08 Мая, 2024 Среда

Каняферма «Палачаны» перажывае другое нараджэнне

  • 08 декабря 2015 Экономика Беларуская 0

    ААТ «Палачаны» адзіная гаспадарка ў Маладзечанскім раёне, дзе займаюцца племянной конегадоўляй. У апошнія гады гэтаму кірунку работы тут не надавалася належная ўвага, і толькі з прыходам новага кіраўніка Сяргея Караля сітуацыя стала мяняцца да лепшага.

    Між тым, у 80-я гады мінулага стагоддзя, калі гаспадаркай кіраваў Аляксандр Мучынскі, менавіта яна была першай у вобласці, дзе пачалі займацца развядзеннем коней. Сёння Аляксандр Уладзіміравіч выкладае ў Беларускім дзяржаўным агратэхнічным універсітэце, але не траціць сувязі з Палачанамі. Ён задаволены, што племянная конегадоўля перажывае практычна другое нараджэнне.

    Першыя ў вобласці

    Аляксандр Мучынскі ўзначаліў калгас «50 год Кастрычніка» (цяпер ААТ «Палачаны») у 1981 годзе. Маладому кіраўніку тады быў 31 год, а такому ўзросту ўласці-

    выя здаровыя амбіцыі і наватарства. Ды і настаўнікам у яго быў сам Уладзімір Калачык. Аляксандр Уладзіміравіч хацеў, каб гаспадарка вылучалася сярод іншых. Аднойчы пасля знаёмства з апантаным коннікам Аляксандрам Марозам у яго з’явілася ідэя заняцца племянной конегадоўляй. Дарэчы, потым А. Мароз стаў старшынёй рэспубліканскай асацыяцыі конегадоўлі, плённа супрацоўнічаў з палачанцамі. Ідэю падтрымала тагачасны другі сакратар райкама КПБ Лілія Лоская. На шчасце, тады ж у рэспубліцы пачала развівацца племянная конегадоўля.

    — У гаспадарцы была старэнькая канюшня з рабочымі коньмі, — успамінае Аляксандр Уладзіміравіч. — Мы яе рэканструявалі, зрабілі стойла і закупілі першых дзесяцера коней. Спартыўныя (асабліва калі яны прымаюць удзел у спаборніцтвах) каштуюць дорага. Але калі яны з-за траўм перастаюць выступаць, то цана на іх падае. Такіх коней мы і куплялі. З іх пачала развіццё не толькі племянная, але і спартыўная конегадоўля.

    У 1985 годзе ўзнікла неабходнасць у новай каняферме. Наступным этапам стала ўзвядзенне манежа. Павялічвалася і пагалоўе коней. У 90-я гады мінулага стагоддзя яно налічвала 120 галоў.

    Дома і зямля дапамагае...

    У гаспадарцы добра разумелі, што трэба рухацца далей. І наступным этапам павінен быў стаць продаж коней. Дзеля гэтага і пачыналі справу. Але каб каня купілі, яго спачатку трэба паказаць. Своеасаблівай рэкламай сталі спаборніцтвы, якія пачалі праводзіць у рамках рэспубліканскай асацыяцыі. На іх збіраліся коннікі з Расіі, Італіі, Польшчы, Германіі. Спонсарамі выступалі практычна ўсе прадпрыемствы горада. Гэта было сапраўднае свята, на якое прыязджалі не толькі кіраўнікі раёна, але і вобласці, нават рэспублікі.

    Першыя спаборніцтвы праводзіліся на тарфяніках, канкурнага поля тады яшчэ не было. Трэба сказаць, што палачанскія коні дома заўсёды перамагалі. Аляксандр Уладзіміравіч гаворыць, што тут быў свой сакрэт. Калі конь бяжыць па тарфяніку, то зямля пачынае дрыжэць. Мясцовыя да гэтага былі звыклыя, а вось «іншагародніх» гук палохаў. Палачанцы таксама прывозілі прызы з выязных спаборніцтваў. Рэклама рабіла сваю справу, з часам з’явіліся пакупнікі. Цэны былі розныя, але нават у гады нестабільнасці ніжэй за пяць тысяч долараў жарабят не прадавалі.

    Паступова тэрыторыя, дзе знаходзіцца племянная каняферма, стала набываць той выгляд, які яна мае цяпер. На месцы былога кар’ера з’явіліся канкурнае і перадканкурнае палі, пабудавалі гасцінічна-адміністрацыйны корпус. Спачатку гэта быў двухпавярховы будынак, а пасля паездкі ў Прыбалтыку Аляксандр Уладзіміравіч вырашыў, што трэба надбудаваць трэці паверх. Цяпер тут размяшчаецца канферэнц-зала. Старшыня часта бываў у камандзіроўках, шмат што бачыў. Усё самае лепшае стараўся прымяніць у сябе.

    Аляксандр Мучынскі гаворыць, што задуму ўдалося ўвасобіць у рэальнасць дзякуючы падтрымцы вяскоўцаў. Усе работы выконваліся гаспадарчым спосабам, людзі прыходзілі сюды пасля працоўнага дня, у выхадныя. Цяпер на базе гаспадаркі працуе і раённая коннаспартыўная школа, якая арандуе ў ААТ «Палачаны» частку канюшні.

    Дзень сённяшні

    Першае, з чым давялося сутыкнуцца новаму кіраўніку, гэта песімістычны настрой саміх работнікаў племянной каняфермы. Яны чамусьці вырашылі, што яна ўжо ім не належыць, і апусцілі рукі. Аднак неўзабаве ўсё стала на свае месцы, і сёння работа ў гаспадарцы кіпіць. Грошы ўкладзеныя невялікія (усяго 80 мільёнаў рублёў), але пачынаючы з чэрвеня тут зроблена нямала. Складзены план работ і на наступны год. Старажылы ўспомнілі былыя часы, падцягваецца моладзь. Сёння ў гаспадарку вяртаюцца тыя, хто не ўяўляе свайго жыцця без коней, але па нейкіх прычынах быў вымушаны сысці.

    Сяргей Кароль гаворыць, што былі два шляхі вырашэння праблемы: самім займацца племянной і часткова спартыўнай работай альбо значную яе долю аддаць спартыўнай школе. Спыніліся на першым варыянце. Вырашылі, што ў развіцці племканяфермы галоўнае — гэта атрыманне і рэалізацыя маладняку. Распрацавалі цэнавую палітыку. Але ад супрацоўніцтва са спартыўнай школай не адмовіліся.

    Каб ісці ў нагу з часам, на племканяферме арганізавана катанне на конях, распрацаваны два маршруты, у планах яшчэ два. Сюды прыязджаюць не толькі маладзечанцы, але і жыхары раёна.

    Хэмптан і Арлеан

    Без перабольшання, ААТ «Палачаны» пашанцавала з загадчыкам племканяфермы Уладзімірам Пятровым. Гэта не толькі сапраўдны прафесіянал, але і энтузіяст сваёй справы. Калісьці ён быў выдатным спартсменам-коннікам. Яго дачка і двое сыноў таксама займаліся конным спортам. Дарэчы, малодшы Сяргей і цяпер адзін з лепшых спартсменаў у Расіі. Дзякуючы Уладзіміру Мікалаевічу нядаўна ў гаспадарку былі завезены жарабцы галшцінскай і гановерскай парод: Хэмптан — з Германіі, Арлеан — з Расіі. Коні паспяхова выступалі на спаборніцтвах розных узроўняў. Цяпер з-за траўмаў гаспадары выкарыстоўваюць іх для выездкі. У Палачанах спадзяюцца на выдатнае патомства ад іх. Пакуль да коней прыглядаюцца, яны адаптуюцца да новых умоў. Уладзімір Мікалаевіч з веданнем справы гаворыць, што здзелка прынясе гаспадарцы немалыя дывідэнды.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Алена ЛАШУКМаладзечанская газета

Комментарии (0)