19 Апреля, 2024 Пятница

Сваё прафесійнае свята адзначылі работнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК Глыбоцкага раёна

  • 17 ноября 2015 Экономика Беларуская 0

    Пра справы працоўныя, пра поспехі, а таксама пра праблемы, якія трэба вырашаць, напярэдадні свята гутарым з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам райсельгасхарча І. І. Пачкоўскім.

    – Іосіф Іванавіч, 2015-ы сельскагаспадарчы чым-небудзь адрозніваўся ад мінулага года?

    – Адрозніваўся. Кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак мелі больш свабоды ў сваёй працы, у прыняцці рашэнняў па вырошчванні той ці іншай сельскагаспадарчай культуры. Калі ў мінулыя гады стаўка рабілася за зерневыя культуры і працэнт іх у севазвароце ў асобных гаспадарках быў звыш 60%, то сёлета асноўная ўвага ўдзялялася кармавым культурам, паколькі кармы – аснова для развіцця галіны жывёлагадоўлі. Цяжкасцей хапала. Сельскагаспадарчыя арганізацыі вялі палявыя работы пры дэфіцыце фінансавых сродкаў, пры мінімальным забеспячэнні мінеральнымі ўгнаеннямі, хімікатамі. Былі перабоі і з забеспячэннем палівам. Калі пасяўная прайшла на адным дыханні, у многім па той прычыне, што па восені было ўзнята зябліва, то падчас нарыхтоўкі кармоў часам тэхніка прастойвала: не было грошай на пакупку паліва. Жніво прайшло арганізавана, тут нам паспрыяла надвор’е. Не проста праходзіла сяўба азімых культур. Напружаным выдаўся год  і ў тым плане,  што былі затрымкі з выплатай заработнай платы, выручкі, якую атрымлівалі калектывы гаспадарак, не хапала, каб своечасова  выплачваць заробкі.

    – І ўсё ж у многім год парадаваў. Пры недастатковай колькасці ўгнаенняў, сродкаў аховы раслін у раёне атрымана рэкордная ўраджайнасць зерневых і зернебабовых культур – 34,6 цэнтнера з гектара, валавы намалот склаў 74 тысячы тон, гэта адзін з лепшых паказчыкаў у гісторыі Глыбоцкага раёна.

    – З 2010 года гаспадаркі раёна пачалі актыўна займацца накапленнем арганічных і мінеральных угнаенняў, у асобныя гады на гектар ворнай зямлі ўносілася звыш 250 кілаграмаў NPK.  І так сталася, такія склаліся ўмовы надвор’я, што менавіта ў гэтым годзе зямля аддзячыла высокім ураджаем за ўнесеныя ў папярэднія гады  вітаміны ўрадлівасці.

    – А вось такая высокарэнтабельная культура, як рапс, добрым ураджаем не парадавала. Як, дарэчы, і кукуруза.

    – Каб атрымаць 25-30 цэнтнераў алейнага насення з гектара, трэба даць як мінімум запраўку па 100--150 кілаграмаў азоту. У нас такіх магчымасцей не было. Таму і ўраджайнасць нізкая. Пра кукурузу. Гэты год удалы для зерневых культур, але не для кукурузы. Ночы напрыканцы мая, у чэрвені былі халоднымі. На пачатковых этапах развіцця кукурузы ўраджайныя ўласцівасці былі загублены, і ў далейшым яна так і не змагла набраць сілы. Не хапала і азотных угнаенняў. Без азоту кукуруза не расце.

    – Скажыце шчыра: вынікамі ў раслінаводчай галіне вы задаволены? Усё-такі гаспадаркі раёна, за выключэннем сельскагаспадарчага прадпрыемства “Яблынька”, па ўраджайнасці зерневых перасягнулі рубеж у 30 цэнтнераў з гектара. Калі такое было?!

    – Не поўнасцю. З зерневымі спрацавалі добра. А вось з кармамі – горш. На ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавалі на тры кармавыя адзінкі менш. А тры кармавыя адзінкі – месяц кармлення жывёлы. Значыць, адзін месяц у нас выпаў. І сёння трэба ўсё дэталёва прааналізаваць, зрабіць работу над памылкамі: што ў нас не так, якія прычыны страт у вытворчасці? І рухацца далей.

    – Кожную сваю планёрку вы пачынаеце з аналізу вынікаў у галіне жывёлагадоўлі. Чаму?

    – А як інакш? Жывёлагадоўчая галіна – гэта 80% таварнай прадукцыі. І гэта грошы, калі мець на ўвазе рэалізацыю малака, якія паступаюць у казну гаспадаркі кожны дзень. Будзе вытворчасць – будзе і продаж. І выручка ўзрасце.

    – У рэспубліканскім рэйтынгу па выніках работы жывёлагадоўчай галіны за 9 месяцаў Глыбоцкі раён у параўнанні з мінулым годам узняўся на чатыры пазіцыі і займае 78 радок. У сярэднім ад каровы атрымана па 3162 кілаграмы малака (+ 237 кілаграмаў). Чатыры крокі наперад. Няблага.

    – Так, няблага. У рэйтынгу мы абышлі ўсіх сваіх суседзяў – Пастаўскі, Докшыцкі, Шаркоўшчынскі, Міёрскі, Браслаўскі і іншыя раёны. Але радавацца і задавальняцца дасягнутым нам рана. Ёсць праблемы з аднаўленнем статка, з таварнасцю, якасцю малака. І ёсць на Віцебшчыне арыенцір – раён, на які трэба раўняцца. Гэта Верхнядзвінскі раён, які з вынікам 4137 кілаграмаў малака ад каровы займае 25 пазіцыю ў рэйтынгу. Ужо ўсе работнікі галіны ведаюць, што ёсць унікальная форма паспяховай жывёлагадоўлі – “Чатыры К”: кадры, каровы, кармы, камфорт. Усё тут важна, усё істотна. На жаль, у раёне пастаянна ўзнікаюць пытанні з захаваннем выканаўчай, тэхналагічнай дысцыпліны аператараў і спецыялістаў, з якасцю і аб’ёмам кармоў — асобныя гаспадаркі які ўжо год не могуць нарыхтаваць дастатковую колькасць іх, --  з умовамі ўтрымання жывёлы. І работы ў галіне жывёлагадоўлі, як кажуць, яшчэ непачаты край. Каб усе гаспадаркі працавалі так, як філіялы “Мнюта”, унітарныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы “За Радзіму”, “Ломашы-Агра”, ААТ “Глыбоцкая птушкафабрыка”, то вынікі былі б нашмат лепшымі.

    – Усё часцей у СМІ друкуюцца матэрыялы на эканамічныя тэмы.  Павышэнне закупачных цэн на прадукцыю палёў і ферм наўрад будзе: яны і так высокія. А цэны на электрычную энергію, на паліва, на мінеральныя ўгнаенні, на сродкі аховы раслін растуць. Як жыць гаспадарцы?

    – Застаецца хіба адно: умела гаспадарыць на зямлі, няўхільна нарошчваць вытворчасць якаснай таварнай прадукцыі, рэалізоўваць яе па высокіх цэнах і пры гэтым  зніжаць затраты на вытворчасць. І шмат чаго ў гэтым плане ўжо робіцца. Прывяду прыклад. Калі раней  толькі ішла размова пра безадвальную апрацоўку зямлі, то сёлета, скажам, азімую сурэпіцу ў філіяле “Мнюта” пасеялі на плошчах, на якіх праведзена безадвальная апрацоўка. І такі метад прымяняецца ўжо ў некаторых іншых гаспадарках. Ужо можна гаварыць пра эканамічную эфектыўнасць. Так, пры падрыхтоўцы глебы пад сяўбу азімых зерневых у сельгаспрадпрыемстве “Азярцы” на плошчах, дзе праводзіліся ворыва+культывацыя, на адным гектары затраты склалі 466400 рублёў, а пры лушчэнні+культывацыя – 348322 рублі. Эканомія на гектары – 118078 рублёў.  Пры  дыскаванні ў два сляды ў ААТ “Сельцы” затраты на гектар склалі  98310 рублёў, пры ворыве+дыскаванні – 197846 рублёў. Эканомія – 99536 рублёў. У райсельгасхарчы мы прааналізавалі і эфектыўнасць унясення мінеральных угнаенняў пад зерневыя культуры ў гэтым годзе.  І спецыялістам філіяла “Галубічы”, дзе ўнесена на гектар 154 кілаграмы NPK (найбольш у раёне), трэба задумацца: чаму такая нізкая эфектыўнасць ад унесеных угнаенняў: прыбаўка ва ўраджайнасці – толькі 6,2 цэнтнера. Для параўнання: у філіяле “Мнюта”, дзе ўгнаенняў унесена менш, прыбаўка ва ўраджайнасці склала больш за 20 цэнтнераў. Зніжаць затраты пры вытворчасці прадукцыі  як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі, працаваць на эканоміку, лічыць грошы – наша асноўная задача.

    – У “Сельскай газеце” прачытаў, што поспех калектыву ў вырашэнні пастаўленых задач  на 90% залежыць ад кіраўніка. Ёсць такія кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый на Глыбоччыне?

    – Безумоўна, ёсць. Словы падзякі найперш хачу сказаць Яраславу Іванавічу Сінкаўцу, дырэктару філіяла “Мнюта”. Філіял, калі гаварыць пра вытворчыя паказчыкі,  пра культуру земляробства, з’яўляецца эталонам для іншых гаспадарак раёна. Назаву і дырэктара ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства “За Радзіму” Тадэвуша Тадэвушавіча Зяновіча.  Ураджайнасць зерневых і зернебабовых склала ў гаспадарцы 50 цэнтнераў з гектара. Адносна нядаўна ўзначаліў унітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства Аляксандр Веньямінавіч Навіцкі, а поспехі калектыву ўжо навідавоку. У складаных умовах працуюць дырэктары акцыянерных таварыстваў “Чарневічы” і “Верхняе” Уладзімір Уладзіміравіч Бабіч і Іван Васільевіч Корж, але іхняй самааддачы могуць пазайздросціць многія іншыя кіраўнікі. І ўвогуле, паколькі вядзём размову напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі, хачу павіншаваць з гэтым вялікім святам ветэранаў сельскагаспадарчай вытворчасці, усіх кіраўнікоў, спецыялістаў, механізатараў, работнікаў ферм і комплексаў, гараджан, якія ў самыя адказныя перыяды сельскагаспадарчага года прыходзяць на дапамогу вяскоўцам. Асабістага шчасця ўсім вам, здароўя, плёну ў працы, новых перамог і здзяйсненняў. Са святам!

    – І Вас са святам, Іосіф Іванавіч!

    – Дзякую.

    Автор: Алесь ЖыгуноўВеснік Глыбоччыны

Комментарии (0)