29 Марта, 2024 Пятница

Дзецям – марожанае і ўсім астатнім – таксама

  • 31 августа 2015 Экономика Беларуская 0

    Карэспандэнт «Слуцкага краю», пабываўшы на Старадарожскім вытворчым участку ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», даведалася пра тэхналогію вырабу любімага ласунку дзетвары  і многіх дарослых.

    І смачна, і рэнтабельна

    Ведаю, што многія случчане аддаюць перавагу менавіта слуцкаму марожанаму. Яго выпускае ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» (генеральны дырэктар Анатолій Мікалаевіч Сцяцко) пад гандлёвымі маркамі «Complimilk» і «Нежная королева», якія ўжо добра вядомы пакупнікам Беларусі і не толькі. Разнастайныя пламбіры ў вафельных «шкляначках» ці ражку, на палачцы, эскімо, з рознымі, у тым ліку фруктовымі, напаўняльнікамі, у шакаладнай, фруктовай глазуры,  пламбіры з дабаўленнем сокаў… Смак – насычаны, прыемны, непаўторны – адно задавальненне. Дык вось, вырабляюць гэту смакату на Старадарожскім вытворчым участку адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі сыраробны камбінат». Разам з намеснікам старшыні Слуцкага райвыканкама Андрэем Анатольевічам Лесуном я здзейсніла падарожжа ў вытворчае царства «Нежной королевы»…

    Кіруе ім, а дакладней Старадарожскім вытворчым участкам ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», Рыгор Аляксеевіч Млынчык. Начальнік участка расказаў, што з мэтай павышэння эфектыўнасці работы, аптымізацыі вытворчасці  ў 2007  –  2008 гадах  Старадарожскі  маслазавод далучылі да Слуцкага сыраробнага камбіната. У Старадарожскім падраздзяленні  – 130 працаўнікоў, 27 адзінак тэхнікі для дастаўкі малака і гатовай прадукцыі, свая кацельня на газе, кампрэсарная, ёсць дзве фірменныя гандлёвыя кропкі.   Два гады таму на ўчастку праведзена мадэрнізацыя пад выраб марожанага: камбінат набыў дзве аўтаматычныя італьянскія лініі па вытворчасці халоднага ласунку. Агульная  іх магутнасць – 5 – 6 тон марожанага за суткі. За сем месяцаў гэтага года яго вырабілі каля 300 тон. Захаваны адзін з асноўных вытворчых напрамкаў прадпрыемства – выраб сметанковага масла (акрамя масла раней тут выпускалі натуральнамалочную прадукцыю, ёгурты, іншае). На Старадарожскім участку цяпер вырабляюць салодкасметанковае  і шакаладнае масла: за сем месяцаў – каля 750 тон.

    – Марожанае, зразумела, сезонная прадукцыя, у вясенне-летні перыяд попыт на яе адчувальна ўзрастае, – расказвае Рыгор Аляксеевіч. – Напрыклад, у летнія месяцы гэтага года вырабілі марожанага больш за 70 тон. Працуем пад заказ. Прыемна адзначыць, што наша прадукцыя карыстаецца попытам, толькі паспяваем выконваць заяўкі  гандлёвых прадпрыемстваў Слуцка, Капыля, Салігорска, іншых рэгіёнаў Мінскай вобласці і рэспублікі. Сёлета распачалі экспарт марожанага – ужо паставілі больш за 28 тон у Расійскую Федэрацыю. Зараз адпраўляем у Расію новую партыю марожанага – 25 тон (рэнтабельнасць вытворчасці марожанага – каля 50%). З упэўненасцю магу сказаць, што наш пламбір – высакаякасная, смачная прадукцыя. Яе натуральнасць, смакавыя якасці ацанілі і расійскія пакупнікі, сказалі, што гэта прадукцыя па вартасцях не ўступае марожанаму «прэміум-класа». Марожанае Слуцкага сыраробнага камбіната неаднаразова адзначана дыпломамі на рэспубліканскіх конкурсах і выстаўках.

    На кухні…

    Так-так, шаноўныя чытачы, я не агаварылася: тэхналагічнае абсталяванне, дзе адбываюцца асноўныя працэсы вырабу марожанага, сапраўды называюць кухняй – гэта прафесійны тэрмін. Пра тое даведалася ад інжынера-тэхнолага Старадарожскага вытворчага ўчастка Святланы Мікалаеўны Фраловай і майстра Аляксандра Уладзіміравіча Лычова. Шчыра кажучы, разлічвала, што ў цэху будзе холадна – марожанае ж вырабляюць… Нічога такога, пакаёвая тэмпература. Рэцэптурных сакрэтаў спецыялісты мне, канечне, не выдалі, а вось з агульнай тэхналогіяй вытворчасці цудоўнага дэсертнага прадукту пазнаёмілі.

    Працэсы вытворчасці пламбіру захаваны ў вялікіх ёмістасцях, малакаправодах, іншым абсталяванні. Усюды – аўтаматыка, ззянне розных агрэгатаў з «нержавейкі» і, паверце, стэрыльная чысціня. Вось аддзяленне прыёмкі малака, адкуль па спецыяльным трубаправодзе яно трапляе ў ёмістасці для гатавання малочнай сумесі. У зададзеных прапорцыях малако змешваюць з вадой (для вытворчасці адной тоны марожанага выкарыстоўваюць 450 кілаграмаў малака і 40 – 50 кілаграмаў вады) і падаграюць да 45оС. Затым таксама аўтаматычна вядзецца дабаўленне цукру, масла або смятанак (сливок), згушчанага малака, сухога абястлушчанага малака і ванілі. Наступныя этапы – пастэрызацыя і гомагенізацыя сумесі. Разумею, што гэтыя мудрагелістыя словы мала каму што гавораць… Пастэрызацыя – спецыяльная цеплавая апрацоўка сумесі пры тэмпературы ніжэй за тэмпературу кіпення. Гэта робіцца ў ёмістасці без доступу паветра ў бесперапынным патоку. У выніку знішчаюцца шкодныя бактэрыі, але захоўваюцца араматычныя рэчывы і вітаміны. А гомагенізацыя забяспечвае драбненне тлушчавых шарыкаў у сумесі, што робіць яе больш аднароднай. Сумесь ахалоджваюць да 4оС і накіроўваюць у спецыяльную ёмістасць на выспяванне, якое доўжыцца 4 – 12 гадзін.  Затым – самы важны этап: фрызераванне – сумесь насычаюць паветрам і часткова ахалоджваюць. Ура, пламбір амаль што гатовы! Цяпер яго хуценька фасуюць і накіроўваюць на закальванне (на здымку 3) (паніжаюць тэмпературу да – 15оС… – 18оС) і – ва ўпакоўку.

    Гэта пра тэхналогію вытворчасці марожанага, як гаворыцца, словамі дылетанта. На самай справе працэс вырабу пламбіру  досыць складаны і патрабуе бездакорнага выканання ўсіх тэхналагічных параметраў. У адваротным выпадку марожанае проста не атрымаецца. На жаль, у той раз не давялося пабачыць, як фасуюць мой любімы «Волшебный рожок» (вафельныя «шкляначкі» і ражкі на Старадарожскі ўчастак дастаўляюць з Магілёва). Затое назірала, як на адной з аўтаматычных ліній у цэху робяць пламбір у  абалонцы з малінавага соку. Шчыра кажучы, разлічвала, што на канвееры пламбір спачатку будуць фасаваць па формах, сфарміраванае марожанае апусцяць у глазуру і гатова. А аказалася наадварот: у спецыяльныя ячэйкі машына-аўтамат спачатку залівала сок (на здымку 2), замарожвала яго, а потым  глазурную «кішэньку» напаўняла пламбірам. Цікава… Не менш цікава назіраць, як гатовае марожанае быццам у камбінезон «апранаецца» ў каляровую ўпакоўку. Працэс фасоўкі і ўпакоўкі марожанага, вядома,  аўтаматызаваны. Аператары толькі сочаць за правільнасцю і няспыннасцю работы аўтаматаў. Работнікі цэха пакуюць марожанае ў картонныя скрыні (на здымку 1), якія адпраўляюць у халадзільныя камеры ці ў гандаль.

    Натуральнае!

    – Мы выпускаем 24 найменні марожанага, а ў асартыментным пераліку – 47 найменняў, – распавядала інжынер-тэхнолаг Святлана Мікалаеўна Фралова. – Марожанае рознай вагой – 43, 55, 65, 70, 80, 85 грамаў, таксама карыстаецца попытам фасаваны пламбір у кантэйнерах па паўкілаграма, кілаграму і два. Малаком для вырабу марожанага і масла наш участак забяспечваюць гаспадаркі Старадарожскага раёна: штодня прымаем ад 160 тон і болей.  Асаблівасць нашага марожанага – вырабляем яго толькі з натуральнай сыравіны, не выкарыстоўваем штучных дабавак.  Гэта і вызначае яго цудоўны сметанковы смак, высокую якасць і толькі карысць для здароўя. Ці ведаеце вы, што марожанае ўтрымлівае розныя мінералы, амінакіслоты, пратэіны, ліпіды, спрыяе ўмацаванню імунітэту? Да таго ж, як высветлілі вучоныя, яно  – выдатны антыдэпрэсант.

    Не магу не пагадзіцца: як гаворыцца, праверана на сабе. А яшчэ я ведаю, што слуцкае марожанае такое казачна смачнае, бо зроблена з цеплынёй сэрца, з любоўю.

    Автор: Наталля СелязнёваСлуцкий край

Комментарии (0)