26 Апреля, 2024 Пятница

Астравецкі малочны першынец

  • 17 декабря 2015 Экономика Беларуская 0

    На календары – зіма, а на вуліцы стала прапісалася восеньскае надвор’е, пагэтаму рагулі і цяляты не адчуваюць асаблівага дыскамфорту, прынамсі на МТК “Кярняны” з СВК “Варняны”.

    Малочна-таварная ферма “Кярняны” – першынец раённай жывёлагадоўлі: у 2006 годзе яна набыла не толькі сучасную кам’ютарызаваную даільную залу, але і назву – стала першым комплексам у раёне.

    Аднак у адрозненні ад іншых тыпавых комплексаў, збудаваных на Астравеччыне, кярнянскі не ўзводзіўся з нуля – пад яго былі прыстасаваны жывёлагадоўчыя будынкі, якія ўжо існавалі.

    ферма керняны1

    Нягледзячы на тое што дойны статак на МТК “Кярняны” не такі ўжо і вялікі – а гэта 380 рагуль, па надоях малака кярнянцы з году ў год займаюць то першую, то другую пазіцыю ў гаспадарцы.

    Дзевяць гадоў назад, калі малочна-таварная ферма “Кярняны” стала комплексам, сюды прыйшла працаваць у якасці начальніка Марыя Уладзіславаўна Тумінская. Жанчына ўзначальвае комплекс і па гэты час.

    Святлана Іванаўна Радута, цялятніца
    Святлана Іванаўна Радута, цялятніца

    – Вядома, напачатку складана было, – успамінае Марыя Уладзіславаўна. – Пакуль самі прывыклі, пакуль жывёлу прывучылі – але ўсё ў нас атрымалася. У 2013 годзе на комплексе змянілі даільнае абсталяванне. Месца тэхнічна састарэлага нямецкага “Імпульса” заняла айчынная, гомельская даільная ўстаноўка. За два гады яна сябе добра зарэкамендавала – дзякаваць богу, ніякіх паломак не было.

    Надзея Віктараўна Юкша, цялятніца
    Надзея Віктараўна Юкша, цялятніца

    А ўпраўляюцца з абсталяваннем і 380 малочнымі рагулямі чатыры аператары машыннага даення: Ірэна Зянонаўна Юркойць, Аліна Мар’янаўна Вішнеўская, Галіна Аляксандраўна Цыдзік, Вольга Генрыхаўна Шостак. У адрозненні ад ферм, дзе кожная даярка мае свае групы, кярнянская чацвёрка працуе на агульны, а не асабісты залік.

    Па словах даяркі Ірэны Зянонаўны Юркойць, працаваць ім не так ужо і цяжка – за дзесяць гадоў прывыклі.

    Марыя Уладзіславаўна Тумінская,  начальнік МТК “Кярняны”
    Марыя Уладзіславаўна Тумінская, начальнік МТК “Кярняны”

    На МТК “Кярняны” практыкуецца трохразовая дойка. Першы раз каровы аддаюць малако з 6 да 11 гадзін раніцы, другі – з 12.30 да 15.30 гадзін, а трэці – з 18.00 да 23.00 гадзін.

    Па малакапровадзе ў дзесяцітонны халадзільнік за адну дойку трапляе да 2,5 тон малака, якое пасля пастаўляецца на Ашмянскі сырзавод. Па словах начальніка комплексу Марыі Уладзіславаўны Тумінскай, у асноўным малако рэалізуецца вышэйшым сортам: за 11 месяцаў бягучага года на перапрацоўчае прадпрыемства трапіла 1 293 тоны кярнянскага малака гэтага гатунку, а першым сортам здадзена 747 тон малака.

    Аліна Мар’янаўна Вішнеўская, даярка
    Аліна Мар’янаўна Вішнеўская, даярка

    З восені гэтага года ўзмацніліся па шэрагу паказчыкаў патрабаванні да малака, пагэтаму ў лабараторыі, якая знаходзіцца на комплексе, Марыя Уладзіславаўна, дзякуючы сучаснаму абсталяванню “Beta star combo”, за некалькі хвілін можа праверыць малако на ўтрыманне антыбіётыкаў. Калі спецыяльны тэст-індыкатар паказвае тры палоскі – значыць, усё ў парадку, а вось адна ці дзве палачкі сведчаць пра тое, што малако не “чыстае”, а з добрай порцыяй лекаў.

    Пра паспяховасць дзейнасці малочна-таварных ферм і комплексаў прынята гаварыць мовай лічбаў. Так, па стане на 1 снежня валавая вытворчасць малака на МТК “Кярняны” склала 2 306 тон – а гэта другі паказчык па СВК “Варняны”. Абышлі кярнянцаў на 624 тоны працаўнікі МТК “Беразоўка” – але і дойны статак там большы ўдвая. А вось па надоях малака з адной фуражнай каровы кярнянцы трымаюць пальму першынства ў гаспадарцы: адна ўмоўная рагуля тут дае 6 069 кілаграмаў, што на 873 кілаграмы больш, чым у 2014 годзе.

    Ірэна Зянонаўна Юркойць, даярка
    Ірэна Зянонаўна Юркойць, даярка

    Марыя Уладзіславаўна лічыць, што надоі ў першую чаргу залежаць ад кармоў.

    – Да зімоўкі наш комплекс падрыхтаваны добра: ёсць патрэбная колькасць сенажу, сена, сіласа, – гаворыць начальнік МТК “Кярняны” Марыя Уладзіславаўна Тумінская, – Дакладна магу сказаць, што праблем з кармамі ўзнікнуць не павінна.

    На МТК “Кярняны”, як і на іншых комплексах, рагулі атрымліваюць вызначаную сярэднегрупавую порцыю кармоў.

    Віктар Іосіфавіч Кімса, слесар-вадзіцель
    Віктар Іосіфавіч Кімса, слесар-вадзіцель

    Усё пагалоўе комплексу разбіта на некалькі груп: акрамя пяці малочных, ёсць дзве групы сухастою, радзільнае аддзяленне і група “рэабілітацыі”, у якую аб’яднаны каровы пасля родаў або пасля перанесенай хваробы. Групы дойных кароў фарміруюцца па надоях: у першую аб’яднаны самыя высокапрадукцыйныя рагулі, якія на піку лактацыі даюць па 40 і больш літраў малака ў дзень. Яны атрымліваюць дадатковую колькасць канцэнтраваных кармоў.

    Генадзь Іванавіч Юркойць, жывёлавод
    Генадзь Іванавіч Юркойць, жывёлавод

    А вось за кармленне цялят і догляд за імі адказваюць дзве цялятніцы. З самымі маленькімі ў прафілакторыі ўпраўляецца Надзея Віктараўна Юкша, а з падгадаванымі – Святлана Іванаўна Радута, якая ўручную выпойвае 85 цялят. Спецыяльны пастэрызатар давозіць малако да патрэбнай тэмпературы. Пасля выпайкі цэльным малаком у рацыён цялят яшчэ ўводзіцца яго замяшчальнік. За апошні месяц гадаванцы цялятніц прыбавілі ў вазе на 800 грамаў.

    Увогуле, на МТК “Кярняны” працуюць сямейнымі падрадамі. Бацькі тых жа Юркойцяў ці Радут некалі таксама працавалі на гэтай ферме.

    Уладзімір Іосіфавіч Радута, жывёлавод
    Уладзімір Іосіфавіч Радута, жывёлавод

    ферма керняны10

    Раённая вытворчасць малака ў лічбах

    Паводле даных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, на 1 снежня 2015 года колькасць буйной рагатай жывёлы склала 3 2642 = галавы, што на 5 працэнтаў больш, чым у мінулым годзе. У раённым дойным статку налічваецца больш за 10 тысяч кароў.

    За адзінаццаць месяцаў бягучага года валавы надой малака ў гаспадарках раёна дасягнуў 53 361 тоны малака, а гэта на 6 141 тону больш, чым было атрымала за аналагічны перыяд 2014 года. Сярэдні надой малака ад каровы складае 5 337 кілаграмаў. Да прыкладу, у 2014 годзе з адной рагулі надойвалі 4 934 кілаграмы. Самыя высокія надо і ў раёне атрымалі жывёлаводы СВК “Гудагай”: адна фуражная карова дае тут 6 273 кілаграмы – а гэта на 727 кілаграмаў больш, чым у мінулым годзе. Па стане на 1 снежня, у параўнанні з 2014 годам сёлета надоі зменшыліся толькі ў СВК “Міхалішкі” і саўгасе “Падольскі ”.

    За адзінаццаць месяцаў на перапрацоўчыя прадпрыемствы пастаўлена 47 295 тон малака, што на 15 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Таварнасць малака склала 88,6 працэнта. Найбольшую таварнасць – 90,1 працэнта – мела гудагайскае малако. З разліку на адну карову ў сярэднім па раёне рэалізавана 4 730 кілаграмаў малака. Яго сярэдняя тлустасць склала 3,76 працэнта.

    -------------------------------------------

    Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.

    Автор: Алена ГанулічАстравецкая праўда

Комментарии (0)