28 Марта, 2024 Четверг

Патэнцыял ёсць, і яго трэба задзейнічаць

  • 02 февраля 2016 Экономика Беларуская 0

    Гэта неаднаразова падкрэсліваў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, упаўнаважаны прадстаўнік Кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці Міхаіл Мясніковіч падчас наведвання ў мінулую пятніцу Ляхавіцкага раёна.

    Напрыканцы мінулага тыдня ў Ляхавіцкім раёне з рабочай паездкай пабываў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, упаўнаважаны прадстаўнік Кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці Міхаіл Мясніковіч. Ён прыняў удзел у пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, а пасля наведаў СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” і ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”. У пасяджэнні райвыканкама таксама ўдзельнічалі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў і дэпутат  аблсавета па Ляхавіцкай выбарчай акрузе Уладзімір Махнач. 

    На парадку дня разглядаліся два стратэгічныя пытанні: аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця і выкананні бюджэту Ляхавіцкага раёна за 2015 год і задачах па забеспячэнні выканання бюджэту ў 2016 годзе, а таксама аб рэалізацыі кадравай палітыкі на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна, выкананні рэгіянальнай праграмы “Кадры” на 2011-2015 гады. Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч падкрэсліў, што такое “суседства” не выпадковае: пытанні ўзаемазвязаны і ўзаемазалежныя. Адна з галоўных мэт дзяржаўнай палітыкі ў нашай краіне – павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва. На гэта, па вялікім рахунку, заклікана працаваць эканоміка краіны, вобласці, раёна. Паспяховая эканоміка – трывалы фундамент сацыяльнай сферы, падмурак сацыяльнай палітыкі дзяржавы, дабрабыт кожнай сям’і. У сваю чаргу, дабрабыт – агульны і асабісты – ствараецца на кожным працоўным месцы, залежыць ад сумленнай, зацікаўленай і эфектыўнай работы кадраў: кіраўнікоў, спецыялістаў, простых працаўнікоў. Старшыня райвыканкама нацэліў дакладчыкаў на прадметную размову па сутнасці: для таго, каб вызначыць шляхі далейшага развіцця, неабходна дасканала прааналізаваць пралікі, недапрацоўкі, агучыць іх прычыны.

    Намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба і начальнік райфінаддзела Ірына Маляр прааналізавалі вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіччыны і яго фінансавы складальнік. Агульную карціну па сваіх галінах і сферах дапоўнілі намеснікі старшыні райвыканкама Сяргей Баргамон і Дзіяна Трысцень. Сказаць, што “карціна” атрымалася бязвоблачнай, безумоўна, не выпадае. Пры шэрагу пазітыўных тэндэнцый (выкананні прагнозных паказчыкаў па тэмпах росту экспарту паслуг, стварэнні новых арганізацый і працоўных месцаў у сферы прадпрымальніцтва, прамых замежных інвестыцыях, уводзе жылля ў эксплуатацыю, нізкім узроўні запасаў гатовай прамысловай прадукцыі на складах, планамерным павелічэнні долі ўласных даходаў у бюджэце раёна за апошнія гады з 35 да 45 працэнтаў, выкананні асноўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва і г.д.) хапае і праблем. Менавіта на іх акцэнтаваў увагу Старшыня Савета Рэспублікі. Сярод ключавых параметраў, над выкананнем якіх раёну належыць сур’ёзна працаваць, – экспарт тавараў. Як адзначыла ў сваім дакладзе Таццяна Кацуба, аб’ём знешняга гандлю таварамі за 11 месяцаў мінулага года склаў 12,8 мільёна долараў і роўны, напрыклад, агульнаму аб’ёму экспарту трох раёнаў – Ганцавіцкага, Маларыцкага і Столінскага. Тым не менш, да прагнозных паказчыкаў гэта лічба значна недацягвае, складае ўсяго каля 83 працэнтаў да ўзроўню 2014 года.

    Яшчэ адно “балючае” пытанне для раёна – інвестыцыйнае. Летась арганізацыі Ляхавіччыны прыцягнулі 225 мільярдаў рублёў інвестыцый у асноўны капітал – менш за палову ад узроўню 2014 года. Значна ўпаў аб’ём будаўніча-мантажных работ, ды і на мэты мадэрнізацыі было накіравана ўсяго крыху больш за 38 мільярдаў рублёў – у разы менш ранейшага. “З разумнай мадэрнізацыяй спыняцца ні ў якім разе нельга. Гэту работу трэба працягваць для таго, каб выпускаць высока- канкурэнтную прадукцыю. А канкурэнтнасць сёння – гэта цана, якасць, сэрвіс. У гэтым плане мы, заканадаўцы, робім усё, каб падтрымаць пытанні інвестыцый. Інвестыцыі – гэта развіццё, новыя тэхналогіі, стварэнне новых вытворчасцяў, новыя працоўныя месцы, даходы бюджэту і зарплата для работнікаў,”– падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. Асобную ўвагу ён звярнуў на пытанне занятасці насельніцтва. Даць чалавеку магчымасць зарабляць на дастойнае жыццё ўласнай працай – адно з патрабаванняў Кіраўніка дзяржавы. І ад таго, як яно выконваецца, залежыць дабрабыт людзей і стабільнасць у грамадстве.

    Прагучала лічба: за мінулы год у раёне 11,7 працэнта ад спісачнай колькасці работнікаў працавала ў рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці, у тым ліку 385 чалавек былі вымушаны па ініцыятыве наймальніка пайсці ў водпуск без захавання або з частковым захаваннем заработнай платы, яшчэ 546 працавалі няпоўны працоўны тыдзень. Сярод апошніх – 312 работнікаў камунгаса. Тлумачэнні па гэтым пытанні Старшыня Савета Рэспублікі запатрабаваў ад дырэктара КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандра Мядзвецкага. Сярод асноўных задач, што стаяць перад раёнам, Міхаіл Мясніковіч прыгадаў работу з так званымі праблемнымі сельгасарганізацыямі, укараненне эфектыўнай і пралічанай да дробязяў стратэгіі корманарыхтовак, зніжэнне сабекошту прадукцыі і паслуг (і гэта ў роўнай ступені датычыць як сельгасвытворцаў, так і, напрыклад, камунальнікаў). Па меркаванні Міхаіла Уладзіміравіча, нямала рэсурсаў у атрыманні дадатковых даходаў у бюджэт раёна: за кошт аптымізацыі расходаў, стварэння новых працоўных месцаў, нетрадыцыйных крыніц. Разумна эканоміць ва ўмовах скарачэння бюджэтнага фінансавання – надзвычай важнае сёння ўменне.

    Увагі патрабуе і замацаванне ў раёне маладых кадраў. Па інфармацыі начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Ірыны Чуры, за апошнія 5 гадоў у раён прыбыло 335 маладых спецыялістаў. За 2011-2013 гады замацаванне склала 47 працэнтаў. Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў: у раёне ёсць рэальныя рэзервы, і іх трэба выкарыстоўваць. Ва ўнісон прагучала і меркаванне кіраўніка раёна: “Усё ў нашых руках. Спадзявацца трэба, у першую чаргу, на сябе – уласныя сілы, магчымасці, прафесіяналізм, веды, на свае калектывы”.

    Міхаіл Мясніковіч даў даручэнне дапрацаваць і канкрэтызаваць рашэнні па разгледжаных на пасяджэнні райвыканкама пытаннях з улікам агучаных заўваг і прапаноў. Яскравая ілюстрацыя таго, як павінна працаваць прадпрыемства нават у сённяшніх няпростых эканамічных умовах, – СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”. Яго дырэктар Вячаслаў Жукоўскі – кіраўнік з 27-гадовым стажам, па спецыяльнасці не эканаміст, але ў пытаннях эканомікі дасць фору любому дыпламаванаму. Таму і карыстаецца бясспрэчным аўтарытэтам сярод калег, падначаленых, у кіраўніцтва. Міхаіл Мясніковіч пабываў у цэхах прадпрыемства, пацікавіўся вынікамі фінансава-гаспадарчай дзейнасці, планамі па развіцці вытворчасці і ўмовамі работы тутэйшых працаўнікоў, высока ацаніў эканамічны эфект праведзенай на заводзе мадэрнізацыі.

    Толькі летась у абнаўленне вытворчасці тут было ўкладзена каля 7 мільярдаў рублёў уласных сродкаў. За 2015 год тэмп росту валавой вытворчасці цэльнамалочнай прадукцыі дасягнуў 161 працэнта. Якасная і натуральная прадукцыя прадпрыемства запатрабавана не толькі на ўнутраным рынку, Ляхавіцкі малочны – сярод найбольш буйных экспарцёраў раёна, летась экспарт прадукцыі склаў 5,6 мільёна долараў. Адносна невялікае прадпрыемства не губляецца на фоне брэндавых малочных гігантаў, з зайздросным пастаянствам перамагае ў шматлікіх конкурсах у галіне якасці. Прадэгуставаўшы прадукцыю Ляха-віцкага малочнага завода, Старшыня Савета Рэспублікі ахарактарызаваў яе коратка, але вельмі ёміста: “Смачна!”. Сярод найбольш паспяховых прамысловых прадпрыемстваў раёна сёння – і ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”.

    З верасня 2014 года, дзякуючы істотнай дзяржаўнай падтрымцы, тут уведзены ў строй новы цэх па перапрацоўцы льнотрасты з высокапрадукцыйным абсталяваннем, што дазволіла выйсці на кардынальна іншы ўзровень работы. За мінулы год на заводзе тэмп росту вытворчасці перасягнуў 168 працэнтаў: перапрацавана амаль 10 тысяч тон ільнотрасты, атрымана 2800 тон валакна, у тым ліку 900 тон доўгага. Павялічыўся экспарт: палова ад агульнага аб’ёму прадукцыі адпраўляецца за мяжу – у Кітай, Літву. Для таго, каб забяспечыць цэх сыравінай (а яна на 70 працэнтаў – уласная) пашыраюцца пасяўныя плошчы льну.

    У льнозавадчан і іх дырэктара Дзмітрыя Скакуна вялікія планы. У тым ліку і пра гэта ішла размова падчас наведвання прадпрыемства Міхаілам Мясніковічам. Дарэчы, пасля вытворчай інспекцыі Міхаіл Уладзіміравіч вылучыў у сваім напружаным графіку некалькі хвілін, каб паразмаўляць з журналістамі. Старшыня Савета Рэспублікі гаварыў пра тое, што сёння эканоміку краіны выпрабоўваюць на трываласць знешнія абставіны. Падкрэсліў, што ўстаноўка Кіраўніка дзяржавы – не толькі стабілізаваць сітуацыю, але і крочыць наперад. “Безумоўна, складана. Але мы гэта зробім, калі кожны раён здолее дабавіць хаця б у трох складальніках – экспарце, інвестыцыях і занятасці – і будзе сур’ёзна працаваць са стратнымі прадпрыемствамі. Патэнцыял ёсць, і яго трэба задзейнічаць”, – рэзюмаваў Міхаіл Мясніковіч.

    «Ляхавіцкі веснік»

     Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

    На фота: 1.Падчас рабочай паездкі ў Ляхавіцкі раён Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч пабываў на мясцовым ільнозаводзе.2. Падчас наведвання СААТ «Ляхавіцкі малочны завод».

    Автор: СвятланаБЕЛЬМАЧЛяхавіцкі веснік

Комментарии (0)