26 Апреля, 2024 Пятница

Маладзечанскі завод металаканструкцый: асцярожны аптымізм

  • 28 декабря 2015 Экономика Беларуская 0

    У першай палове года навіны з ААТ «Маладзечанскі завод металаканструкцый» выклікалі трывогу. Прадпрыемства перажывала крызіс, што адбілася на заработнай плаце і занятасці работнікаў. Каб разабрацца ў сітуацыі, на завод прыязджаў старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра. Былі намечаны шляхі выйсця з цяжкага становішча. Што стала прычынай падзення вытворчасці і які стан прадпрыемства цяпер?

    — Самым неспрыяльным для завода стаў першы квартал, — прызнаўся генеральны дырэктар МЗМК Алег Меснік. – У гэты перыяд не было буйных заказаў на выраб будаўнічых канструкцый у Беларусі. Да таго ж, з-за падзення курсу расійскага рубля спыніўся экспарт прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю. Пастаўка будаўнічых канструкцый у Расію стала нерэнтабельнай. У выніку даўгі таварыства павялічваліся, вытворчасць амаль спынілася, што паўплывала на зарплату работнікаў.   

    У стане стагнацыі завод знаходзіўся ўсё першае паўгоддзе. Аднак нягледзячы на цяжкасці, былому кіраўніцтву ўдалося захаваць касцяк калектыву. А дзякуючы праведзенай 1,5 года таму мадэрнізацыі  прадпрыемства сабекошт прадукцыі МЗМК цяпер адзін з самых нізкіх у СНД сярод вытворчасцей такога профілю. Трэба дадаць, што тэхналагічнае абсталяванне на заводзе дазваляе вырабляць нават нестандартныя будаўнічыя канструкцыі. Усё гэта і паспрыяла таму, што прадпрыемству ўдалося ўтрымацца на плаву.

    Паступова на завод сталі паступаць заказы. Банкі аднавілі крэдытаванне. З верасня калектыў працуе стабільна. Некаторыя работнікі, якія звольніліся раней, вяртаюцца на вытворчасць.

    Па словах генеральнага дырэктара, партфель заказаў на студзень ужо сфарміраваны. У цэхах вядзецца зборка канструкцый для завода па выпуску легкавых аўтамабіляў «Джылі», што ўзводзіцца ў Барысаўскім раёне. Маладзечанцы павінны паставіць на будаўнічую пляцоўку каля 1500 тон металаканструкцый.

    Для патрэб Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната ў Туркменістане вырабляюцца так званыя капёры — агрэгаты для падняцця руды з шахты на паверхню. Адзін капёр змя-

    шчае столькі ж пароды, колькі перавозіць чыгуначны вагон. Дарэчы, узвядзенне камбіната па здабычы калійных соляў з’яўляецца самым буйным замежным праектам за гады незалежнасці Беларусі, у якім за-

    дзейнічаны айчынныя прадпрыемствы.

    МЗМК таксама выпускае тэхналагічнае абсталяванне для Беларускай АЭС. Патрабаванні па якасці для яго самыя высокія. Выконваюцца і розныя дробныя заказы.

    Сярод перспектыўных праектаў, якія разглядаюцца цяпер, – пастаўка будаўнічых матэрыялаў для Мінскага авіярамонтнага завода (Мінтранс і ўрад Беларусі дамовіліся аб пераносе дзеючага завода, размешчанага недалёка ад цэнтра сталіцы, на новую пляцоўку ў раёне Нацыянальнага аэрапорта Мінск). Пры гэтым шырыня ангара, які плануецца ўзвесці, складае каля 100 метраў, даўжыня і вышыня – 200 і 26 метраў адпаведна.

    Прадукцыя завода таксама можа быць запатрабаваная на будаўніцтве Нежынскага горна-абагачальнага комплексу ў Любанскім раёне, стадыёна ў Калінінградзе, здача ў эксплуатацыю якога запланавана да чэмпіянату свету па футболе 2018 года. Вядзецца пошук іншых заказаў. Кіраўніцтва прадпрыемства будзе выкарыстоўваць усе магчымасці для захавання і развіцця вытворчасці.

    Даведка. Алег Меснік быў прызначаны на пасаду генеральнага дырэктара МЗМК у пачатку кастрычніка па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Да гэтага ён працаваў на мінскім прадпрыемстве «Будмаш», якое спецыялізуецца на выпуску сродкаў механізацыі для будаўнічай галіны.    

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Алег БЯГАНСКІ.Маладзечанская газета

Комментарии (0)