разнавіднасцей — як з пераважнымі хадавымі якасцямі для здзяйснення падарожжаў па рэках, каналах і азёрах, так і тыя, што выкарыстоўваюцца выключна ў якасці дамоў. Першыя брытанскія плывучыя хаты прымяняліся для перавозкі сыравіны і паліва па каналах і ўпершыню былі пабудаваны ў пачатку Прамысловай рэвалюцыі. Сёння сетка каналаў прызначана ў першую чаргу для адпачынку. У Вялікабрытаніі на вадзе жывуць больш за 15 тысяч чалавек.

    Першай была Індыя

    Індыйскія рыбакі і гандляры для таго, каб пракарміць сябе і сваю сям’ю, з раніцы да вечара праводзяць час на вадзе. Не дзіўна, што ім яшчэ ў старажытныя часы прыйшла ў галаву думка пабудаваць дом на вадзе. Прычым не проста на вадзе, а на лодцы. Дом і праца ў адным месцы — гэта зручна, таму што сям’я побач, а ты ніколі не спознішся на клёў. Такія домікі-лодкі называюць у Індыі кетуваламі, але турысты прывыклі называць іх хаусботамі. Найчасцей за ўсё іх можна сустрэць на рэках у індыйскім штаце Керала.

    Плы­ву­чы дом у Амстэр­да­ме звы­чай­на па­та­нае ў квет­ках.

    Зазірнуўшы ў такое судна, вы ўбачыце нядрэнна абсталяваную спальню, кухню і нават пакой адпачынку. Раней лодкі-домікі выкарыстоўвалі, у асноўным, для перавозкі рысу на вялікія адлегласці. Праз некаторы час рыбакі і гандляры сталі ў іх проста жыць. Цяпер жа вялікая частка гэтых лодак выкарыстоўваецца ў якасці гатэляў для турыстаў, якія, прыязджаючы ў Індыю, хочуць паспрабаваць нешта новенькае і аўтэнтычнае.

    Автор: Сяргей КУРКАЧЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)