25 Апреля, 2024 Четверг

Слуцкі цукроварафінадны камбінат: паэтапная мадэрнізацыя

  • 24 августа 2015 Экономика Беларуская 0

    У адкрытым акцыянерным таварыстве «Слуцкі цукроварафінадны камбінат» у перапрацоўчым сезоне пачнуць выпуск новага віду прадукцыі.

    Ужо ў пачатку верасня на Слуцкі цукроварафінадны камбінат прыбудуць першыя машыны з  цукровымі буракамі новага ўраджаю. На прадпрыемстве праведзена вялікая, у тым ліку мадэрнізацыйная, работа па падрыхтоўцы вытворчасці да новага перапрацоўчага сезона. Пра гэта расказаў старшыня наглядальнага савета камбіната Осіп Іосіфавіч Дапіра:

    – На прадпрыемстве працягваецца работа па нарошчванні магутнасцей камбіната да перапрацоўкі 10 тысяч тон цукровых буракоў за суткі. Нагадаю, што гэта паэтапны працэс, які ажыццяўляецца ўжо на працягу шэрагу гадоў. Правільнасць такой стратэгіі пацверджана практыкай: паступовая мадэрнізацыя не адбіваецца на фінансавай стабільнасці прадпрыемства, забяспечвае магчымасць своечасовых разлікаў па  крэдытах. Дарэчы, усе работы па рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытворчасці камбінат ажыццяўляе без бюджэтных асігнаванняў, толькі за ўласныя і крэдытныя рэсурсы. Сёлета на мадэрнізацыю вытворчасці будзе выкарыстана 175 мільярдаў рублёў.

    У ліку грунтоўных мадэрнізацыйных мерапрыемстваў гэтага года – устаноўка высокапрадукцыйнай лініі шведскай кампаніі «Flexus» па вытворчасці кансерваваных сырых жамерын. Гэта новы для нашага прадпрыемства від прадукцыі. Чым абумоўлены такія інавацыі… Шэрагам прычын, найперш, канечне, імкненнем яшчэ больш удасканаліць, аптымізаваць вытворчасць. Мы падлічылі, што ў параўнанні з вытворчасцю сухіх грануляваных жамерын выраб кансерваванага корму меней затратны і складзе прыкладна 60 працэнтаў ад кошту сухога. У выніку сельгасарганізацыі атрымаюць  больш танныя кармы, да таго ж з доўгім тэрмінам захоўвання: упакаваныя ў спецыяльную плёнку кансерваваныя жамерыны могуць захоўвацца да аднаго года. У адрозненне ад сухіх грануляваных жамерын, якія трэба запарваць,  кансерваваныя адразу гатовы для выкарыстання. Працэс вытворчасці, упакоўкі рулонаў кансерваваных сырых жамерын у плёнку на лініі «Flexus» – аўтаматызаваны. Яе прадукцыйнасць – вытворчасць 40 рулонаў за гадзіну, кожны рулон вагой – 1 300 кілаграмаў. Лінію будуць абслугоўваць толькі два аператары. Спецыялісты кампаніі «Flexus» цяпер праводзяць мантаж, рэгуліроўку абсталявання. Лінія будзе ўведзена ўжо ў пачатку перапрацоўчага сезона. Дарэчы, наша прадпрыемства па ўкараненні гэтай тэхналогіі можна назваць першапраходцам сярод цукровых камбінатаў і заводаў  постсавецкай прасторы.

    Як адзначыў Осіп Іосіфавіч, для забеспячэння больш высокай эфектыўнасці вытворчасці да наяўных чатырох прэсаў жамерын сёлета набылі яшчэ адзін, з большай ступенню выдалення вадкасці – італьянскай кампаніі «Babbini». Гэты магутны і цяжкі агрэгат (вагой 210 тон) давялося ўздымаць на адзін з паверхаў камбіната спецыяльным самаходным кранам Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, і тое не цалкам, а па частках. Завяршаюць мантаж гэтага гіганта. Падыходзяць да завяршэння і работы па замене помпаў падачы буракоў у перапрацоўку – устаноўлены новыя, больш магутныя, вытворчасці нарвежскай кампаніі. У ліку капітальных мадэрнізацыйных пераўтварэнняў на камбінаце ў гэтым годзе і будаўніцтва ёмістасці для захоўвання мелесу на пяць тысяч тонн. Такім чынам, сховішчы камбіната для гэтых карысных адходаў павялічыліся да дзевяці тысяч тон. Увядзенне новага сховішча абумоўлена не толькі патрэбамі сельгасвытворцаў, але будаўніцтвам у Слуцку дражджавога завода, на які цукроварафінадны камбінат будзе пастаўляць мелес як сыравіну для вырабу дражджэй.

    Працэс мадэрнізацыі абумоўлівае скарачэнне працоўных месцаў. Аднак, як паведаміў старшыня наглядальнага савета, гэту праблему на прадпрыемстве вырашаюць шляхам кадравых перамяшчэнняў, скарачэння пасад пасля выхаду працаўнікоў на заслужаны адпачынак.

    Не выклікае сумненняў, сёлета, як і ў многія папярэднія гады, камбінат пачне перапрацоўку салодкіх каранёў своечасова і стабільна.  Камбінат, СУП «Аграсэрвіс-ССК» ААТ «Слуцкі цукроварафінадны камбінат» аказалі немалую дапамогу аграрыям, у тым ліку авансіраваннем, у набыцці паліва, насення, доглядзе пасеваў. На прадпрыемстве ў новым сезоне гатовы перапрацаваць звыш мільёна тон цукровых буракоў. Жнівеньская спёка, канечне, не спрыяла росту буракоў. Аднак па ацэнках агранамічнай службы камбіната, ураджай салодкіх караняплодаў у гаспадарках сыравіннай зоны чакаецца нядрэнны. Дарэчы, як паведамілі на прадпрыемстве, пасля завяршэння перапрацоўкі сыравіны на камбінаце зноў працягнуць работы па мадэрнізацыі вытворчасці, ужо вызначаны інавацыйныя мерапрыемствы на 2016 год.

    Автор: Наталля СелязнёваСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)