19 Апреля, 2024 Пятница

Вянец натхнёнай працы

  • 21 октября 2015 Экономика Беларуская 0

    «Будзе хлеб – будзе і песня!» Так з даўніх часоў казалі ў народзе, бо заўсёды ведалі цану караваю. А спарадкаваўшы ўраджай, можна і адпачыць. «Дажынкі» – адно са старажытнейшых святаў нашых продкаў. Мы захавалі гэту традыцыю, зрабілі яе маштабнай і насычанай, каб аддаць даніну павагі нялёгкай працы хлебаробаў. Сёлета раённыя «Дажынкі» праводзіліся ва ўпрыгожаным аграгарадку Вяркуды, дзе ў мясцовым Доме культуры славілі лепшых працаўнікоў хлебаробскай нівы.

    Сярод дэлегацый сельгаспрадпрыемстваў раёна, прыбыўшых на мерапрыемства загадзя, было многа добра знаёмых твараў, але былі і тыя, хто ў кагорту перадавікоў на жніве трапіў упершыню. У асноўным гэта прадстаўнікі маладога пакалення. Ад увагі да сябе некаторыя з непрывычкі саромеліся, тым больш што для асобных дзейнасць у аграрнай галіне не з'яўляецца «профільнай». Напрыклад, малады камбайнер Раман Рудзёнак, асноўным месцам працы якога з'яўляецца Ушацкі ўчастак аўтатранспартнага прадпрыемства № 6 г.Наваполацка, у ААТ «Ушацкі райаграсэрвіс» быў прыкамандзіраваны на дапамогу свайму брату Аляксею. На раённыя «Дажынкі» хлопец, які зараз з'яўляецца завочнікам дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, прыехаў на ўласным аўтамабілі з Гарадка, дзе адпрасіўся з вучобы.

    – Яшчэ раз з працаўнікамі «Райаграсэрвіса» сустрэнуся – падстава пазітыўная, – разважае Раман Фёдаравіч. – Няхай мы з братам у лік тысячнікаў не ўвайшлі, але лічу, што спрацавалі на ўборачнай нармальна. Будзь па-іншаму – запрашэнне сюды б не атрымалі!

    Сцяпан Барысавіч Корабаў ішоў да Дома культуры няспешна, інакш ужо і не ходзіць – з кіечкам жа. Не тое што некалі, калі абягаў усе ўладанні даручанай яму брыгады калгаса «Савецкая Беларусь». У свае 79 год не наведвае ён масавых мерапрыемстваў у райцэнтры. А вось пачуўшы, што сёлета ў іх аграгарадку адзначаюцца «Дажынкі», ахвотна прыйшоў раздзяліць радасць з маладзейшымі калегамі. «Калі быў загадчыкам фермы, мы ў раёне прызавыя месцы па прывагах займалі, – прыгадаў ветэран вытворчасці. – Ну а такімі прыгожымі нашы Вяркуды не былі ніколі».

    Дарэчы, не толькі Сцяпан Барысавіч прыйшоў на раённае свята. У сельскі Дом культуры падцягваліся як былыя работнікі «Дубраўкі», так і моладзь, аграрыі і настаўнікі – усе, у каго ў гэту пятніцу быў вольны час.

    Шчырыя словы падзякі за плённую працу выказаў на пачатку цырымоніі ўшанавання перадавікоў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Леанід Аляксандравіч Лісоўскі. Яму быў уручаны каравай з сёлетняга намалоту, які характарызуюць рэкордныя лічбы. Валавы збор зерневых культур склаў больш 33,6 тысячы тон. Такі паказчык атрыманы ўпершыню за апошнія 20 гадоў. А сярэднераённай ураджайнасці ў 33,5 цэнтнера з гектара ў гісторыі раёна не было ніколі!

    Наразаць прыгожы духмяны бохан лустамі і дзяліць яго між прысутнымі кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў не прыйшлося, бо гэты атрыбут свята ўручылі дырэктарам усіх гаспадарак. Іх уклад у агульны раённы «каравай» розны, але ў кожным калектыве ёсць дастойныя асаблівай павагі працаўнікі, якія ў хуткім часе атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

    Найбольш прадстаўнічай была дэлегацыя ААТ "Ільюшынскі". Адзінаццаць экіпажаў камбайнераў увайшлі сёлета ў лік пераможцаў раённых спаборніцтваў, а ўзначалілі гэты спіс выключна прадстаўнікі апошняга сельгаспрадпрыемства. 1602 тоны зерня на КЗС-1218 намалацілі старшы камбайнер Уладзімір Лёля і камбайнер Ігар Петухоў. Без перабольшвання натхнёнай працы спрыяла і здаровая канкурэнцыя з боку працуючых побач калег. Экіпаж у складзе Анатоля Спірыдзёнка і Андрэя Ланцунцэвіча, якія намалацілі 1560 тон, на працягу ўсяго жніва літаральна «наступаў на пяты» перадавікам, ды і маладзёжны тандэм Уладзіміра Урбана і Ігара Коўшаля паказаў выдатны для «дэбютнай» уборачнай кампаніі вынік – 1461 тона зерня і трэцяе месца ў раёне.

    А вось каб асобна падводзіўся вынік сямейных спаборніцтваў, то браты Яловікі з ААТ «Дземенец» былі б па-за канкурэнцыяй. Рубеж у тысячу тон з лёгкасцю адолелі абодва, а агульны «брацкі» намалот Мікалая (1452 тоны) і Аляксандра (1373 тоны) у суме выйшаў большы, чым напрыклад, увесь ураджай «Кубліч».

    Сплаў маладосці і вопыту і добрасумленныя адносіны да працы дапамаглі дасягнуць добрых паказчыкаў і іншым сямейным экіпажам. І калі браты Яловікі працавалі побач, але на розных агрэгатах, то Аляксандр Малахаў і яго сын Станіслаў з КУСГП «Глыбачаны», як і Мікалай Гусёнак з сынам Аляксандрам з КУСГП «Арэхаўна» перадавалі штурвал камбайна адзін аднаму. У першым выпадку старэйшым камбайнерам быў бацька, у другім – сын, але вынік дастойны ў абодвух экіпажаў: 1350 тон у глыбачанскага і 1165 – у арэхаўскага. Дарэчы, у «Арэхаўне» тысячнікамі сталі ўсе камбайнеры – гэты рубеж пераадолелі і Віктар Башун з Арцёмам Баяронкам, і Аляксандр Каваленка з Мікалаем Купрыянавым.

    Больш тысячы тон зерня намалацілі таксама яшчэ два экіпажы ільюшынскіх камбайнераў, прычым не на КЗС-1218, а на менш прадукцыйных КЗС-10К! Адзначыліся старшы камбайнер Юрый Бука і камбайнер Канстанцін Макрыдзін, якія сабралі 1046 тон зерня і толькі на некалькі бункераў апярэдзілі Мікалая Казачонка і Ігара Кулянка (1027 тон). Усе экіпажы тысячнікаў атрымалі Дыпломы райвыканкама, райсельгасхарча, райкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовыя ўзнагароды. Каштоўнымі падарункамі за сумленную працу і асабісты ўклад у правядзенне ўборачнай кампаніі акрамя прыгаданых братоў Аляксея і Рамана Рудзёнкаў з «Райаграсэрвіса» атрымалі Васіль Алексяёнак, Юрый Альбіновіч, Уладзімір і Сяргей Вусько – камбайнеры КУСГП «Вялікадолецкае».

    Механізатары апошняй гаспадаркі зноў былі адзінымі, хто справіўся з адвозкай зерня ад камбайнаў уласнымі сіламі. У астатніх гаспадарках на дапамогу ў па-сапраўднаму ўсенароднай справе прыходзілі шэфы. У якасці прыкладу можна прывесці вынік маладога вадзіцеля камунгаса Аляксея Селівёнка, які ў «Дземенцы» на ГАЗ-53 адвёз ад камбайнаў 1212 тон зерня! Разам з ім за ўзнагародамі на сцэну ўзнімаліся механізатар «Вялікадолецкага» Генадзь Качан, які выйшаў пераможцам спаборніцтваў на адвозцы зерня сярод трактарыстаў-машыністаў на трактарах грузападымальнасцю да 9 тон, і вадзіцель «Глыбачан» Генадзь Чыграй – 1750 перавезеных тон збажыны прынеслі яму першае месца сярод вадзіцеляў аўтамабіляў, якія бяруць за рэйс звыш 9 тон грузу.

    Асобна падводзіліся вынікі спаборніцтваў сярод маладых механізатараў. Таму за каштоўнымі падарункамі і грашовымі прэміямі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі на сцэну яшчэ раз выходзілі У.Урбан, І.Коўшаль, А.Селівёнак. У ліку іншых маладых перадавікоў яшчэ 3 ільюшынскія хлопцы. Трактарыст-машыніст Міхаіл Рэут на трактары МТЗ-3022 перавёз 1602 тоны зерня, Раман Шопа на МАЗ-555 паказаў вынік у 1666 тон, а Андрэй Ланцунцэвіч – у 1141, пры тым, што яшчэ і дапамагаў на камбайне А.Спірыдзёнку!

    Работы ў полі яшчэ вядуцца, таму вынікі ўсяго года будуць падведзены да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, а ў пятніцу ў Вяркудах узнагароджвалі тых, хто вызначыўся менавіта ў вытворчасці зерня. Акрамя пералічаных пераможцаў спаборніцтваў каштоўныя падарункі за асабісты ўклад у гэту справу атрымалі галоўны аграном "Ільюшынскага" Аляксандр Селівёнак, аператар зернесушыльнага комплексу гаспадаркі Віктар Казачэнка, вадзіцель Р.Шопа, трактарысты-машыністы «Глыбачан» Васіль Сапега, «Арэхаўна» Сямён Первянёнак і Аляксандр Гозін, некалькі працаўнікоў «Райаграсэрвіса» – трактарыст-машыніст Уладзімір Шэдзько, вадзіцель Мікалай Рагавешка і аператар зернесушыльнага комплексу Аляксандр Ягадка. Менавіта з'яўленне на сцэне апошняга выклікала самыя моцныя і працяглыя апладысменты – мясцовы ўраджэнец.

    Неўзабаве пасля таго, як усе рупліўцы атрымалі ўзнагароды, песні ў выкананні народнага квартэта «Натхненне» і выкладчыка дзіцячай школы мастацтваў Алега Іванова ўпляліся ў свята «Дажынак», як каларытная кветка васілька ў перахоплены перавяслам сноп. Ён традыцыйна прысутнічаў на выставах, дзе культработнікі прадстаўлялі лепшыя вырабы народных майстроў. Для мясцовых жыхароў і гасцей свята райспажыўтаварыста арганізавала работу выязнога гандлю, а наведаць палаткі многія працаўнікі намячалі пасля заканчэння святочнага канцэрта ў іх гонар. «Дамоў не паедзем, пакуль усё не паспрабую!» – планаваў «затрымаць» ільюшынскую дэлегацыю Міхаіл Рэут. – Свята ж сёння!"

    Іх у напружанай працы аграрыяў не так і многа. Калі большасць з нас святкавалі, напрыклад, Першамай, то амаль усе героі сёлетніх «Дажынак» у гэты час закладалі аснову будучага ўраджаю. Але нават у непрацяглыя гадзіны рэдкіх адпачынкаў яны не забываюць пра заўтрашні рабочы дзень. Зрэшты, лепшыя хлебаробы тым і жывуць, што пастаянна адчуваюць сваю асабістую адказнасць за ўсё, што зроблена, адбываецца і плануецца рабіць на зямлі.

    Автор: Д.РаманоўскіПатрыёт
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)