08 Мая, 2024 Среда

Працаваць над зніжэннем сабекошту

  • 30 ноября 2015 Экономика Беларуская 0

    У чацвер прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй КАБЯКОЎ з рабочай паездкай наведаў Магілёўскую вобласць.

    Кіраўнік беларускага ўрада ў ходзе рабочага візіту на Магілёўшчыну наведаў фарэлевую гаспадарку “Вабіч” ААТ “ПМК №83 Вадбуд”, дзе падрабязна пазнаёміўся з вынікамі гаспадарчай дзейнасці гэтага рыбаводнага комплексу. Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алег ЧЫКІДА падрабязна расказаў пра стан і перспектывы развіцця на Магілёўшчыне гаспадарчай дзейнасці па вырошчванні рыбы каштоўных парод. На сёння ў структуры ААТ “Упраўляючая кампанія холдынгу “Магілёўвадбуд” дзейнічаюць тры фарэлевыя гаспадаркі па вырошчванні і рэалізацыі гэтага віду рыбы – наша “Вабіч”, “Лахва” (Быхаўскі раён), “Высокае” (Касцюковіцкі) і Горацкі рыбаводны індустрыйны комплекс БСГА па вырошчванні і рэалізацыі рыбапасадачнага матэрыялу, вытворчая гадавая магутнасць якога складае 3 мільёны штук малькоў фарэлі навескай ад 50 да 70 грамаў. З увядзеннем у строй рыбнай гаспадаркі на Слаўгарадчыне завершыцца першы этап рэалізацыі інвестыцыйнага рыбаводнага праекта, які дазволіць за год вырошчваць 800 тон фарэлі.

    Другі этап прадугледжвае будаўніцтва фарэлевых гаспадарак у Асіповічах, Горках (таварна-матачны ўчастак), Краснаполлі, Чэрыкаве і асятровай – у Чавусах. Праектная вытворчая магутнасць іх разам складзе 1150 тон таварнай рыбы каштоўных парод за год.

    У фарэлевай гаспадарцы “Вабіч” таварную рыбу вырошчваюць у двух модулях. Адкрыты быў уведзены ў эксплуатацыю ў 2013 годзе, вытворчая магутнасць яго складае 30 тон. Закрыты пабудаваны летась, з праектнай магутнасцю 70 тон таварнай фарэлі за год. Выхад на праектную магутнасць, вырошчванне 100 тон рыбы за год, запланаваны на 2016 год.

    Алег Чыкіда прывёў такую цікавую статыстыку: калі на Магілёўшчыне ў 2014 годзе было вырашчана толькі 65 тон таварнай фарэлі, то сёлета – 204 тоны. У наступным годзе гэты паказчык павялічыцца ў тры разы, а ў 2017 годзе агульны “ўраджай” таварнай рыбы каштоўных парод перавысіць700 тон.

    Прэм’ер міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, пазнаёміўшыся з дзейнасцю рыбаводных гаспадарак Магілёўшчыны, паставіў задачу: неабходна актыўней і напорыста працаваць над зніжэннем сабекошту таварнай рыбы, каб атрымліваць прыбытак. Па словах кіраўніка ўрада, пры сярэдняй рэнтабельнасці3-4 працэнты рэалізаванай Магілёўскімі гаспадаркамі фарэлі немагчыма кампенсаваць вытворчыя затраты, а рост цэн зробіць гэту прадукцыю неканкурэнтаздольнай на ўнутраным рынку.

    – Таму галоўная задача ў дадзенай сітуацыі, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч, – праца па зніжэнні сабекошту праз аптымізацыю затрат, шляхам павелічэння аб’ёмаў вытворчасці таварнай фарэлі і выхаду фарэлевых гаспадарак на іх праектныя магутнасці. Нам трэба неадкладна вырашыць праблему па вытворчасці камбікорму для адкорму каштоўных парод рыбы на адным з перапрацоўчых прадпрыемстваў краіны, паколькі ў сабекошце прадукцыі камбікорм займае каля 50 працэнтаў.

    У адпаведнасці з праграмай рабочага візіту ў Магілёўскую вобласць Андрэй Кабякоў наведаў рыбаводны індустрыйны комплекс БДСГА. Тут былі разгледжаны перспектывы далейшага развіцця комплексу і  рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па стварэнні рыбагадавальніка па вырошчванні рыбапасадачнага матэрыялу ласосевых відаў рыбы. Пакуль што ікра для вырошчвання малькоў закупляецца ў Еўропе. Але пабудова матачніка ў Горках дазволіць цалкам адысці ад імпарту. Напрыканцы рабочай паездкі прэм’ер-міністр правёў нараду, на якой былі прааналізаваны сучасны стан і перспектывы развіцця рыбагадоўлі ў Беларусі, а таксама прамысловай перапрацоўкі каштоўных парод рыбы.

    Андрэй ЦАРЫКАЎ, дырэктар ААТ “ПМК № 83 Вадбуд”:

    – Мы завяршаем першы год працы пасля ўводу ў эксплуатацыю ўсяго комплексу фарэлевай гаспадаркі. Налета плануем выйсці на запраектаваную магутнасць па вытворчасці таварнай фарэлі, атрымаўшы за год 100 тон яе. Сёлета рэалізавалі ўжо 11 тон, яшчэ вырасцім тон 30 таварнай рыбы. Рэнтабельнасць трымаецца на ўзроўні 7-8 працэнтаў.

    Канечне, затраты па вырошчванні фарэлі трэба аптымізаваць. Для адкорму рыбы мы выкарыстоўваем імпартны камбікорм, цана набыцця якога складае палову затрат сабекошту таварнай рыбы. Калі будзе камбікорм айчыннай вытворчасці, несумненна, гэта адразу ж паўплывае і на продажную цану фарэлі. Плануем эканоміць і па электрычнай частцы, ёсць прыборы, якія пры аднолькавай эфектыўнасці спажываюць мінімальную колькасць электраэнергіі.

    Актыўна асвойваем унутраныя рынкі продажу таварнай фарэлі. Мы гандлюем ёй у Мінску, Магілёве, Крычаве і іншых гарадах Беларусі. За дзень прадаём па 500-600 кілаграмаў.

    Міхась КАРПЕЧАНКА.

    Автор: Міхась КАРПЕЧАНКА.Зара над Друццю

Комментарии (0)