29 Марта, 2024 Пятница

Віншаванні прымалі лідары жніва

  • 17 августа 2015 Экономика Беларуская 0

     

    Спякота, якая стаіць з першых дзён жніўня, спрыяе высокім тэмпам уборкі ўраджаю. У выніку ў суботу, 8 жніўня, жніво ў раёне мінула свой экватар.

    А яшчэ ў той дзень стала вядома прозвішча камбайнераў экіпажа, які першым у раёне пераадолеў рубеж па намалоце 1000 тон збожжа. Гэта Ула­дзімір РАДЗЕЎСКІ і Уладзімір ХАРКЕВІЧ з ААТ “Каманіна”, якія з першых дзён сёлетняга жніва ў ліку лідараў раённага спаборніцтва камбайнераў.

    Асабліва плённым для гэтага экіпажа выдалася мінулая пятніца, калі з бункера камбайна “Ліда-1300” яны выгрузілі 124 тоны збожжа. Такі рэкордны вынік дазволіў абыйсці па намалотах таварышаў па працы Аляксея Чаркасава і Юрыя Тарасевіча, якія да гэтага былі лідарамі раённага спаборніцтва.

    На раніцу ў панядзелак, калі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Рубанцаў і аўтар гэтага матэрыялу завіталі ў ААТ “Каманіна”, каб павіншаваць Уладзіміра Радзеўскага і яго памочніка з працоўнай перамогай, на рахунку тых было 1132 тоны намалочанага збожжа — на 24 тоны больш, чым у экіпажа А.Чаркасава.

    Дарэчы, гэта не першая працоўная перамога Уладзіміра Радзеўскага. За доўгія гады працы механізатарам у гаспадарцы ён неаднойчы быў у ліку пераможцаў і прызёраў раённага спаборніцтва. А ў мінулае жніво Уладзімір Радзеўскі быў прызнаны пераможцам абласнога спаборніцтва сярод камбайнёраў, якія працавалі на камбайнах “Ліда-1600”. За сезон ён разам з сынам Андрэем намалацілі 1769 тон збожжа. Гэта быў лепшы паказчык у вобласці і бацька з сынам прымалі ўдзел у абласных “Дажынках” у Гарадку.

    Міхаіл Іванавіч Рубанцаў шчыра павіншаваў Уладзіміра Радзеўскага з працоўнай перамогай і ўручыў яму дыплом і грашовую прэмію, пажадаў высокіх намалотаў і новых працоўных перамог.

    Па стане на раніцу ў панядзелак рубеж па намалоце 1000 тон збожжа пераадолелі сем экіпажаў, прозвішчы якіх апублікаваны ў сённяшнім нумары газеты пад рубрыкай “Правафланговыя на жніве”.

    Варта заўважыць, што высокім намалотам спрыяла не толькі старанная праца камбайнераў, але і багаты ўраджай, які вырас на палетках большасці гаспадарак раёна. У трох гаспадарках — ААТ “Праўда-С”, “Якубава-Агра” і КУСГП “Прыдубровенскі” — намалочваюць з гектара больш за 50 цэнтнераў зерня, а ў сярэднім па раёне — 38,9 цэнтнера, што на некалькі цэнтнераў больш, чым у мінулым рэкордным па ўраджаю збожжавых годзе.

    Сёння галоўная задача хлебаробаў убраць вырашчаны ўраджай да апошняга зярнятка.

    І яшчэ адно віншаванне адбылося ў панядзелак. На гэты раз намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аксана Петрыкава і артысты аўтаклуба  віншавалі з працоўнай перамогай і надыходзячым міжнародным днём моладзі Уладзіміра Смаленскага, камбайнера ААТ “Герой”. Ён першым сярод маладых камбайнераў раёна намалаціў тысячу тон збожжа. Аксана Іванаўна ўручыла У.Смаленскаму падарунак і адзначыла, што гэта перамога для камбайнера не першая. Ен з’яуляецца лідарам на працягу апошніх некалькі год. Не раз быў на свяце працаўнікоў сяла “Дажынкі”. А.Петрыкава шчыра падзякавала за плённую працу і пажадала і новых поспехаў, і здзяйснення мар, а дзяўчаты падаравалі добрую песню.

     

     

    Автор: Андрэй КВІР, Алена КАРСАКОВАДняпроўская праўда

Комментарии (0)