03 Мая, 2024 Пятница

«Наша задача – паляпшаць інвестыцыйны клімат Глыбоччыны»

  • 28 августа 2015 Экономика Беларуская 0

    Пачаткам доўгатэрміновым работам па добраўпарадкаванні горада і сельскіх населеных пунктаў стаў 2010 год, у якім раён узначаліў Алег Морхат, а старт шырокамаштабнай  рэкламнай кампаніі і даў нашаму раёну Дзень беларускага пісьменства – рэспубліканскае свята, якое прайшло ў Глыбокім у 2012 годзе. Працягам, у 2013 годзе, стаў “Вішнёвы фестываль”,  у 2014 годзе  --  600-годдзе  з дня заснавання горада… Ініцыятыва і дзейсны ўдзел ва ўсіх справах старшыні райвыканкама Алега Морхата, яго бадзёрасць, аптымізм, творчы падыход і крэатыўнасць, падмацаваныя напружанай   мэтанакіраванай стваральнай працай жыхароў раёна,  далі плён – Глыбоччына ўвачавідкі памаладзела і расквітнела. Глыбоцкі раён упершыню за ўсю гісторыю існавання па выніках рэспубліканскага конкурсу па добраўпарадкаванні сярод раёнаў краіны заняў ганаровае першае месца. У якасці заахвочвання раёну былі выдзелены 250 мільёнаў рублёў, якія пайшлі на рэканструкцыю плошчы 17 Верасня, добраўпарадкаванне дзіцячай пляцоўкі «Брыганціна», на закуп відэакамер назірання. За згаданыя  гады на Глыбоччыне пабывалі сотні турыстаў і гасцей з розных куточкаў Беларусі, блізкага і далёкага замежжа – Расіі, Грузіі, Прыбалтыкі, Польшчы, Германіі, Галандыі, Швецыі, Ізраіля…Шматлікія дэлегацыі ехалі  да нас па вопыт і для наладжвання дзелавых партнёрскіх сувязяў і, вядома ж, ахвотна ўдзельнічалі ў нашых юбілейных мерапрыемствах, святах,  фестывалях маштабу і размаху якіх зайздросцілі ўсе прыязджаючыя.

    — Што ні год, то гулі, — мог сказаць недасведчаны абывацель. – Адны працуюць, а другія спяваюць ды танцуюць. Які толк ад гэтага радавому глыбачаніну? Лепш бы капейку сэканомілі…

    Што ж, гэта таксама пункт гледжання, які мае права на існаванне. Праўда, толькі да таго часу пакуль прыведзеныя факты не зменяць яго ў адваротным, пазітыўным, накірунку. Менавіта з гэтай мэтай і падрыхтаваны гэты артыкул.

    Чым больш гасцей – тым больш карысці

    А яна ў тым, што госці размяшчаюцца ў нашых гасцініцах і аплачваюць пражыванне. Яны абедаюць і вячэраюць у нашых рэстаранах, кафэ, піцэрыі і плацяць за гэта грошы. Госці купляюць на памяць сувеніры, ільняныя вырабы, і прыгажосць, зробленую рукамі народных майстроў – а гэта  даход нашым магазінам і прадпрымальнікам. Цікавасць прыезджых да нашай гісторыі і культуры, заказ экскурсій – таксама плюс  раёну, бо яны даюць работу і заробак супрацоўнікам музеяў, нашым творчым калектывам, турыстычнаму агенцтву “Інвестспорт”. Да прыкладу, толькі адзін сёлетні “Вішнёвы фестываль” прынёс гораду трыста мільёнаў рублёў – гэта грошы, якія пакінулі ў нас прыезджыя, а ў дадатак павезлі з сабой яркія ўражанні і пазітыўныя  эмоцыі. Імі яны падзеляцца з роднымі,  блізкімі, знаёмымі і тым самым зробяць выдатную рэкламу работы мясцовай улады, нашага горада, працавітых і гасцінных людзей, арганізатараў  мерапрыемства.

    Акрамя гэтага, карысць жыхарам раёна прыносяць інвестыцыйныя форумы, якія праводзяцца ў раёне і ўжо сталі традыцыйнымі. Падчас іх правядзення ўдзельнікі прэзентуюць праекты, падпісваюць пагадненні і дагаворы аб супрацоўніцтве ў розных сферах і галінах: у прамысловасці, у экалогіі, адукацыі, турызме, развіцці малога і сярэдняга бізнесу.

    Дзякуючы  прыезду дэлегацый з расійскіх рэгіёнаў,  Грузіі, Прыбалтыкі, Ізраіля, Глыбоччына знаходзіць новыя рынкі збыту прадукцыі, рэалізуе сумесныя праекты, скіраваныя на экалагічную бяспеку, адпраўляе  таленавітых дзетак у замежныя краіны з мэтай практычных стажыровак, праводзіць адукацыйныя семінары, удзельнічае ў замежных мерапрыемствах…

    Пачынаючы з 2010 года, у Глыбоцкі раён прыцягнуты чатыры з паловай мільярды  рублёў замежных сродкаў, і работа ў гэтым накірунку працягваецца.

    — Трэба вучыцца зарабляць грошы, рабіць так, каб “прыйшоўшы” яны працавалі на горад, на яго заўтрашні дзень, на кожнага нашага жыхара, — такую задачу пастаянна ставіць на нарадах старшыня райвыканкама Алег Морхат і падтрымлівае  кожную ідэю, ініцыятыву, скіраваную на развіццё і росквіт нашага краю. А цяпер раскажам пра канкрэтныя праекты, якія ўдалося рэалізаваць на Глыбоччыне, дзякуючы замежнаму супрацоўніцтву.

    У рамках  супрацоўніцтва “Літва-Латвія-Беларусь”

    Самым значным і актуальным для раёна стаў праект “Устойлівае тэхнічнае забеспячэнне ўпраўлення адходамі ў Глыбоцкім раёне”. Гэта адзін з “пілотных” праектаў “Мясцовага плана экалагічных дзеянняў”,  з бюджэтам сто тысяч еўра (1 мільярд 770 мільёнаў беларускіх рублёў). Па ўмовах праекта 50% кошту запланаваных мерапрыемстваў фінансаваў рэгіянальны экалагічны цэнтр па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе (REC) у рамках грантавай падтрымкі Шведскага агенцтва  па міжнародным развіцці і супрацоўніцтву і 50% — сродкі сафінансавання  з мясцовага бюджэту. У выніку рэалізацыі праекта  жыллёва-камунальная гаспадарка падрыхтавала кантэйнерныя пляцоўкі, закупіла 515 кантэйнераў для раздзельнага збору другаснай сыравіны, якія пастаўлены ў горадзе і ў сельскіх населеных пунктах, і  новы аўтамабіль-смеццявоз для збору і адвозу цвёрдых бытавых адходаў ад падвор’яў глыбачан да месца іх утылізацыі. Гэта дазволіла  павялічыць зону абслугоўвання насельніцтва  на 26% (на 9 тысяч 900 чалавек). Дзякуючы сродкам праекта, укладзеным у пакупку смеццявоза і кантэйнераў, жыллёва-камунальная гаспадарка ў жніўні выканала гадавы план па здачы пластыка: пры плане 13 тон ужо здадзена 27 тон, да канца года плануецца здаць яшчэ 4 тоны.

    Другі праект рэалізаваны ў рамках Еўрапейскага інструмента  добрасуседства і партнёрства  Праграм траспамежнага супрацоўніцтва – “Малыя рэкі – вялікія праблемы: працуем разам над аховай і будучыняй малых рэк басейна ракі Дзісна”. Праект быў разлічаны на два гады. Яго бюджэт – больш за 50 тысяч еўра (885 мільёнаў беларускіх рублёў). За гэтыя грошы была добраўпарадкавана прыбярэжная зона рэчкі Крывая, высечаны хмызняк на адкосах каналаў, удалены раслінна-кораневы  покрыў  на балоце,  адкосы ўмацаваныя  пасевам шматгадовых траў з падсыпкай зямлі, закуплена і ўкладзена 300 метраў квадратных тратуарнай пліткі, куплены і ўстаноўлены 12 лавак, 6 кветачніц,  1 інфармацыйны банер і  1 таблічка з лагатыпам Еўрапейскага Саюза.

    Акрамя гэтага школьнікі Глыбоччыны арганізоўвалі  экавыставы, удзельнічалі ў экалагічных мерапрыемствах, якія праводзіліся ў раёне і за яго межамі, прымалі ўдзел у рабоце экалагічнага лагера ў вёсцы Германавічы Шаркоўшчынскага і ў вёсцы Івесь Глыбоцкага раёнаў. Для правядзення лабараторнага аналізу проб чысціні вады ў вадаёмах было набыта неабходнае абсталяванне, закуплены электрычныя маторныя лодкі. Глыбоцкія школьнікі прынялі ўдзел у заключным экалагічным фестывалі, які прайшоў у жніўні ў Шаркоўшчыне.

    Шмат мерапрыемстваў прайшло ў рамках праекта “Трэці крок у стратэгіі Еўрарэгіёна “Азёрны край” – планаванне сумеснай будучыні для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця латвійска-літоўска-беларускіх тэрыторый”.  Агульны бюджэт праекта для трох краін складаў 299 тысяч 800 еўра (5 мільярдаў 306 мільёнаў 460 тысяч беларускіх рублёў), а для беларускага боку – 85 тысяч еўра – 1 мільярд 504 мільёны  500 тысяч беларускіх рублёў. Праект быў рэалізаваны  з 1 сакавіка 2013 па 28 лютага 2015 года. Прадстаўнікі Глыбоччыны  ўдзельнічалі ў стартавай канферэнцыі ў горадзе Вісагінасе (Літва), у рамках “Вішнёвага фестывалю” правялі два двухдзённыя інвестыцыйныя форумы-кірмашы, удзел у якіх прымалі дзвесце прадстаўнікоў усіх тэрыторый Еўрарэгіёна “Азёрны край”. Былі арганізаваныя выставы рэгіянальнай прадукцыі Літвы, Латвіі і Беларусі, праведзена дваццаць “круглых сталоў” па прыярытэтных накірунках бізнес-супрацоўніцтва ў рамках новай стратэгіі. Прадстаўнікі Глыбоччыны ўдзельнічалі ў экалагічным форуме ў літоўскім Швенченісе, у міжнародным песенным фестывалі ў горадзе Рэзекне (Латвія),  прайшлі стажыроўку, што праходзіла ў структурах улады “Еўрарэгіёна”, удзельнічалі ў Днях адчыненых дзвярэй Еўрасаюза ў Бруселі (Бельгія), наведалі выставу OPENDAYS-2013. За сродкі праекта праведзены рамонт будынка, куплены мэбля і оргтэхніка для беларускага офіса Дырэкцыі Еўрарэгіёна “Азёрны край”.

    У 2013-2015 гадах быў рэалізаваны праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Паляпшэнне адукацыйных умоў для пераемнасці мастацкай спадчыны Латвіі і Беларусі ў рамках траспамежнага супрацоўніцтва”. Ён стаў працягам праекта “Візуалізацыя латышскага і беларускага фальклору ў фарміраванні траспамежнага моста”, які быў рэалізаваны ў 2009 годзе. Партнёрам Глыбоччыны  тады   было Лудзенскае самакіраванне. З нашага боку ў праекце ўдзельнічалі педагогі,  бацькі і выхаванцы Глыбоцкай дзіцячай мастацкай школы імя Я. Драздовіча. Агульны бюджэт праекта складаў 222 тысячы 100 еўра (3 мільярды 931 мільён 170 тысяч рублёў), беларускай часткі – 92 тысячы 200 еўра (1 мільярд 631 мільён 940 тысяч беларускіх рублёў). Фактычныя расходы склалі 50 тысяч еўра (885 мільёнаў рублёў). 37,8 тысяч еўра (669 мільёнаў 60 тысяч рублёў) пайшлі на рамонт будынка мастацкай школы, 8 тысяч 700 еўра (153 мільёны 990 тысяч рублёў) – на пакупку мэблі і абсталявання для заняткаў, 3,5 тысячы еўра (61 мільён 950 тысяч рублёў)  – на правядзенне мерапрыемстваў. У ліку іх – курсы для навучання настаўнікаў мастацкіх школ-партнёраў, выданне кніжкі-размалёўкі на аснове твораў двух вядомых мастакоў –

    Я. Драздовіча і А. Кукойса, правядзенне дзевяці віртуальных урокаў па іх творчасці, майстар-класы, конкурсы, экскурсіі, сумесная творчая работа, метадычныя матэрыялы для правядзення інтэрактыўных урокаў.

    Нацыянальная кухня як сродак ідэнтэфікацыі нацыі

    З красавіка 2013 па верасень 2014 года  быў рэалізаваны праект “Паляпшэнне кулінарнага сэрвісу ў Латгальскім і Віцебскім рэгіёнах, асноўваючыся на канцэпцыі кулінарнай спадчыны”. Удзел у праекце прымалі Глыбоцкі, Полацкі, Лепельскі, Верхнядзвінскі, Міёрскі раёны і Мясцовы фонд садзейнічання развіццю міжнароднага дыялога і супрацоўніцтва “Інтэракцыя”. У праекце прыярытэтнае месца адводзілася нацыянальнай кухні, развіццё якой, на думку партнёраў, павінна садзейнічаць эканамічнаму ажыўленню. Рэалізацыя праекта садзейнічала развіццю прадпрымальніцкай ініцыятывы і гандлю, знаёміла з канцэпцыяй Кулінарнай Спадчыны,  пашырала патэнцыял сферы грамадскага харчавання праз удзел у інфармацыйных семінарах, выставах, трэнінгах, сумесных кулінарных фестывалях, спрыяла стварэнню сумесных маркетынгавых  матэрыялаў. Агульны бюджэт праекта – 483 тысячы 195 еўра ( 8 мільярдаў 552 мільёны 551 тысяча 500 беларускіх рублёў). Бюджэт беларускай часткі праекта, разлічаны для пяці раёнаў-удзельнікаў, складаў – 128 тысяч 811 еўра (2 мільярды 279 мільёнаў 954 тысячы 700 рублёў). Глыбоцкі раён атрымаў  16 тысяч 900 еўра (299 мільёнаў 130 тысяч рублёў).

    За паўтара года былі арганізаваны чатыры вучэбныя візіты ўдзельнікаў праекта ў рэгіёны Скане і Готланд (Швецыя), Латгалію (Латвія), Аукштайція (Літва), праведзены  тры модульныя трэнінгі ў Латгаліі і Віцебскай вобласці, абагулена інфармацыя аб прадпрыемствах, якія прапануюць стравы нацыянальнай кухні і выдадзена брашура  тыражом дванаццаць тысяч экзэмпляраў,  напярэдадні правядзення  кулінарных фестываляў у Полацку, Краславе, Лудза і Рэзекне  выраблены дзве тысячы льняных сумак і 200 фартухоў  з лагатыпам “Кулінарная Спадчына”, рэканструяваны будынак і ўстанова міжнароднага цэнтра BELLA CUISINE. І самае галоўнае – былі ўмацаваны дзелавыя і сяброўскія сувязі як паміж раёнамі Віцебшчыны, так і паміж рэгіёнамі Беларусі і Латвіі.

    У наступным матэрыяле мы раскажам аб інвестыцыйных праектах, якія скіраваны на  арганізацыю адпачынку жыхароў Глыбоччыны, аб колькасці гасцей і турыстаў, якія праводзяць свой вольны час у нашых аграэкасядзібах, аб праектах,  скіраваных на развіццё спорту і турызму на Глыбоччыне і прапаганду здаровага ладу жыцця.

    Автор: Галіна СутулаВеснік Глыбоччыны
    Теги: 

Комментарии (0)