08 Мая, 2024 Среда

Прыцягненне Шаўковага шляху

  • 29 сентября 2015 Экономика Беларуская 0

    Як увасабляецца ў жыццё самы буйны транснацыянальны праект сучаснасці.

    Два гады таму — у верасні 2013-га — старшыня КНР Сі Цзіньпін прапанаваў маштабны праект «Адзін пояс — адзін шлях». У яго межах мяркуецца стварыць транспартны, энергетычны і гандлёвы калідор паміж краінамі Цэнтральнай, Паўднёвай Азіі і Еўропы. Па сутнасці, увасабляюцца два інфраструктурныя праекты: «Марскі шаўковы шлях XXІ стагоддзя» і «Эканамічны пояс Вялікага шаўковага шляху». Першы ўяўляе сабой сетку маршрутаў, што злучаюць кітайскія порты з портамі Сінгапура, Малайзіі, Інданезіі, Аўстраліі. «Эканамічны пояс» зарыентаваны на будаўніцтва высакахуткасных транспартных сетак на тэрыторыі Еўразіі. Праект стымулюе інфраструктурнае развіццё Паўночнага, Цэнтральнага і Паўднёвага эканамічных калідораў паміж Азіяй і Еўропай. Аснову гэтага пояса складуць чыгуначныя і аўтамабільныя магістралі. Ён праходзіць па лініі ад Пекіна па тэрыторыі Заходняга Кітая, Казахстана і далей па тэрыторыі Расіі да Балтыйскага мора з адгалінаваннем на Беларусь, Польшчу і Германію. Аб перспектывах рэалізацыі найбуйнейшага праекта сучаснасці разважалі ўдзельнікі Еўразійскага медыясемінара і форуму супрацоўніцтва СМІ «Адзін пояс, адзін шлях» (на ім, дарэчы, было каля 170 прадстаўнікоў СМІ з 60 краін свету), якія былі арганізаваны газетай «Жэнмінь жыбаа».

    Караван гісторыі

    У Ланьчжоускім універсітэце (дарэчы, адной з самых буйных вышэйшых навучальных устаноў Кітая) створаны навуковы цэнтр, які займаецца вывучэннем культуры і эканомікі Вялікага шаўковага шляху. Тут можна з лёгкасцю перакінуць мост са старажытнасці ў сучаснасць. Так бы мовіць, адчуць грандыёзнасць ідэі, яе тысячагадовыя карані.

    Як адзначаюць спецыялісты, Вялікі шаўковы шлях адыграў вялікую ролю ў развіцці эканамічных і культурных сувязяў народаў Пярэдняй Азіі, Каўказа, Сярэдняй Азіі і Кітая. Ён, напрыклад, служыў спосабам распаўсюджвання, кажучы па-сучаснаму, інавацый, у тым ліку ў тэхналогіі (сама вытворчасць шоўку, а таксама пораху, паперы), мастацтве (танцы, музыка, выяўленчае мастацтва, архітэктура), рэлігіі (хрысціянства, будызм, іслам, маніхейства). Пры гэтым амаль усе ноу-хау (за выключэннем, мабыць, калясніцы ў найстаражытнейшыя часы) распаўсюджваліся з Кітая на захад, а не ў процілеглым кірунку.

    Спачатку шаўковы шлях браў свой пачатак у Чаньані — старажытнай сталіцы Кітая — і ішоў уздоўж паўночнага Цянь-Шаня да Дуньхуа — горада на ўскрайку Вялікай Кітайскай сцяны. Тут дарога разгаліноўвалася, абыходзячы з поўначы і поўдня пустыню Такла-Макан. Паўночная ішла праз Турфан у даліну ракі Ілі. Сярэдняя (так званы Паўднёвы шлях) ад Чаочана да паўднёвага берага Ісык-Куля — праз Хаан і Яркенд, вяла ў Бактрыю (паўночны Афганістан). Тут Паўднёвы шлях разыходзіўся на два іншыя маршруты: адзін вёў у Індыю, другі — на Захад і ў Мерв, дзе зліваўся з Паўночным шляхам. Далей ён праходзіў праз Нясу — сталіцу Парфіі, Іран, Месапатамію і далей праз Багдад ішоў у Дамаск, даходзіў да Міжземнамор’я.

    Заснаванне Шаўковага шляху адносяць да ІІ стагоддзя да н.э., калі кітайскі пасол Чжан Цянь наведаў краіны Цэнтральнай Азіі з дыпламатычнай місіяй. Дагэтуль шлях з Еўропы ў Азію абрываўся каля межаў Кітая, бо горныя сістэмы Азіі — Цянь-Шань, Кунь-Лун, Каракарум, Гіндукуш, Гімалаі — адгароджвалі старажытную кітайскую цывілізацыю ад астатняга свету. Так сустрэліся даўнейшыя цывілізацыі Сярэдняй Азіі і Кітая, а пазней міжземнаморскіх краін і Індыі. Сышліся ў адзінае цэлае дзве вялікія дарогі. Адна, якая ішла з Захаду, з краін Міжземнамор’я ў Сярэднюю Азію, разведаная і пройдзеная грэкамі падчас паходаў Аляксандра Македонскага. Другая вяла з Усходу, з Ханьскай імперыі ў Цэнтральную Азію, была адкрыта Чжан Цянем, які прайшоў гэту вобласць з поўначы на поўдзень праз Давань, Кангюй, Согд, Бактрыю.

    Тавары па Вялікім шаўковым шляху ішлі галоўным чынам з усходу на захад. І, як вынікае з назвы, галоўным таварам у гэтым спісе быў шоўк. Дзякуючы сваёй лёгкасці, кампактнасці, значнаму попыту і кошту ён з’яўляўся ідэальным прадметам гандлю для перавозкі на далёкія адлегласці. Яшчэ ў Сярэднявеччы венецыянскі купец Марка Пола назваў гэтыя караванныя шляхі шаўковымі. А ў навуковы зварот тэрмін «Вялікі шаўковы шлях» у 1877 годзе ўвёў нямецкі даследчык Фердынанд Рыхтгофен у сваёй фундаментальнай працы «Кітай».

    Дарэчы, шоўк быў хоць і галоўным, але далёка не адзіным таварам, які перавозіўся па транскантынентальным шляху. З Цэнтральнай Азіі вывозіліся коні, якія вельмі цэняцца ў Кітаі, вайсковы рыштунак, золата і серабро, паўкаштоўныя камяні і вырабы са шкла, скура і поўсць, дываны і баваўняныя тканіны, экзатычная садавіна — кавуны і персікі, а таксама курдзючныя авечкі і паляўнічыя сабакі, леапарды і львы. З Кітая караваны везлі фарфор і металічны посуд, лакіраваныя вырабы і касметыку, чай і рыс. У дарожных мяшках купцоў можна было знайсці слановыя біўні, насарогавыя рогі, чарапахавыя панцыры, вострыя спецыі і шмат чаго іншага. Дарэчы, многія дзівосы, дзякуючы археолагам, і дасюль можна на ўласныя вочы пабачыць сярод экспанатаў музея правінцыі Ганьсу, які размешчаны на маляўнічым узбярэжжы вялікай кітайскай ракі Хаунхэ.

    Інвестыцыі на $900 млрд

    Сама ідэя адзінай хуткаснай аўтамабільнай магістралі, якая звяжа краіны Еўропы з Кітаем, нарадзілася яшчэ ў сярэдзіне 2000-х. Звязана гэта было з імклівым павелічэннем аб’ёмаў гандлю паміж ЕС і КНР, абарот якога летась дасягнуў Ђ467 млрд. Па звестках Еўрапейскай канферэнцыі міністраў транспарту, за 20 гадоў гандаль паміж еўрапейскімі і азіяцкімі краінамі вырас у шэсць разоў.

    Сёння львіная доля грузаперавозак паміж Кітаем і Еўропай ажыццяўляецца па марскім шляху праз Суэцкі канал. Працягласць такога маршруту складае прыкладна 24 тысячы кіламетраў, пры гэтым дастаўка грузу займае ад 40 да 50 сутак. Наземны шлях будзе забяспечваць высокі ўзровень бяспекі і дазволіць значна скараціць час у дарозе. Між тым, ужо сёння асноўную частку грузапатокаў паміж КНР і краінамі ЕС складаюць тавары з высокай дабаўленай вартасцю, якія аб’ектыўна больш падыходзяць для перавозак аўтамабільным і чыгуначным транспартам.

    Адпаведна, падаецца лагічнай ініцыятыва па адраджэнні эканамічнага пояса Вялікага шаўковага шляху, які павінен уключыць не толькі транспартныя сеткі, але і аб’екты энергетычнай і прамысловай інфраструктуры. Кітайскія ўлады ўжо гатовы ўкласці ў яго развіццё больш за $40 млрд, для гэтага створаны спецыяльны Фонд развіцця Шаўковага шляху (Sіlk Road Fund Co Ltd), інвестарамі якога выступаюць Экспартна-імпартны банк Кітая, Банк развіцця Кітая і Суверэнны фонд дабрабыту Кітая. Як адзначаюць эксперты, з улікам прыватных інвестыцый у праект «Адзін пояс, адзін шлях» будзе ўкладзена да 900 мільярдаў долараў.

    Найбуйнейшы ў гісторыі эканамічны праект «Шаўковы шлях» аб’яднае каля 4,5 мільярда чалавек і звыш 60 краін свету. Велізарны эканамічны калідор злучае цэлыя кантыненты. Даўжыня адроджанага даўнейшага шляху перавысіць 12 тысяч кіламетраў. Эканамічная зона расцягнецца амаль на трэць зямной паверхні.

    Па сваіх маштабах кітайскі праект перакрывае ініцыяваныя ЗША Трансціхаакіянскую і Трансатлантычную зоны вольнага гандлю. Гаворка ідзе пра фарміраванне адзінага еўразійскага рынку, а шматбаковае пагадненне пра вольны гандаль павінна стаць завяршальнай рысай. Гаворка фактычна ідзе пра фарміраванне адзінага еўразійскага рынку — свайго роду аналага Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

    «Марскі шаўковы шлях XXІ стагоддзя» пачнецца ў кітайскіх портах Гуанчжоу і Кантон, пройдзе праз Тайланд, В’етнам, Малайзію, Сінгапур і Інданезію, Індыйскі акіян, Чырвонае мора, Персідскі заліў, Суэцкі канал і Міжземнае мора. Магчыма, будзе створана і адгалінаванне ў бок Афрыкі, у Кенію. Марскі і сухапутны шляхі сімвалічна сыдуцца ў Венецыі.

    Унікальны шанц

    Такім чынам, грандыёзны план складаецца з будаўніцтва хуткасных чыгуначных магістраляў, аўтамабільных дарог і трас, сетак перадачы энергетычных рэсурсаў, оптавалаконных сетак. Гарады і порты, праз якія будзе праходзіць гэты шлях, бясспрэчна чакае бурны эканамічны рост.

    Многія краіны дакладна ўсведамляюць усю сур’ёзнасць намераў Кітая. Аб гэтым, дарэчы, яскрава сведчыць сітуацыя з Азіяцкім інфраструктурным інвестыцыйным банкам. 58 краін пагадзіліся стаць яго заснавальнікамі, прычым не толькі тыя, праз якія пройдзе новы Вялікі шаўковы шлях, але і большасць дзяржаў Заходняй Еўропы. Сярод заснавальнікаў банка 12 краін НАТА (Вялікабрытанія, Францыя, Нідэрланды, Германія, Італія, Люксембург, Данія, Ісландыя, Іспанія, Партугалія, Польшча і Нарвегія), а таксама тры асноўныя саюзнікі ЗША ў акваторыі Ціхага акіяна — Аўстралія, Паўднёвая Карэя і Новая Зеландыя. Кітай таксама плануе ўнесці сама меней $62 млрд у тры банкі, якія будуць аказваць падтрымку новаму Шаўковаму шляху. Кітайскі банк развіцця атрымае

    $32 млрд, Экспартна-імпартны банк Кітая атрымае $30 млрд. Апроч таго, кітайскі ўрад укладзе дадатковы капітал у Банк развіцця сельскай гаспадаркі Кітая.

    На думку экспертаў, капітал рушыць туды, дзе ёсць развіццё. У свеце, дзе эканамічны рост амаль застыў, а Еўропа змагаецца з наступствамі сусветнага крызісу, дзе яшчэ можа быць рэалізаваны праект, які прапануе так шмат магчымасцяў? Як заўважыў прэзідэнт іспанскага інфармацыйнага агенцтва EFE Хасэ Антоніа Вера, рэалізацыя канцэпцыі эканамічнага пояса Шаўковага шляху мае важнае практычнае значэнне не толькі для самога Кітая, а і для ўсіх рэгіёнаў свету.

    Перспектыва ў новага Вялікага шаўковага шляху відавочная. Таму шэраг вытворцаў у нецярплівым чаканні. Многія горназдабыўныя кампаніі, такія як Vale, якія ў апошні час перажывалі заняпад на сусветным рынку, цяпер з радасцю падлічваюць, колькі сталі запатрабуецца на будаванне новай хуткаснай чыгункі. Калі праект будзе рэалізаваны, гэта прывядзе да новага буму ў горназдабыўнай прамысловасці па ўсім свеце, а таксама да новага росквіту ў будаўнічай прамысловасці. Але развіццё чакае не толькі гэтыя галіны. Мяркуецца актыўны абмен і развіццё тэхналогій, культурнае ўзаемадзеянне. Тут не менш важны і фактар сацыяльны — можна толькі ўявіць, колькі ў выніку рэалізацыі праекта будзе створана новых працоўных месцаў.

    Так што ад рэалізацыі глабальнага праекта карысць адчувальная. У тым ліку і для нашай краіны. Беларусь фактычна злучае Еўразійскі эканамічны саюз і Еўрапейскі саюз. Нездарма ж падчас сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і старшыні КНР Сі Цзіньпіня наша дзяржава была названа «важнай вузлавой платформай Шаўковага шляху».

    Ужо цяпер рэалізуюцца шэраг сумесных праектаў. Адзін з асноўных — кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». КНР імкнецца ствараць з замежнымі партнёрамі новыя сучасныя тэхнапаркі і прамысловыя кластары. На думку намесніка міністра камерцыі Кітая Цянь Кэміна, адзін з самых паспяховых у гэтым плане праектаў — стварэнне кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. Можна быць упэўненымі, што мы свой шанц дакладна не ўпусцім.

    Автор: Мікалай ЛІТВІНАЎЗвязда

Комментарии (0)