06 Мая, 2024 Понедельник

Прадпрымальнікі Маладзечна вырашаюць, як будуць працаваць у сувязі са ўступленнем у сілу ўказа №222

  • 26 января 2016 Экономика Беларуская 0

    Людзі не рызыкуюць займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, бо баяцца вялікіх штрафаў. 1 студзеня ўступіў у сілу ўказ нумар 222, згодна з якім рэалізацыя вырабаў лёгкай прамысловасці магчымая толькі па дакументах і сертыфікатах. Гэта адзначыла старшыня савета рынку Тамара Багачова.

    Указ быў выдадзены яшчэ ў 2014-м, аднак на яго некалькі разоў накладваўся мараторый. Апошні раз гэта было ў сакавіку летась.

    Гандлёвыя рады на рынках і ў гандлёвых цэнтрах Маладзечна сёлета выглядаюць нязвыкла. Многія павільёны, дзе раней гандлявалі прадукцыяй лёгкай прамысловасці, зачыненыя. Індывідуальныя прадпрымальнікі прапусцілі «гарачы» сезон, калі жыхары горада і раёна набывалі падарункі да Каляд.

    Чытайце: Жыхары Маладзечна адказалі, як ставяцца да закрыцця гандлёвых пунктаў у горадзе.

    Не больш за 10 працэнтаў

    Некаторыя індывідуальныя прадпрымальнікі на працягу апошніх месяцаў завезлі ў Беларусь тавары, заплацілі падатак на прыбавачную вартасць, атрымалі адпаведныя дакументы. Яны цяпер працуюць. Але іх у Маладзечне не больш за 10 працэнтаў. Усе астатнія прадаўцы (у асноўным тыя, хто мае справу з дробнымі партыямі тавараў і арыентуецца на шырокі асартымент), прыпынілі сваю дзейнасць. Людзі разумеюць, што вышэйзгаданы ўказ адменены не будзе. А вось змякчыць дзеянне ўказа нумар 48 «Аб мерах па забеспячэнні дзяржаўнага кантролю (нагляду) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў» яшчэ магчыма. Да таго ж, прадпрымальнікі выказваюць прапанову, каб на іх дзейнасць распаўсюджваўся прынцып прэзумпцыі невінаватасці.

    Тамара Багачова падкрэсліла, што індывідуальныя прадпрымальнікі гатовы працаваць у рамках айчыннага заканадаўства. Але ад памылак не застрахаваны ніхто. Штрафныя санкцыі павінны стымуляваць гандляроў дзейнічаць добрасумленна, а не пазбаўляць іх працоўных месцаў.

    — Многія раяць дробнаму бізнесу рэалізоўваць прадукцыю айчынных прадпрыемстваў, бо яна сертыфікаваная, — адзначыла субяседніца. – Аднак беларуская лёгкая прамысловасць не можа насыціць рынак дастатковай колькасцю тавараў. Да таго ж, ёсць пытанні па іх асартыменце і якасці. Звяртацца ў акрэдытаваныя лабараторыі па адпаведныя дакументы маюць права і самі прадпрымальнікі. Аднак гэта займае шмат часу, а кошт паслугі павышае цану тавараў для пакупнікоў.

    У больш жорсткіх умовах

    — У параўнанні са сталічнымі прадпрымальнікамі ў правінцыі яны пастаўлены ў больш жорсткія ўмовы, — адзначыла старшыня савета рынку. — У нас менш абаротных сродкаў, ніжэйшы ўзровень жыцця спажыўцоў. Ды і знайсці працу ў выпадку спынення прадпрымальніцкай дзейнасці больш складана. Жыхары горада і раёна прайграюць, калі ІП пачнуць масава зачыняцца. Рынак звузіцца, у людзей будзе меншы выбар, ды і бюджэт не атрымае значную суму паступленняў.

    Па меркаванні Тамары Багачовай, аптымальным рашэннем у гэтай сітуацыі было б зніжэнне памераў штрафаў, прытрымліванне прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці ў дачыненні да дзейнасці ІП і перайманне вопыту Расіі і Казахстана, дзе эканамічнае заканадаўства больш ліберальнае. У любым выпадку бізнес-супольнасці і дзяржаўным органам трэба дамаўляцца, выпрацоўваць агульныя рашэнні.

    Праверкі адкладваюцца

    Па каментарый мы звярнуліся да намесніка начальніка інспекцыі Дзяржнагляду па вобласці  – начальніку аддзела Дзяржнагляду горада Маладзечна Т. Пятровай.

    Таісія Мікалаеўна паведаміла, што Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі ў першым паўгоддзі не плануе праводзіць праверкі дзяржаўнага нагляду адпаведнасці прадукцыі лёгкай прамысловасці патрабаванням адпаведнага Тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза ў індывідуальных прадпрымальнікаў. Аб гэтым на нарадзе членаў грамадскага кансультацыйнага савета па актуальных пытаннях работы ІП, якія ажыццяўляюць гандаль таварамі лёгкай прамысловасці, заявіў намеснік старшыні Дзяржстандарта Сяргей Іўлеў. Таксама на гэтай нарадзе было сказана, што палажэнне аб зніжэнні штрафных санкцый у дачыненні да ІП падрыхтавана.

    Дыялог ня мясцовым узроўні

    У мінулы чацвер ля гандлёва-адміністрацыйнага цэнтра «Модуль» з прадпрымальнікамі сустрэліся намеснік старшыні райвыканкама Генадзій Актанаровіч і прадстаўнікі некаторых зацікаўленых дзяржаўных органаў і арганізацый. У час размовы індывідуальныя прадпрымальнікі выказалі свае меркаванні па сітуацыі, якая склалася пасля ўступлення ў сілу ўказа нумар 222, і папрасілі данесці іх думкі да больш высокіх інстанцый. Сустрэча праводзілася па ініцыятыве савета рынку. Бакі дамовіліся прадоўжыць дыялог.

    «МГ»

    Автор: Алег БЯГАНСКІ.Маладзечанская газета

Комментарии (0)