28 Марта, 2024 Четверг

ААТ "Старыца-Агра" — прыклад гаспадарлівасці

  • 20 августа 2015 Экономика Беларуская 0

    ААТ «Старыца-Агра» — сельгаспрадпрыемства, добра вядомае не толькі ў нашым раёне, вобласці, але і ва ўсёй рэспубліцы. Вырабляюць тут усё са знакам якасці: збожжа, бульбу, мяса-малочную прадукцыю, садавіну. Апошнім часам яго плошчы пастаянна павялічваюцца (як вядома, паўтара года таму быў далучаны сельгасфіліял «Крыніца»). На высокім узроўні знаходзіцца і жывёлагадоўля. Адным словам, ва ўсім адчуваецца гаспадарская рука.

    Гледзячы на гэту моцную шматпрофільную гаспадарку, адразу адчуваеш, што ёй кіруе высакакласны спецыяліст, прафесіянал. Гэта сапраўдны гаспадарнік — Уладзімір Рудакоўскі, які ўжо адзінаццаць гадоў стаіць на чале гаспадаркі. Уладзімір Анатольевіч лічыць: «У любой вялікай і малой справе асноватворнымі з’яўляюцца наступныя складаемыя: настроенасць на справу, неабходная падрыхтоўка і граматная арганізацыя яе выканання. Вось такі просты, на першы погляд, сакрэт паспяховай працы».

    Сельскагаспадарчае прадпрыемства «Старыца-Агра» спецыялізуецца на вытворчасці збожжа, цукровых буракоў, кукурузы, яблык, шматгадовых траў, малака і ялавічыны, а таксама займаецца бульбаводствам па інтэнсіўнай тэхналогіі.

    На сёння землі ААТ «Старыца-Агра» налічваюць каля 12 тыс. гектараў. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы — 9 тыс. галоў. Малочная жывёлагадоўля налічвае 2200 кароў. За першае паўгоддзе гэтага года вытворчасць малака склала 113% да ўзроўню папярэдняга года, рэалізацыя малака — 115% да 2014 года: за шэсць месяцаў 2015 года прадалі дзяржаве больш за 800 тон пры таварнасці 92%. Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы па гаспадарцы склалі 782 грамы, па комлексе «Чарнічнае» — 1 кг 87 г. Для дасягнення такіх паказчыкаў патрабуецца і адпаведная кармавая база. Таму сёлета нарыхтавана звыш 16 тыс. т сенажу, больш за 1200 т сена, плануецца назапасіць 1200 т зернефуражу.

    Для паспяховага вядзення жывёлагадоўлі трэба на належным узроўні весці раслінаводства. Сёлета ААТ «Старыца-Агра» паспяхова праводзіць жніво. Ужо ўбраны 490 га рапсу, якога намалочана 1200 т пры сярэдняй ураджайнасці 24 ц/га. Збожжавых плануецца атрымаць больш за 13 тыс. т. Сярэдняя ўраджайнасць іх павінна скласці не менш за 45 ц/га.

    Штогод на палях ААТ «Старыца-Агра» засяваецца 450 га цукровых буракоў. Гэта сельскагаспадарчая культура таксама знайшла свайго пастаяннага спажыўца — кожны год на Слуцкі цукроварафінадны камбінат адпраўляецца каля 18 тыс. т салодкіх караняплодаў. Рэнтабельнай для сельгаспрадпрыемства з’яўляецца і кукуруза. Яна, дарэчы, ідзе як на сілас, так і на зерне. Сёлета, напрыклад, валавы збор зерня кукурузы плануюць атрымаць каля 4-5 тыс. т.

    Бульба ў гаспадарцы — заўсёды на вагу золата. Рэнтабельнасць другога хлеба складае звыш 140%. А ўсё таму, што вырошчваюць яго па інтэнсіўнай тэхналогіі. Сёлета пад бульбу адведзена 250 га.

    «Аднак галоўнае — не толькі вырасціць, але і захаваць ураджай, — падкрэслівае дырэктар ААТ «Cтарыца-Агра». — На гэтым не раз акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы ў час рабочых паездак па рэгіёнах. У нашай гаспадарцы для гэтай мэты прадугледжаны мадэрнізаваныя агароднінасховішчы». Якасць сельскагаспадарчай прадукцыі ААТ «Cтарыца-Агра», якая пастаўляецца на айчынны рынак, сумненняў не выклікае. Аб гэтым сведчыць ужо той факт, што на працягу многіх гадоў гаспадарка «корміць» не толькі жыхароў сталіцы, але і Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Яшчэ адзін напрамак дзейнасці прадпрыемства — вытворчасць насеннай бульбы. Накіроўваецца яна як на ўласныя патрэбы, так і прадаецца суседнім гаспадаркам. Добрае насенне заўсёды ў цане.

    Асаблівы гонар як кіраўніка, так і ўсяго калектыву прадпрыемства складае яблыневы сад, які таксама кожны год прыносіць прыбытак.

    Калектыў прадпрыемства налічвае сёння каля 560 чалавек. Сярод работнікаў як вопытныя спецыялісты, так і моладзь, у асноўным — з навакольных вёсак. Свой выбар на ААТ «Старыца-Агра» яны спынілі не выпадкова. Прадукцыя гаспадаркі дае прыбытак, тым самым ёсць штуршок да развіцця сацыяльнай сферы. Маладыя сем’і атрымліваюць камфортнае жыллё, годную заработную плату. Для працаўнікоў ствараюцца самыя спрыяльныя ўмовы, а яны, у сваю чаргу, укладваюць у працу не толькі майстэрства, але і душу.

    Калі ў кіраўніка ААТ «Cтарыца-Агра» пытаюцца, як удалося ўтрымаць на плыву такую велізарную гаспадарку, Уладзімір Анатольевіч адказвае адназначна: упартай працай, сваёй і ўсяго калектыву. Напрыклад, калі далучылі сельгасфіліял «Крыніца», для развіцця жывёлагадоўлі палепшылі кармавую базу, правялі рэканструкцыю жывёлагадоўчых аб’ектаў, для чаго патрабаваліся немалыя фінансавыя ўкладанні.

    А зрабіць правільныя высновы вопытны кіраўнік Уладзімір Рудакоўскі ўмее. Выпускнік Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі па спецыяльнасці «інжынер-гідратэхнік», ён працяглы час працаваў у сістэме меліярацыі, а таксама ў органах мясцовага кіравання. ААТ «Старыца-Агра» ўзначальвае з 2004 года. Шмат чаго зроблена, але наперадзе — яшчэ больш. Бо ён ініцыятыўны кіраўнік, які ведае сельскагаспадарчую вытворчасць і валодае высокімі арганізатарскімі здольнасцямі. Нездарма ў 2013 годзе за шматгадовую добрасумленную працу ў аграпрамысловым комплексе і асабісты ўклад у развіццё сельгасвытворчасці Капыльскага раёна Уладзімір Анатольевіч быў узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». Крыху раней, у 2007 годзе, ён атрымаў Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь за вялікі ўклад у развіццё АПК і рэалізацыю сацыяльнай і эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь.

    Уладзімір Рудакоўскі займае актыўную жыццёвую пазіцыю: кожны раз ён выбіраўся дэлегатам Усебеларускіх народных сходаў, а інтарэсы сваіх выбаршчыкаў ужо не ўпершыню адстойвае ў Мінскім абласным Савеце дэпутатаў.

    Фота Паўла Шэіна і Маргарыты Саковіч

    Автор: Сяргей КОЗЕЛСлава працы

Комментарии (0)