25 Апреля, 2024 Четверг

Электрычка прыйдзе і ў Смаргонь

  • 02 октября 2015 Экономика Беларуская 0

    Нарэшце смаргонцы перастануць зайздросціць жыхарам Маладзечна, якія не адзін дзясятак гадоў карыстаюцца зручным чыгуначным транспартам — электрычкамі. Справа ў тым, што на мінулым тыдні на станцыі Пруды адбылася ўрачыстая цырымонія з нагоды пачатку будаўнічых работ па электрыфікацыі ўчастка чыгункі Маладзечна — Гудагай — Дзяржаўная мяжа Рэспублікі Беларусь з Літоўскай Рэспублікай.

    Ва ўрачыстай цырымоніі ўдзельнічалі начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў, намеснік генеральнага дырэктара Літоўскай чыгункі Альбінас Рагаўскіс, прэзідэнт кітайскай кампаніі па экспарце і імпарце электраабсталявання “CUEC” Ван Цзіньсун, старшыня Смаргонскага раённага Савета дэпутатаў Іван Рамановіч, намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Алег Хлебавец, літоўская і кітайская дэлегацыі.

    Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў адзначыў, што трэба выканаць немалы аб’ём работы. Ад Маладзечна да граніцы з Літвою — 84 кіламетры чыгуначнага палатна. Падчас выканання будаўніча-мантажных работ неабходна будзе ўстанавіць больш за тры тысячы апор, прымацаваць да іх кантактныя правады, пабудаваць дзве цягавыя падстанцыі, некалькі пунктаў дзяжурных службаў.

    Нядаўна ў Беларусі быў электрыфікаваны ўчастак чыгункі Асіповічы — Жлобін, блізяцца да завяршэння работы на ўчастку Жлобін — Гомель. Электрыфікацыя ўчастка Маладзечна — Гудагай — дзяржмяжа, якую плануецца закончыць у кастрычніку наступнага года, дазволіць арганізаваць рух пасажырскіх і грузавых цягнікоў на электрычнай цязе паміж Мінскам і Вільнюсам. Літоўцы таксама электрыфікуюць чыгунку на сваёй тэрыторыі — ад Вільнюса да граніцы. Пасля электрыфікацыі чыгункі скароціцца час знаходжання пасажырскіх цягнікоў у дарозе. Шлях ад адной сталіцы да другой яны будуць пераадольваць за 2 гадзіны.

    Выкарыстанне цягнікоў на электрацязе ў літоўскім напрамку пасадзейнічае ўмацаванню транспартных сувязей Беларусі з Еўрасаюзам. Паколькі ў нашай краіне будуецца атамная электрастанцыя, то пасля яе ўводу ў эксплуатацыю знізіцца сабекошт перавозак чыгуначным транспартам. Трэба адзначыць, што электрацягнікі больш эканамічныя ў параўнанні з цеплавозамі.

    На ўчастку чыгункі Маладзечна — Гудагай — дзяржаўная мяжа ўсе будаўніча-мантажныя работы, а таксама мантаж кантактнай сеткі даручана выконваць беларускім арганізацыям. А фінансаванне будзе ажыццяўляцца за кошт крэдытных рэсурсаў: 85 працэнтаў грошай выдзеліць кітайскі Экспартна-імпартны банк, астатнюю частку — Беларуская чыгунка, інавацыйны фонд Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь. Агульная сума інвестыцый — 89,9 мільёна долараў ЗША.

    Электрафікуемы чыгуначны ўчастак з’яўляецца адгалінаваннем ад Агульнаеўрапейскага транспартнага калідора №9, які звязвае краіны Балтыі з Усходняй Еўропай. Паколькі Беларусь — транзітная краіна, то электрыфікацыя чыгуначных ліній мае важнае значэнне для развіцця перавозак. Калі цяпер па электрыфікаваных магістралях перавозіцца каля 40 працэнтаў усіх грузаў, то ў наступным годзе пасля заканчэння электрыфікацыі ўчасткаў Гомель — Жлобін і Маладзечна — Гудагай – дзяржаўная мяжа колькасць перавозімых грузаў павялічыцца да 60 працэнтаў.

    Напэўна, у чытачоў узнікне пытанне: “Чаму ўрачыстую цырымонію з нагоды пачатку будаўніча-мантажных работ па электрыфікацыі ўчастка чыгункі Маладзечна — Гудагай – дзяржаўная мяжа было вырашана правесці ў Прудах?” Як патлумачыў прадстаўнік Беларускай чыгункі, гэту станцыю выбралі таму, што ў Маладзечне электрыфікаваныя чыгуначныя пуці.

    Будзем спадзявацца, што пройдзе год, і праз Смаргонь паімчаць электрацягнікі.

    Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

    Фота Міхаіла РАЗУМНІКА.

     

    Автор: Юрый ЯНУШКЕВІЧСветлы шлях
    Теги: 

Комментарии (0)