23 Апреля, 2026 Четверг

Захоўваць тэхналагічны цыкл, каб працаваць з прыбыткам

  • 13 ноября 2015 Экономика Беларуская 0

    4 лістапада ў нашым раёне прайшоў занальны семінар з удзелам старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалая Мікалаевіча Шарстнёва на тэму: “Арганізацыйна-тэхналагічныя патрабаванні па вытворчасці малака на малочнатаварных фермах. Гадоўля маладняку буйной рагатай жывёлы”. На яго былі запрошаны старшыні раённых выканаўчых камітэтаў вобласці, кіраўнікі райплемпрадпрыемстваў і сельгасарганізацый, галоўныя ветурачы і заатэхнікі Шаркаўшчынскага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Докшыцкага, Міёрскага, Пастаўскага, Расонскага і Шумілінскага раёнаў.

    Адкрыў семінар старшыня аблвыканкама М. М. Шарстнёў. Мікалай Мікалаевіч выказаў вялікую занепакоенасць сітуацыяй, якая склалася ў аграпрамысловым комплексе Віцебшчыны. Згодна са статыстычнымі дадзенымі ў вобласці зараз маецца 500 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 180 тысяч — дойны статак. У пачатку 1990-х гадоў гэты паказчык быў удвая большы. Губернатар указаў актыву вобласці на недапушчэнне зніжэння пагалоўя БРЖ, якое, у сваю чаргу, адмоўна ўплывае на эканоміку паўночнага рэгіёну краіны. Прадпрыемствы мясамалпрама Віцебшчыны, па словах старшыні аблвыканкама, загружаны сыравінай толькі на 50—60 працэнтаў. У той час, калі астатнія рэгіёны Беларусі па надоях пераўзыходзяць пяцітысячны рубеж, наша вобласць яшчэ не надойвае і чатыры тысячы кілаграмаў малака на карову ў год, за выключэннем нешматлікіх сельгаспрадпрыемстваў, дзе работа ў гэтым накірунку пастаўлена на належным узроўні. Шмат нараканняў выказаў губернатар кіраўнікам раёнаў, якія не ўдзяляюць пільнай увагі якасці і тэмпам нарыхтоўкі кармоў для буйной рагатай жывёлы. 20 цэнтнераў кармавых адзінак, нарыхтаваных у сярэднім на ўмоўную галаву жывёлы, не могуць у поўнай меры забяспечыць яе паўнацэннае харчаванне ў зімова-стойлавы перыяд. Тым больш, што працэс нарыхтоўкі кармоў сёлетнім пагодным летам прайшоў у сваёй большасці на нізкім узроўні. Канечне, не абышлося тут без аб’ектыўных фактараў, асноўным сярод якіх стаў недахоп грашовых сродкаў на набыццё гаручазмазачных матэрыялаў. Але, як падкрэсліў кіраўнік вобласці, галоўным пралікам у дадзенай справе стала абыякавасць і нядбайнасць кіраўнікоў розных узроўняў. Менавіта з-за гэтага ў шматлікіх гаспадарках Віцебшчыны нарыхтаваны сянаж пераведзены ў сілас з вялікай доляй вільготнасці. Аграрыям трэба пільна сачыць за працэсам нарыхтоўкі кармоў для БРЖ, бо, як сведчыць навука і паказвае практыка, для правільнага харчавання буйной рагатай жывёлы, павелічэння надояў малака і прывагі ў вазе вільготнасць кормасумесей павінна складаць не больш за 50 працэнтаў. Каб мець станоўчыя паказчыкі ў дадзенай галіне тэхналагічны цыкл ад нарыхтоўкі кармоў і да іх скормлівання жывёле нельга ні ў якім разе парушаць,.

    Пра новыя падыходы ў кармленні і ўтрыманні буйной рагатай жывёлы прысутным паведаміў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання краіны Ігар Вячаслававіч Брыло. Першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Аляксандравіч Машэра ў сваім выступленні расказаў пра асаблівасці кармлення кароў у зімова-стойлавы перыяд. Шмат цікавай і карыснай інфармацыі пра сучасныя метады вырошчвання маладняку і некаторыя аспекты кармлення высокапрадукцыйных кароў да прысутных данёс спецыяліст па рабоце з кліентамі закрытага акцыянернага таварыства “Экамол-Агра” Уладзімір Уладзіміравіч Пераднёў. Гэта прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці кармавых дабавак для жывёл. Тэмай выступлення менеджэра па продажы прадстаўніцтва ТЗА “GEA Farm Technologies Austria GmbH” Сяргея Уладзіміравіча Малахвея стала абавязковае патрабаванне прытрымлівацца тэхналагічнага рэгламенту для атрымання малака гатунку “экстра”.

    Практычная частка семінара прайшла на базе малочнатаварнай фермы Пялікі ААТ “Даватарскі”. З асноўнымі паказчыкамі ў галіне жывёлагадоўлі ў дадзеным сельгаспрадпрыемстве прысутных азнаёміў намеснік начальніка райсельгасхарчу Юрый Георгіевіч Лабуць. Так, у гаспадарцы маецца 6 ферм, 3 з іх — малочнатаварныя. На фермах утрымліваюцца 3293 галавы буйной рагатай жывёлы, з якіх 1112 — дойны статак. Валавая вытворчасць малака ў сельгаспрадпрыемстве за 10 месяцаў бягучага года склала 4628 тон або 110 працэнтаў да ўзроўню 2014 года. У сярэднім на адну карову атрымана 4280 кілаграмаў малака (плюс 216 кілаграмаў да ўзроўню мінулага года). На корм жывёле нарыхтавана 2000 тон сена, 13000 тон сенажу і 2000 тон сіласу, што складае ў сярэднім 23,3 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.

    За студзень-кастрычнік 2015 года прададзена дзяржаве малака гатункам “экстра” 36 працэнтаў, вышэйшым — 45, першым гатункам 19 працэнтаў. Тлустасць малака склала 3,7 працэнта, а яго таварнасць — 90.

    Асобна Юрый Георгіевіч паведаміў пра МТФ Пялікі, дзе ўтрымліваецца трэцяя частка ад агульнай колькасці БРЖ гаспадаркі. Малочнатаварная ферма складаецца з некалькіх памяшканняў, у якіх утрымліваецца жывёла. Валавая вытворчасць малака за 10 месяцаў гэта года склала 2233 тоны або 113 працэнтаў да ўзроўню 2014. Надоена на адну карову 4575 кілаграмаў малака. У асобных гуртах гэты паказчык пераўзышоў 5200 і 5300 кілаграмаў малака на адну карову. У кастрычніку надоена малака на адну карову ў сярэднім 439 кілаграмаў (плюс 62 кілаграмы да кастрычніка мінулага года). Варта адзначыць, што ад захавання тэхналогіі ўтрымання дойнага статку на МТФ атрымліваюць якаснае малако, з якога 80 працэнтаў ідзе гатункам “экстра” і 20 працэнтаў пастаўляецца дзяржаве вышэйшым гатункам.

    Удзельнікі семінара мелі магчымасць уласна ўбачыць, у якіх умовах утрымліваецца жывёла, які ёй даецца корм. Работнікі МТФ прадэманстравалі прысутным працэс паення маладняку малозівам з выкарыстаннем зонда. Спецыялісты аблсельгасхарчу і міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання далі станоўчыя ацэнкі па ўкараненні сучасных метадаў пры вырошчванні жывёлы ў сельгаспрадпрыемстве. Як адзначыў старшыня аблвыканкама М. М. Шарстнёў, аналагічныя малочнатаварныя фермы павінны быць у кожным раёне нашай вобласці, каб на іх прыкладзе можна было і іншым вучыцца асвойваць і ўкараняць перадавыя тэхналогіі ў вырошчванні буйной рагатай жывёлы.

    Сяргей РАЙЧОНАК.

    Автор: Сяргей РайчонакКліч Радзімы

Комментарии (0)