13 Мая, 2024 Понедельник

Эканоміка – аснова развіцця

  • 21 августа 2015 Экономика Беларуская 0

    Для развіцця сацыяльнай сферы патрабуецца грунтоўны падмурак – моцная эканоміка. Толькі стабільна і эфектыўна працуючая вытворчасць дазволіць зрабіць жыццё нашых землякоў больш заможным, уладкаваным, сацыяльна абароненым.

    Адзін з галоўных складальнікаў паспяховай работы любога прадпрыемства – яго мадэрнізацыя. Гэтае слова трывала ўвайшло ў нашу паўсядзённасць. Мадэрнізаваць вытворчасць, каб крочыць у нагу з часам, – безумоўнае патрабаванне Кіраўніка дзяржавы. Маюцца на ўвазе не простыя рамонт і абнаўленне (хаця і гэта, канешне, дае пэўны станоўчы эфект), а змены, якія ўплываюць на канкурэнтаздольнасць прадукцыі за кошт зніжэння яе сабекошту і павелічэння прадукцыйнасці працы.

    Самае паспяховае прамысловае прадпрыемства нашага раёна, безумоўна, СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”. Пастаянная мадэрнізацыя дазваляе яму не проста трымацца на плаву, а быць адным з найбольш эфектыўных прадпрыемстваў малакаперапрацоўчай галіны Брэстчыны і паспяхова канкурыраваць на сваім вытворчым полі са значна больш буйнымі “калегамі”. За апошнюю пяцігодку выпуск таварнай прадукцыі ў супастаўных цэнах тут вырас на чвэрць.

    Рэалізаваны ў свой час сур’ёзны інвестпраект – будаўніцтва цэха па вытворчасці казеіну – прынёс важкія дывідэнды: завод і сёння застаецца буйнейшым вытворцам казеіну ў Беларусі і паспяхова экспартуе гэтую прадукцыю.

    На прадпрыемстве пастаянна абнаўляеца абсталяванне, удасканальваюцца і ўкараняюцца новыя сучасныя тэхналогіі, што дазваляе не проста падтрымліваць якасць і асартымент прадукцыі на высокім узроўні, але і адпавядаць самым жорсткім міжнародным патрабаванням у галіне бяспекі прадукцыі, вытрымліваць стандарты ў галіне аховы працы і быць узорам у прадукцыйнасці працы, эканоміі і беражлівасці для вельмі многіх.

    Самы істотны інвестпраект апошніх гадоў у нашым раёне – рэканструкцыя і мадэрнізацыя ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”. У будаўніцтва новага цэха ўкладзены амаль 2 сотні мільярдаў бюджэтных сродкаў. Аддача відавочная: на новай тэхналагічнай лініі “Depoortere” прадукцыйнасць працы павялічылася ўтрая, выкарыстанне якаснай сыравіны дае магчымасць атрымаць запатрабаваны прадукт. Ды і ўмовы працы непараўнальна змяніліся: замест пыльнага халоднага і шумнага цэха людзі працуюць у чыстым цёплым памяшканні, большасць працэсаў аўтаматызавана.

    На кансервавым заводзе зараз ідуць работы па будаўніцтве новай лініі па афармленні гатовай прадукцыі.

    ТАА “Трансэлектракамплект”, створанае больш як дзесяцігоддзе назад, сёння ўваходзіць у лік самых адметных прадпрыемстваў раёна. Яго электратэхнічная і кабельная прадукцыя налічвае больш за сотню найменняў, частка вырабляецца па ўласных тэхналогіях і распрацоўках. Прадпрыемства дало работу сотні нашых землякоў.

    Трэба адзначыць, дзяржава стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця бізнесу, асабліва – для прадпрыемстваў, зарэгістраваных у сельскай мясцовасці і малых гарадах. За апошняе дзесяцігоддзе на Ляхавіччыне з’явілася больш за сотню новых мікра- і малых прадпрыемстваў, 27 з якіх сёння займаюцца выпускам прамысловай прадукцыі: вырабляюць пластыкавыя вок-ны, металічную сетку, зай-маюцца дрэваапрацоўкай, швейнай вытворчасцю і г.д. Не так даўно на тэрыторыі раёна пачало працаваць прадпрыемства высокадакладнага ліцця ТАА “ТМТ”. Не першы год паспяхова дзейнічаюць у сваёй вытворчай нішы “Ляхавічыдрэў” і “Інтэрлак”.

    Дарэчы, прадукцыя, выпушчаная малымі і мікрапрадпрыемствамі, у агульным аб’ёме прамысловай вытворчасці раёна займае 42 працэнты – лічба сур’ёзная.

    Сёння Ляхавіччына гандлюе не толькі з краінамі СНД, але і з далёкім замежжам. Прадукцыя нашых прадпрыемстваў запатрабавана ў Кітаі, Бельгіі, Нідэрландах, Даніі, Германіі, Польшчы, Грузіі, Літве і іншых дзяржавах. Але, канешне, галоўны гандлёвы партнёр – Расійская Федэрацыя: наладжаны партнёрскія стасункі з 18 рэгіёнамі суседняй краіны.

    Экспарт тавараў павялічыўся з 1,7 мільёна долараў у 2000 годзе да 24 мільёнаў у 2013. Знешнегандлёвае сальда пры гэтым заўсёды заставалася станоўчым і вырасла ў нашу карысць амаль у 50 разоў.

    За такімі лічбамі – пільная ўвага, клопат і падтрымка дзяржавы, сур’ёзная работа кіраўніцтва і калектываў прадпрыемстваў па паляпшэнні якасці і пашырэнні асартыменту прадукцыі, павышэнні яе канкурэнтаздольнасці, актыўныя пошукі новых рынкаў збыту.

    Сусветны крызіс, на жаль, паўплываў і на эканоміку нашых экспарцёраў, лічбы знешнегандлёвага абароту летась і сёлета пакуль не дасягаюць найвышэйшага ранейшага ўзроўню. Але гэта не падстава для бяздзейнасці, а нагода для больш актыўнай работы ў згаданым накірунку. Рэзервы і перспектывы ёсць.

    Таццяна КАЦУБА, намеснік старшыні райвыканкама.

    «Ляхавіцкі веснік»

    Автор: Таццяна КАЦУБАЛяхавіцкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)