24 Апреля, 2024 Среда

Першыя экіпажы-тысячнікі

  • 21 августа 2015 Экономика Беларуская 0

    Бягучы тыдзень пачаўся з прыемнай навіны: раніцай у панядзелак стала вядома, што ў ААТ «Кушлікі» два экіпажы камбайнераў намалацілі па тысячы тон збожжавых і сталі першымі ў Полацкім раёне экіпажамі-тысячнікамі. Свайго працоўнага поспеху  хлебаробы дасягнулі як раз у тыя дні, калі Віцебская вобласць у агульны каравай краіны ўнесла свой першы мільён тон збожжа.

    З хлебаробамі-пераможцамі мы сустрэліся як даўнія сябры. У мінулым годзе, як і сёлета, віншавалі іх з тысячным намалотам. Камбайнер Пётр Навумік і яго памочнік Юрый Панчанка раскрылі сакрэт паспяховай працы: яны разумеюць адзін аднаго з паўслова, працуюць дружна, зладжана, плюс ураджайнасць збожжавых сёлета дасягнула 50 і болей цэнтнераў з гектара. Выязджаюць на поле на сваім «КЗС-1218» каля 9 гадзін раніцы і, не спыняючыся, вядуць жніво да позняга вечара. У дакументах так і адзначаецца час працы: з 9 га­дзін і «да вяртання». Мы сустрэліся з працавітымі мужчынамі ва ўрочышчы Райкова. Яны ўбіралі авёс.Па традыцыі старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дабраслаўскі ўручыў лідарам жніва Падзячныя лісты ад упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Полацкага райвыканкама і райкама прафсаюза АПК, грашовае ўзнагароджанне і традыцыйныя майкі і кепкі ад Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. Хлебаробам было прыемна прымаць віншаванні. З ранку словамі падзякі ім узнялі працоўны настрой дырэктар гаспадаркі Фёдар Завадскі і старшыня прафкама Людміла Ахрамёнак, увага з боку гасцей, якія прыехалі, надала вагу іх перамозе.Другі экіпаж пераможцаў у складзе камбайнера Аляксандра Каросціка і яго памочніка Руслана Фукса сустракаў лідара Полацкай раённай прафсаюзнай арганізацыі ва ўрочышчы Забалацце таксама ў добрым настроі. І гэтыя хлебаробы — не навічкі на жніве. Аляксандр Мар’янавіч працуе ў ААТ «Кушлікі» ўжо 16 год, спачатку вадзіцелем быў, зараз — з году ў год — дэманструе высокія намалоты на камбайне. З памочнікам Русланам яны спрацаваліся яшчэ 6 год таму, з таго часу кожнае лета — разам. Іх жалезны конь «Мега-204» хоць і старэнькі, але не падводзіць. Сёлета на ім яны ўжо ўбіралі рапс, пшаніцу, ячмень, жыта і зараз авёс. Спякотнаму жнівеньскаму надвор’ю хлебаробы радуюцца. На іх думку, для ўборачнай пары лепш так, чым дождж.Пасля працоўнага дня дома хлебаробаў сустракаюць сем’і. У Аляксандра Каросціка жонка і дзве дачкі. У Руслана Фукса — жонка і маленькі сын Герман, якому ад роду толькі паўтара месяцы. Дзеля дабрабыту сваіх родных людзей і працуюць перадавікі.…З кожным днём зярняты з палёў зліваюцца ў агульную хлебную раку Полацкага раёна. Уборачная-2015 паступова выходзіць на фінішную прамую. Па стану на ўчарашнюю раніцу полацкія хлебаробы з пачатку кампаніі ўжо ўбралі плошчу 11776 гектараў, намалацілі 40627 тон збожжа, выканаўшы заданне на 90,3 працэнта.

    Автор: Аліна БальшаковаПолацкі веснік

Комментарии (0)