Яшчэ зімой ад старшыні Засценкаўскага сельсавета Анатоля Додрыкава даведаўся, што ў нашым раёне на базе сялянскай фермерскай гаспадаркі “Белаграпрам-Нектар” Уладзіміра Лепешава ўжо не першы год дзейнічае адзіны на Віцебшчыне гадавальнік (питомник) па вывядзенні племянных пчоламатак.
Больш падрабязную інфармацыю аб дзейнасці пчолагадавальніка А.Додрыкаў параіў атрымаць у сына У.Лепешава — Дзмітрыя, які па сутнасці з’яўляецца галоўным тэхнолагам гаспадаркі.
Дачакаўшыся вясны, калі зацвілі сады і шматлікія пчаліныя сем’і Лепешавых уключыліся ў сваю крапатлівую сезонную работу, я напрасіўся да Дзмітрыя Лепешава ў госці. Ён прызначыў спатканне на пчальніку, які размешчаны на ўзлеску непадалёку ад вёскі Новая Тухіня, дзе стаіць дом Лепешавых і размяшчаецца база фермерскай гаспадаркі. Свяціла сонейка, і мы пад манатонны гук пчол уключыліся ў размову.
—Як прыйшла ідэя ўзяцца за такую тонкую, патрабуючую спецыфічных ведаў і цярпення, справу, — запытаўся ў Д.Лепешава.
—Такі выбар лагічны і заканамерны, — гаворыць Д.Лепешаў. — Справа ў тым, што члены нашай сям'і патомныя пчаляры ў трэцім пакаленні. Мой прадзед і дзед былі добрымі пчалярамі, мелі вялікія пчальнікі і багаты жыццёвы вопыт у гэтай справе.
Дзевяць гадоў назад, у 2006 годзе на сямейным савеце прынялі рашэнне стварыць фермерскую гаспадарку па развядзенні племянных пчол і рэалізацыі іх арганізацыям, якія маюць пчальнікі, і пчалярам-аматарам. Некалькі гадоў пайшло на стварэнне матэрыяльнай базы і развядзенне пчол. Пачыналі сваю дзейнасць, маючы дзве пчаліныя сям’і, а сёння — каля 300 сямей.
У 2010 годзе наша фермерская гаспадарка была атэставана дзяржаўнай камісіяй як гадавальнік племянных пчоламатак, і нам выдалі адпаведны сертыфікат. Адзначу, што на Віцебшчыне такая гаспадарка адзіная. Нашу дзейнасць курыруюць спецыялісты аддзела пчалярства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, камітэта па сельскай гаспадарцы Віцебскага аблвыканкама.
—На развядзенні якой пароды пчол спецыялізуецца ваша гаспадарка?
—Штогод мы купляем у Германіі племянных пчоламатак еўрапейскіх парод “карніка” ці “краінка”. На нашым пчальніку яны ствараюць сем’і, праходзяць акліматызацыю і мы правяраем іх на гаспадарчую прыгоднасць у нашых кліматычных умовах. Ад гэтых мацярынскіх сем’яў, прайшоўшых праверку, адбіраем племянных пчоламатак пакалення F-1 і рэалізуем іх усім, хто дае заяўкі: лясгасам, арганізацыям, якія маюць пчальнікі, пчалярам-аматарам. За год мы прадаем каля 1 тысячы племянных пчоламатак.
Хачу адзначыць: калі ў прыродзе апладатварэнне пчоламатак адбываецца трутнямі ў час іх палёту, то на нашым пчальніку — пад кантролем чалавека. Мы наладзілі штучнае асемяненне пчоламатак.
—Якім чынам вам удалося асвоіць справу развядзення племянных пчол на высокім тэхналагічным узроўні?
—Па-першае, па прафесіі я заатэхнік, скончыў Віцебскую ветакадэмію і веды, атрыманыя ў гэтай вышэйшай навучальнай установе, з’яўляюцца добрай базай для вядзення племянной справы ў пчалярстве. У час вучобы ў ветакадэміі я быў на практыцы ў Германіі і там мне ўдалося пазнаёміцца з методыкай вядзення племянной справы. Ды, было б толькі жаданне, а яно ў мяне ёсць, павышаць веды можна і шляхам самаадукацыі.
—Атрымліваецца, што асноўнай таварнай прадукцыяй вашай сямейнай гаспадаркі з’яўляюцца племянныя пчоламаткі.
—Не толькі. Па заяўках спажыўцоў мы займаемся фарміраваннем пчолапакетаў, з якіх потым утвараюцца пчоласем’і. Хачу падкрэсліць, што племянных пчоламатак і пчолапакеты рэалізуем спажыўцам толькі калі ёсць папярэдняя заяўка. Пабочнай таварнай прадукцыяй гаспадаркі з’яўляецца мёд, праполіс, перга.
—Ці купляюць у вас племянных пчоламатак пчаляры-аматары з нашага раёна?
—Так, ёсць заяўкі на нашу прадукцыю і ад дубровенцаў.
—Каб трымаць такі вялікі пчальнік трэба вырошчваць культуры, якія забяспечваюць пчол багатым мёдазборам. Што вырошчваеце вы на сваім участку?
—Канюшыну, доннік, фасэлію. Яны з’яўляюцца базай мёдазбору для двух качуючых на калёсах партый пчоласямей. А для пчоласямей, якія знаходзяцца на стацыянары на ўзлеску, дастаткова мёдазбору з дзікарастучых траў і ягаднікаў.
—Пчалярства, а тым больш племянное, патрабуе шмат часу і сіл. Хто яшчэ акрамя вас працуе на пчальніку?
—Бацька і брат Андрэй.
—Сельгаспрадпрыемствы для вытворчасці прадукцыі атрымліваюць фінансавыя датацыі з дзяржаўнага бюджэту. А ваша фермерская гаспадарка атрымлівае фінансавую дапамогу дзяржавы?
—Так, нам для развіцця племяннога пчалярства выдзяляюцца невялікія грашовыя субсідыі з дзяржаўнага бюджэту.
—Вашы планы на будучае? Ці плануеце пашыраць сваю гаспадарку і павялічваць рэалізацыю племянных пчоламатак?
—Я ўжо адзначыў, што наша гаспадарка плануе сваю работу, зыходзячы з паступаючых заявак ад спажыўцоў. А гэта галоўны фактар, які вызначае аб’ём нашай работы на будучае. Мы імкнёмся рабіць усё для таго, каб выконваць усе паступіўшыя заяўкі на прадукцыю.
—Дзякуй за інтэрв’ю. Поспехаў Вам у вашай патрэбнай людзям справе.

Комментарии (0)