25 Апреля, 2024 Четверг

Рамонтны сезон

  • 18 августа 2015 Экономика Беларуская 0

    Немалую частку гэтай работы слуцкія камунальшчыкі выконваюць уласнымі сіламі. Напрыклад, уцяпленне тарцоў дамоў у Слуцку, рамонт стыкаў сценавых панэляў (на гэтай рабоце задзейнічаны прамысловыя альпіністы) праводзяць працаўнікі гаспадарча-разліковага ўчастка КУП «Слуцкая жыллёва-камунальная гаспадарка».

    На вуліцы Энергетыкаў  работнікі ўчастка ўцяпляюць сцены  дома №5. Як адзначыў майстар гаспадарча-разліковага ўчастка ЖКГ Валерый Міхайлавіч Сянькевіч, уцяпленне робяць цеплаізаляцыйнымі плітамі з мінеральнай ваты – правераная, надзейная тэхналогія. Гэтыя работы сёлета ўжо выканалі на дамах №17 на вуліцы Лобана, №5 на вуліцы Будаўнікоў. У хуткім часе прыступяць да ўцяплення тарцоў дома №3 у другім завулку Максіма Багдановіча. Работнікі ЖКГ Аляксандр Альбінавіч Некрашэвіч і Уладзімір Віктаравіч Гурыновіч, якія не першы год займаюцца ўцяпленнем сцен дамоў, расказалі, што справа гэта патрабуе пэўных навыкаў, звычкі, бо даводзіцца працаваць на вышыні. Самыя складаныя аб’екты – дамы адмысловай архітэктуры: вельмі няпроста расставіць рыштаванні, дабрацца да сцен праёмаў, нішаў. Аднак для камунальшчыкаў гэта не перашкода. Работы выконваюць у адпаведнасці з графікам.

    У ліку падрадных арганізацый Слуцкай ЖКГ, якія займаюцца рамонтам жылфонду, – камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Слуцкае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне». Працаўнікі прадпрыемства выконваюць капітальны рамонт дахаў шматпавярховак, адмосткаў, уцяпленне тарцоў сцен, іншыя работы. З працаўнікамі РБУ Алексісам Мячаслававічам Сяліцкасам, Сяргеем Аляксандравічам Крывашэем, Сяргеем Міхайлавічам Ігнатовічам, Эдуардам Эдуардавічам Канчаком я сустрэлася на вуліцы Гагарына, дзе яны вядуць уцяпленне тарцоў дома №17. Як расказалі мужчыны, нягледзячы на спёку, работа спорыцца: працуюць некалькі дзён, а ўжо ўклалі ўцяпляльныя пліты на большай частцы сцяны дзевяціпавярхоўкі.

    Намеснік начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела Слуцкай ЖКГ Кацярына Іванаўна Волчык паведаміла, што капітальныя рамонты дамоў жылфонду, уладкаванне дваровых тэрыторый праводзяцца ў адпаведнасці з планамі, вызначанымі на гэты год. У прыватнасці, сёлета добраўпарадкавана дваровая тэрыторыя дома №164 на Сацыялістычнай, зроблена ўкладка скатнага даху і ўцяпленне сцен дома №8 на вуліцы Будаўнікоў, завяршаюць добраўпарадкаванне двара гэтага дома. Завершаны рамонт мяккага даху дома №154 на вуліцы Сацыялістычнай, у хуткім часе прыступяць да рамонту дахаў дамоў №№3, 5 у другім завулку Максіма Багдановіча. Уцяпляюць тарцавыя сцены дома №10 на Салігорскай, гэтыя работы завяршылі на доме №227 на вуліцы Леніна і іншых. У доме № 166 на вуліцы Сацыялістычнай заменены два ліфты.

     Кацярына Іванаўна расказала, што работнікі ЖКГ, у тым ліку ЖЭУ, падрадных арганізацый праводзяць таксама бягучыя рамонты дахаў, стыкаў сценавых панэляў шматпавярховых дамоў у Слуцку, адмосткаў, пешаходных дарожак, дзвярэй пад’ездаў, малых архітэктурных форм (лаўкі, урны для смецця, аб’екты гульнёвых дваровых пляцовак і іншае). Напрыклад, цяпер рамантуюць адмосткі дома №154 на Сацыялістычнай, выканалі рамонт адмосткаў дома №88 на вуліцы Максіма Багдановіча. Ужо зроблены бягучы рамонт больш за 7 тысяч м2 дахаў і 7,5 тысячы м2 стыкаў сценавых панэляў, адрамантавана звыш 100 малых архітэктурных форм. Бліжэй да верасня будуць актывізаваны работы па рамонце, шкленні вокнаў пад’ездаў, закрыцці вокнаў падвалаў.

    – Хачу нагадаць, што тытульныя спісы-2015 па капрамонце дамоў сфарміраваны на аснове перспектыўных планаў капітальнага рамонту жылфонду, – адзначыла Кацярына Іванаўна Волчык. – Найперш рамантуем дамы, якія па тэхналагічных, эксплуатацыйных параметрах маюць у гэтым вострую неабходнасць. Адначасова ўладкаваць усе дамы, якія падлягаюць рамонту, на жаль,  не прадстаўляецца магчымым – фінансы не бязмежныя. Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да случчан: актыўней уключайцеся ў рамонт пад’ездаў. Нагадаю, што ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам гэтыя работы цяпер праводзяць за сродкі жыльцоў. Па ўсіх пытаннях арганізацыі і правядзення рамонтных работ у пад’ездах звяртайцеся ў ЖЭУ. І яшчэ… Загадзя паклапаціцеся аб падрыхтоўцы да халоднага перыяду аконных рам, дзвярэй  у сваіх кватэрах.

    Автор: Наталля СелязнёваСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)