25 Апреля, 2024 Четверг

Сумленнай працай хлебаробаў год корміцца

  • 27 июля 2015 Экономика Беларуская 0

    Доўгачаканыя дожджыкі нарэшце дабавілі ў глебу вільгаці. Актывізаваўся рост бульбы, узрадавана пацягнулася ўверх кукуруза… Але, на жаль, прыпынілася ўборка збожжавых культур, палі цяжка ўздыхалі пад налітым сырым калоссем і чакалі добрага надвор’я. Пільны кантроль за ўзроўнем вільгаці вялі працаўнікі хлебнай нівы,  экіпажы збожжаўборачных камбайнаў нецярпліва чакалі працягу актыўнага жніва.

    У адкрытым акцыянерным таварыстве «Эксперыментальная база «Доўск», па словах дырэктара гаспадаркі Рамуальда Іадкоўскага, сёлета неабходна зжаць 1 839 гектараў збожжа, у тым ліку 590 гектараў азімай пшаніцы. Каля 800 гектараў ужо ўбралі, атрымалі амаль 2000 тон хлеба.

    Экіпажы гэтай гаспадаркі ўжо некалькі гадоў запар займаюць лідзіруючыя пазіцыі сярод тысячнікаў па выніках уборачнай кампаніі Рагачоўшчыны. Дасягнуць высокай планкі хлебаробам дапамагаюць такія рысы характару, як мэтанакіраванасць, настойлівасць, працавітасць і адданасць сваёй карыснай працы.

      — Галоўнае, каб тэхніка не падводзіла, — расказвае старшы камбайнер Дзмітрый Клімянкоў. – Яшчэ надвор’е трэба спрыяльнае. А ўсё астатняе ўжо залежыць ад асабістых намаганняў. Калі працуеш сумленна – тады і вынікі задавальняюць!

    Згаджаецца з гэтым меркаваннем і яго напарнік — камбайнер Дзмітрый Емяльяненка. А таксама экіпаж у складзе старшага камбайнера Вячаслава Прудчанка і камбайнера-памочніка Андрэя Леоненкі, вадзіцель на адвозцы збожжа ад камбайнаў Міхаіл Міхалёў і іншыя хлебаробы.

    Прыемна адзначыць, што ў ААТ «Эксперыментальная база «Доўск» ужо другі год шчыруе маладым аграномам Ганна Фалей. Родам яна з другога кутка Гомельшчыны – Лоеўскага раёна. Скончыўшы Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, Ганна Уладзіміраўна з задавальненнем набіраецца прафесіяналізму на палях нашага раёна і ўжо мае станоўчыя водгукі ад кіраўніцтва ў свой адрас. Зараз яе асноўны клопат – кантроль якасці жніва ў гаспадарцы.

    Высокіх вам намалотаў, паважаныя хлебаробы! Няхай поле адказвае толькі ўзаемнасцю вашай нялёгкай, самаадданай працы!

    Наталля ПЯТРУШЧАВА.

    Фота Васіля РАГОЖНІКАВА.

    Автор: Наталля ПЯТРУШЧАВАСвабоднае слова

Комментарии (0)