24 Апреля, 2024 Среда

Раздельный сбор и сортировка мусора в Пружанах: культура прививается медленно

  • 06 января 2016 Экономика Беларуская 0

    Здаецца, праблема збору і ўтылізацыі бытавых адходаў, якая з рэгулярнай перыядычнасцю ўздымаецца на старонках газет, абмяркоўваецца з экранаў тэлевізараў, даносіцца з дынамікаў радыёпрыёмнікаў, ужо набіла аскоміну. Тым не менш актуальнасці тэма не губляе: павольна мы ідзём да навядзення парадку ў адходах. Наколькі ўпэўненыя гэта крокі, пакажа час.

    Апошнія гады ў беларусаў стараюцца прывіць культуру ў выкідванні смецця, бо камунальныя адходы могуць прыносіць даход. Асноўны клопат па «атрыманні» грошай са смецця ўскладзены на камунальную службу.

    Паводле слоў намесніка дырэктара КУВП «Камунальнік» В.І.Казлова, на сённяшні дзень колькасць кантэйнераў для раздзельнага збору смецця, устаноўленых у раёне, складае больш 450 штук. І ёсць верагоднасць, што ў наступным годзе гэтая лічба павялічыцца: для патрэб насельніцтва мяркуецца закупіць і ўстанавіць яшчэ 200 еўракантэйнераў, якія выгадна адрозніваюцца ўмяшчальнасцю, наяўнасцю калёсікаў і рассоўнымі накрыўкамі.

    Пераканана, што большасць з тых, хто хоць раз назіраў, як смеццявоз збірае змесціва каляровых кантэйнераў, задаваўся пытаннем: «Які толк з тых кантэйнераў для раздельнага збору смецця, калі высыпаецца ўсё разам у адну машыну?». Віталь Ігаравіч тлумачыць:

    — Бясспрэчна, правільна забіраць змесціва скрынак кожнае паасобку. Але такая практыка ў Беларусі пакуль не знаходзіць паўсюднага прымянення: эканамічна немэтазгодна «ганяць» тры разы смеццявоз для ачышчэння кантэйнераў. Выключэнне складае толькі шкло, за якім вяртаюцца на кантэйнерныя пляцоўкі асобна. Астатняе выгадней згрузіць усё разам і затым перабраць.

    І, дарэчы, зручней: беларусы ўсё яшчэ не прывыклі, што бытавыя адходы варта сартаваць, перш чым адправіць у кантэйнер для смецця.

    Увогуле, як гэта ні крыўдна, але пакуль нам да еўрапейскага ўзору далёка: масавая доля другасных матэрыяльных рэсурсаў, з агульнага аб’ёму цвёрдых камунальных адходаў на Брэстчыне складае каля 15%, на Пружаншчыне і таго менш — не больш 12%. Але майстар участка саначысткі КУВП «Камунальнік» В.А.Стасевіч спадзяецца, што сёлета гэтую лічбу ўдасца павялічыць. Напрыканцы мінулага года надзею на гэта дало ўвядзенне ў эксплуатацыю лініі сартавання другаснай сыравіны на палігоне цвёрдых камунальных адходаў у пасёлку Інтэрнацыянальны.

    У свой час усё пачыналася ў Сланімцах з лініі дасартавання другасных матэрыяльных рэсурсаў, што паступаюць ад раздельнага збору смецця, якая была зроблена энтузіястамі прадпрыемства з адпрацаваўшых свой тэрмін вузлоў і агрэгатаў. Аднак такая ўстаноўка ўжо не спраўлялася з аб’ёмам адходаў, які штогод рос. Будаўніцтва новай лініі аказалася вельмі дарэчы для прадпрыемства.

    — Лінія была куплена за кошт сродкаў, паступіўшых на рахунак ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» ад вытворцаў і імпарцёраў тавараў і тары, — расказвае Валянціна Аляксандраўна. — Пастаўку і мантаж абсталявання ажыццяўляла структурнае падраздзяленне Нацыянальнай акадэміі навук РУП «СКТБ «Металлополимер». Кошт абсталявання — 1,1 мільярда рублёў. Падрыхтоўку пляцоўкі пад новую лінію, электрамантажныя работы пружанскія камунальшчыкі выканалі самі.

    Як цяпер выглядае працэс сартавання смецця? Рабочыя па добраўпарадкаванні населеных пунктаў Б.І.Старынскі і П.У.Русіновіч (на здымку) яго дэманструюць.

    — Раней смеццявоз высыпаў адходы на зямлю, пасля чаго яны сартаваліся, — гавораць мужчыны. — Цяпер працэс больш аўтаматызаваны: смецце высыпаецца ў бункер, адкуль па нахільным транспарцёры падаецца на сартавальны стол. Там ужо адбіраецца, што пойдзе пад прэс для транспарціроўкі на перапрацоўку, а што будзе пахавана на палігоне.

    Да слова, прапускная здольнасць новай лініі складае 5000 тон за год. Яна дазваляе не толькі нарасціць аб’ёмы другасных матэрыяльных рэсурсаў, але і істотна палепшыць умовы працы работнікаў. Сартавальны павільён абсталявана выцяжкай, тэнамі — тут работнікам цёпла і светла. А хуткасць падачы смецця на стол можна рэгуляваць. Лінія сартавання разлічана на восем работнікаў.

    — Пра эканамічную выгаду гаварыць пакуль рана, — падагульняе размову Валянціна Стасевіч. — На сённяшні дзень галоўнай мэтай з’яўляецца экалагічная складаемая. Людзі павінны самыя прыйсці да яе разумення, вось тады і магчыма наблізімся да эканомікі.

    А пакуль нашыя адходы сартаваць за нас будуць іншыя людзі, ніякіх грошай са смецця мы не атрымаем. Скажаце: «Выкідваць адходы ўсе разам — гэта звычка». Дык, магчыма, пара мяняць звычкі?

    Раённыя будні

    Автор: Марына ВакульскаяРаённыя будні

Комментарии (0)