28 Апреля, 2024 Воскресенье

Будучая дэнамінацыя віртуальных махляроў не актывізуе

  • 12 ноября 2015 Экономика Беларуская 0

    Эксперты фінансавага рынку: налета ў ліпені не плануюць замены банкаматаў.

    Начальнік галоўнага ўпраўлення развіцця лічбавых банкаўскіх тэхналогій Нацыянальнага банка Беларусі Аляксандр Сотнікаў упэўнены, што ў сферы безнаяўных разлікаў запланаванае ўзбуйненне нацыянальнай грашовай адзінкі ніяк не паўплывае на бяспеку карыстальнікаў банкаўскімі карткамі. Тэхнічнае абслугоўванне банкаматаў ажыццяўляецца банкамі ў планавым рэжыме, і звычайныя карыстальнікі ўвогуле яго не заўважаюць.

    Спецыяліст упэўнены, што замяняць банкаматы ніхто не будзе. «Атрымаўшы інфармацыю ад Нацбанка аб правядзенні дэнамінацыі, безумоўна, усе беларускія банкі ўжо прыступілі да работы па пераналадцы праграмнага забеспячэння і набыцці для яго неабходных дапаўненняў, каб працаваць з новымі купюрамі», — сказаў прадстаўнік Нацбанка.

    Аляксандр Сотнікаў выказаў здагадку, што з 1 ліпеня наступнага года адпаведныя прылады будуць выдаваць у першую чаргу дэнамінаваныя купюры. «З пункту гледжання банкаўскай логікі думаю, што ў кожным канкрэтным банкамаце будуць загружаны банкноты альбо новага, альбо старога ўзору. Наўрад ці будуць выкарыстоўвацца і тыя, і другія купюры адначасова», — выказаў сваю думку кіраўнік галоўнага ўпраўлення. У Нацбанку падлічылі, што выдаткі на падобнае пераабсталяванне будуць адэкватнымі падзеі і дакладна не вельмі вялікімі.

    Нулявая адказнасць працуе на 100%

    Сёлета з 5 жніўня ў банкаўскай сферы пачала афіцыйна працаваць норма «нулявой адказнасці». Яна дзейнічае наступным чынам. Трымальнікі банкаўскіх картак павінны на працягу 30 дзён з даты сумніўнага спісання са свайго рахунку грошай іншымі асобамі звярнуцца з адпаведнай заявай у банк-эмітэнт. А апошні на працягу 45 дзён (плацеж быў на тэрыторыі Беларусі) і 90 дзён (спісанне грошай адбылося за межамі) павінен вярнуць незаконна знятыя грошы кліенту. Гэтае рашэнне рэгулятара зняло практычна ўсе праблемныя пытанні ўладальнікаў картак, што ўзнікалі з падобным махлярствам.

    Аляксандр Сотнікаў адзначыў, што пасля 5 жніўня Нацбанк увогуле не атрымаў ніводнай скаргі з боку кліентаў на гэты конт. Апошняе сведчыць аб тым, што цяпер айчынныя банкі або вяртаюць кліентам «згубленыя» грошы, ці неяк па-іншаму вырашаюць спрэчныя сітуацыі. Напрыклад, спецыялісты Беларусбанка паведамілі, што ў першы месяц дзеяння гэтай нормы сярод іх кліентаў сустракаліся выпадкі сямейнага (сяброўскага) махлярства, калі ўладальнік карткі сам перадаваў свой «пластык» і пін-код іншым людзям. Пасля высвятлення падобных абставін прэтэнзіі да банка з боку кліента адразу знікалі.

    Адмова ад SMS-апавяшчэння правоў кліента не звузіць

    Нагадаю, што менавіта ў жніўні банкі пачалі больш настойліва прапаноўваць сваім кліентам выкарыстоўваць сістэму SMS-апавяшчэння пры любым руху грашовых сродкаў на рахунку ўладальніка карткі. Сёння такая паслуга ў большасці банкаў не бясплатная, а для асобных людзей даволі дарагая. Ці можна ад яе адмовіцца, і чым гэта кліенту пагражае?

    Магчыма, што пасля пісьмовай адмовы ад такой паслугі ўладальнік плацежнай карткі страчвае права карыстацца нормай «нулявой адказнасці»? Пытанні цікавыя, але для спецыялістаў Нацбанка крыху нязручныя. Аляксандр Сотнікаў галасуе за паўсюднае выкарыстанне SMS-апавяшчэння, аднак адмова ад яго «нулявую адказнасць» чалавеку «не закрые».

    Больш за тое, паводле інфармацыі Нацбанка, тэрмін падачы заявы падаўжаецца, калі ў кліента была ўважлівая прычына — у прыватнасці, калі чалавек хварэў ці знаходзіўся за межамі краіны. Калі такой прычыны няма, то банк можа адмовіцца вяртаць грошы кліенту, які спазніўся з заявай. Могуць адмовіць у кампенсацыі і тым, хто парушыў парадак выкарыстання карткі, з-за чаго ў выніку пазбавіўся грошай. Гэта значыць, калі кліент выявіў прапажу грошай з карткі, то яму абавязкова трэба напісаць заяву і падрабязна выкласці сітуацыю. Спецыялісты банка ўважліва яе вывучаць, каб выключыць верагоднасць падману з боку трымальніка карткі.

    Ставіцца да правілаў сур’ёзна

    Наш эксперт упэўнены, што абарона грошай на банкаўскіх рахунках кліентаў у першую чаргу залежыць ад уласнай пільнасці і дакладнага выконвання правілаў карыстання карткамі. Не трэба перадаваць картку іншым асобам, пісаць на ёй пін-код. Пажадана ўважліва разглядаць банкаўскае абсталяванне для самаабслугоўвання, а пры мінімальным падазрэнні не карыстацца ім і г. д. Сёння статыстыка паказвае, што колькасць выпадкаў крадзяжу грошай праз карткі не павялічваецца.

    У Еўропе цяпер існуе трэнд на павелічэнне крадзяжоў у «лічбавым» фармаце пры ажыццяўленні пакупак у інтэрнэце. Тут існуе адно простае правіла — для разлікаў у сеціве трэба мець асобную картку, дзе знаходзіцца пэўная сума грошай. А яшчэ пільнымі трэба быць не толькі побач з банкаматамі, але і ўвогуле пры карыстанні любой лічбавай тэхналогіяй. Нельга захоўваць інфармацыю аб картках на сваім камп’ютары ў свабодным доступе, а потым «лазіць» на сумніўных сайтах, на якіх можа дзейнічаць спецыяльная праграма па капіраванні індывідуальнай інфармацыі. Заставацца пільнымі неабходна і ў сацыяльным асяроддзі.

    Часам махлярамі выкарыстоўваецца схема абзвону кліентаў у якасці банкаўскіх работнікаў, калі ў кліентаў просяць удакладніць нумар карткі і пін-код. Аляксандр Сотнікаў катэгарычна заяўляе, што ніхто з вашага банка ніколі не будзе пытацца падобную інфармацыю. Ніколі не трэба перапісвацца па «электронцы» ў выпадку атрымання «лістоў шчасця», калі для атрымання грашовага прыза вам прапануюць паведаміць нейкую дадатковую інфармацыю аб банкаўскім рахунку.

    Фінансісты «ў звязцы» з праваахоўнікамі

    Актыўнае супрацоўніцтва спецыялістаў МУС і банкаў па прадухіленні махлярстваў з банкаўскімі карткамі пачынае прыносіць станоўчы вынік. Намеснік начальніка трэцяга аддзела ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій МУС Беларусі Алег Слепчанка паведаміў, што ў апошнія год-два назіраецца зніжэнне ў краіне такога віду злачынстваў, як крадзеж картак і выкарыстанне персанальных звестак карыстальнікаў. Усё гэта тлумачыцца сумеснай прафілактычнай працай з банкамі, якія ў першую чаргу зацікаўлены ў тым, каб грошы іх кліентаў не знікалі з рахункаў. Эксперт таксама адзначыў, што пад эгідай Нацбанка Беларусі створана рабочая група па прафілактыцы махлярства ў крэдытна-банкаўскай сферы, у склад якой увайшлі і прадстаўнікі сілавых структур. Разам з тым Алег Слепчанка паведаміў, што такога роду махлярства з’яўляецца адным з найбольш высока латэнтных злачынстваў, таму ўплываць на іх на папярэдняй стадыі складана. «Тут, на наш погляд, трэба працаваць наўпрост з кліентамі, і гэта задача ў першую чаргу банкаў».

    У Беларусі здзяйсняецца каля 1,5-2 тысяч кіберзлачынстваў за год, з іх каля 90% у апошнія гадоў 5-6 складаюць крадзяжы шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі, у тым ліку каля

    1 тысячы злачынстваў прыпадае на крадзеж картак і выкарыстанне персанальных звестак.

    Амаль без варыянтаў

    Разам з тым у апошнія гады ў нас расце колькасць крадзяжоў з выкарыстаннем банкаўскіх картак у асабліва буйным памеры. Аднак такое павелічэнне сур’ёзных бонусаў крыміналу не дае, бо пераважная большасць гэтых злачынстваў раскрываецца. Алег Слепчанка агучыў апошнія тэндэнцыі падобных крадзяжоў, якія ажыццяўляюцца так званымі кардарамі, што пры дапамозе розных хітрыкаў, у тым ліку тэхнічных, выкрадаюць персанальныя звесткі, вырабляюць фальшывыя карткі і карыстаюцца імі ў інтэрнэце пры аплаце розных паслуг.

    Алег Слепчанка звярнуў увагу, што раскрывальнасць падобных злачынстваў у нашай краіне знаходзіцца на вельмі высокім узроўні: «За ўвесь час нашай працы, а гэта ўжо 13 гадоў, лічаныя злачынцы пазбеглі адказнасці. Гэта звязана хутчэй за ўсё з тым, што яны схаваліся за мяжой».

    Даведка «Звязды»

    Паводле інфармацыі Нацбанка, колькасць банкаўскіх плацежных картак, якія знаходзяцца ў Беларусі ў абарачэнні, сёлета за ІІІ квартал павялічылася прыкладна на 2% і перавысіла на дату 1 кастрычніка 12,5 млн адзінак. Доля плацежнай сістэмы «БелКарт» склала амаль 41%. У Беларусі ў абарачэнні таксама знаходзяцца карткі «БелКарт/Maestro», Vіsa і MasterCard. Усяго ў Беларусі за студзень—верасень 2015 года на тэрыторыі краіны было выканана больш за 685,6 млн аперацый з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак у беларускіх рублях на суму амаль 250,8 трлн рублёў. Удзельная вага безнаяўных грошай у агульнай колькасці аперацый з выкарыстаннем плацежных картак на 1 кастрычніка склала 76%.

    Автор: Сяргей КУРКАЧЗвязда

Комментарии (0)